Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа супраць полацкага прадпрымальніка за абразу Лукашэнкі ня спыненая


Генадзь Берданеў
Генадзь Берданеў

Як сказаў Свабодзе Генадзь Берданеў, яго выклікалі ў Полацкі РАУС, дзе ён мусіў даць тлумачэньні наконт запісаў на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Там яму сказалі, што ягоны пляншэт, забраны амаль два месяцы таму, дагэтуль знаходзіцца на экспэртызе ў абласным сьледчым камітэце.

24 красавіка ў кватэру да актывіста, аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Генадзя Берданева прыйшлі прадстаўнікі Сьледчага камітэту. Сьледчы па асабліва важных справах Полацкага міжраённага аддзелу СК Руслан Лясовіч сказаў, што будзе праводзіцца ператрус паводле прыкметаў парушэньня артыкула 368 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за абразу прэзыдэнта. У выніку забралі пляншэт, зь якога, па вэрсіі сьледчых, прадпрымальнік выходзіў у сацыяльныя сеткі.

На думку спадара Берданева, абвінавачаньне было высунута за актыўнасьць у сацыяльнай сетцы «Одноклассники», у прыватнасьці, у групе «Надоел нам этот Лукашенко». А нагодай нібыта стала заява аднаго з калегаў, які «паведаміў органам, што Берданеў ня там, дзе трэба, ставіць «лайкі».

Спадар Берданеў не адмаўляе, што ставіў «лайкі» пад крытычнымі заўвагамі на адрас кіраўніцтва краіны. Але цьвердзіць, што не абражаў Аляксандра Лукашэнкі і нават ні разу не згадаў ягоную пасаду. Прадпрымальнік пэўны, што праверка даўно павінна была б скончыцца скасаваньнем гэтай справы, каб улады не імкнуліся ціснуць на яго за грамадзкую дзейнасьць:

«Мяне затрымлівалі і перад „маршамі недармаедаў“, і перад Днём Волі — заявіўшы, што я мог быць удзельнікам рабаваньня банку ў пасёлку Фарынава... Я адчуваю гэтую пільную ўвагу да сваёй пэрсоны, аднак грамадзкую дзейнасьць спыняць не зьбіраюся. Літаральна днямі разам зь іншымі прадпрымальнікамі мы праводзілі сход, запрасіўшы туды гарадзкія ўлады. Але з Полацкага гарвыканкаму да нас прыйшоў усяго адзін прадстаўнік, і ён так і не адказаў на нашы пытаньні. Ні пра магчымасьці спрошчанага гандлю заляжалым таварам, ні пра тое, што прадпрымальнікі хацелі б аказаць дапамогу дзецям-інвалідам і маламаёмным семʼям».

На думку Генадзя Берданева, яго адмыслова трымаюць «на кручку», каб ён выяўляў меней актыўнасьці. Аднак прадпрымальнік кажа, што яго не палохае нават імаверны суд па справе за абразу Лукашэнкі: ён лічыць, што яго прыедуць падтрымаць дзясяткі і нават сотні беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG