Такую ініцыятыву агучыў на вечарыне, прысьвечанай 135-годзьдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа, старшыня Магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў.
Імпрэзу да гадавіны песьняроў арганізавала аб’яднаньне «Кінавідэапракат» разам з магілёўскімі тэбээмаўцамі. Паглядзець дзьве дакумэнтальныя стужкі пра лёс пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячаў «Янка Купала. Я адплаціў народу...» і «Якуб Колас. Я — часовы вандроўнік» у найстарэйшы кінатэатар гораду "Чырвоная зорка«прыйшлі блізу ста пяцідзесяці чалавек.
Пра неабходнасьць усталяваньня помніка Янку Купалу сказаў Алег Дзьячкоў у сваім выступе. На ягоную думку помнік песьняру варта паставіць на магілёўскім замчышчы, якое ён назваў магілай льва ў сваёй аднайменнай паэме.
«Надышоў час, — казаў актывіст грамадзе,», — парупіцца магілёўцам аб ушанаваньні Янкі Купалу, які прысьвяціў нашаму гораду цэлую паэму. Помнік яму варта паставіць на магіле льва, у якой спачывае герой паэмы легендарны волат Машэка«.
Дзьячкоў нагадаў, што вуліца названая імем Купалы знаходзіцца ў прыватным сэктары і ня кожны магілёвец ведае, дзе яна. Прыгадаў, што ёсьць бібліятэка з імем Купалы, але яна на ўскрайку гораду.
На вечарыне чытаў свае вершы старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза пісьменьнікаў Беларусі Аляксандар Казека. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды ён адзначыў, што да ідэі ўвекавечыць Купалу ў помніку ставіцца «вельмі станоўча».
«Чаму не? Гэта будзе ў вяках, гэта будзе для нашых дзяцей. На сёньняшні дзень гэта дужа важна. Трэба гаварыць з уладамі і пачаць вырашэньне гэтага пытаньня», — сказаў старшыня арганізацыі праўладнага пісьменьніцкага саюзу.
«Такія вечарыны, як сёньняшняя варта ладзіць часьцей, — дадаў ён. — Гэта дужа вартая вечарына».
Увосень «Кінавідэапракат» і ТБМ зьбіраюцца паказаць стужку Алеся Адамовіча «Ідзі і глядзі», на дзень народзінаў Якуба Коласа, правесьці падобную да сёньняшняй вечарыну.