Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Расея: сваркі і пацалункі


Што вырашылі Беларусь і Расея на апошнім пасяджэньні саюзнага Саўміну?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Ігар Карней

Глод: Кіраўнік беларускага ўраду Андрэй Кабякоў пасьля сустрэчы са сваім расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым у рамках пасяджэньня Саўміну так званай саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбургу быў задаволены яе вынікамі. Журналістам ён сказаў, што Беларусь і Расея змаглі дамовіцца па цэлым шэрагу праблемных пытаньняў. У прыватнасьці, зьняць абмежаваньні ва ўзаемных пастаўках прадукцыі машынабудаваньня, аграпрамысловага комплексу. Тут праблема ў тым, што гэтыя галіны вельмі моцна датуюцца зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі і значна меней — з расейскага. Гэта робіць беларускія тавары больш таннымі на расейскім рынку, і такі дэмпінг выклікае незадаволенасьць расейскіх вытворцаў.

Аднак аптымізм беларускага прэм’ера неяк ня вельмі вяжацца зь ягонай наступнай цытатай: «У мэтах недапушчэньня ўзьнікненьня праблемных сытуацыяў пры пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі будзе працягнутае эфэктыўнае ўзаемадзеяньне па абмене апэратыўнай інфармацыі па лініі санітарных службаў і прыняцьце неабходных захадаў». То бок з гэтых словаў ніякага прынцыповага рашэньня ня бачна. Абмен інфармацыяй існаваў і раней. Аднак гэта не перашкаджала забароне шэрагу беларускіх аграрных прадпрыемстваў вывозіць сваю прадукцыю на расейскі рынак.

Ці будзе для Беларусі цана на газ фіксаванай, і ў якой валюце будуць праводзіцца разьлікі?

Не дадае аптымізму і нядаўняя заява прэсавага сакратара Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Канстанціна Шалькевіча пра тое, што міністэрства пакуль не завяршыла праверку па справе ў дачыненьні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данквэрта. Расейскі чыноўнік паведаміў, што атрымаў запыт ад пракуратуры з нагоды абвінавачваньняў з боку Беларусі. Паводле яго словаў, запыт праваахоўных органаў зьвязаны з забаронай Расеі на пастаўкі прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Такім чынам, выглядае, што беларускі бок ня хоча спыніцца ў барацьбе за доступ на расейскі рынак. А гэта, зразумела, ацяжарвае двухбаковыя дачыненьні. Машынабудаваньне, харчы і г.д., безумоўна, важныя рэчы. Але стратэгічнымі ў дачыненьнях дзьвюх краінаў застаецца праблема энэрганосьбітаў. Пасьля сустрэчы прэм’ераў прагучала паведамленьне, што ствараецца адзіны рынак нафты і газу, перамовы прызначаныя на канец чэрвеня. Пакуль жа зьявілася інфармацыя, што Масква сёлета мае намер павялічыць пастаўкі газу ў Беларусь на 7,5%, да 20 мільярдаў кубамэтраў.

Аднак тут узьнікаюць два пытаньні: ці будзе для Беларусі цана на газ фіксаванай, і ў якой валюце будуць праводзіцца разьлікі? На піцерскай сустрэчы спадар Кабякоў заявіў, што Беларусь хоча цану, супастаўную з тымі, якія існуюць у яе партнэраў па Эўразійскім эканамічным саюзе. Зразумела, што у гэтых словах хаваецца намёк на Армэнію, якая плаціць за расейскі газ меней за Беларусь. Аднак Армэнія бяднейшая за Беларусь краіна. Да таго ж на тэрыторыі Армэніі існуе расейская вайсковая база, дзе месьцяцца стратэгічныя ракеты «Іскандэр», да якіх армянскіх вайскоўцаў не дапускаюць. Там усё выключна ў руках расейцаў.

Што тычыцца валютнай аплаты за энэрганосьбіты, то тут беларускі прэм’ер кажа, што пераход на расейскі рубель замест даляра можа адбыцца да 2020 году. Незразумела, чаму так позна. Памятаю, яшчэ тры гады таму я пытаўся ў расейскага амбасадара Сурыкава, чаму дзьве краіны не пераходзяць у разьліках за энэрганосьбіты на расейскі рубель. Тады ён адказаў, што трэба гэта рабіць як мага хутчэй. Аднак усё застаецца па-ранейшаму. А Мядзьведзеў у Санкт-Пецярбургу сказаў, што трэба працаваць у гэтым кірунку, каб не назапашваліся новыя праблемы.

Карацей, даволі дзіўная атрымліваецца агульная карціна. Паводле беларускіх мэдыяў, амаль усе складныя пытаньні ўжо вырашаныя. Расейскія СМІ пішуць пра іншае — галоўныя перамовы яшчэ наперадзе. Таму ў мяне ўзьнікае ўражаньне, што прэм’ер Андрэй Кабякоў хоча выдаць жаданае за сапраўднае. Ці пагаджаецеся вы, калегі, з такім меркаваньнем?

Карней: Нават з афіцыйных паведамленьняў пра пасяджэньне вынікае, што пытаньні ня толькі ня вырашаныя, а абрасьлі яшчэ большай колькасьцю праблемаў. І тычыцца гэта практычна ўсіх сфэраў — і эканомікі, і палітыкі, і нават сумеснага пражываньня. Напрыклад, Расея не на жарт устрывожылася «дзіркай» у саюзнай мяжы з боку Беларусі.

Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Беларусь можа не спадзявацца на нейкі тарыфны плян — маўляў, фіксаваных цэнаў не было нават у Савецкім Саюзе.

Кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў выказаў незадаволенасьць, што без папярэдняй кансультацыі беларускія сябры прынялі рашэньне аб свабодным уезьдзе на сваю тэрыторыю грамадзянаў з 80 краінаў сьвету. Па сутнасьці, адзначыў ён, на ўсю тэрыторыю саюзнай дзяржавы. Як вынік, у Расею могуць трапіць непажаданыя асобы, якія здольныя ўчыніць злачынствы. Менавіта таму ініцыяваны новы парадак перасячэньня расейскай мяжы грамадзянамі, якія прыбылі авіярэйсамі зь Менску — празь міжнародныя тэрміналы з памежным кантролем.

Ягоны беларускі калега Андрэй Кабякоў выявіў нязвыклую прынцыповасьць і дазволіў, што называецца, агрызнуцца: у Менску ня лічыць, што прынятыя паслабленьні пагоршылі сытуацыю зь бясьпекай. Па яго словах, «бязьвізавыя» грамадзяне адрозьніваюцца ад «візавых» толькі тым, што ня плацяць за візу. Усё астатнія працэдуры захаваныя. І калі для расейскіх партнэраў гэта прадмет заклапочанасьці, то, паставіў пытаньне рубам Кабякоў, Беларусь таксама мае права патрабаваць, каб яе грамадзяне перасякалі мяжу ў любых кропках расейска-беларускай прасторы без праблемаў, якія паўсталі апошнім часам.

Іншае прынцыповае пытаньне — цэны на энэрганосьбіты, ад якіх у значнай ступені залежыць беларускі бюджэт. Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Беларусь можа не спадзявацца на нейкі тарыфны плян — маўляў, фіксаваных цэнаў не было нават у Савецкім Саюзе.

Зразумела, што Андрэю Кабякову давялося апраўдвацца, што Беларусь не шукае прэфэрэнцыяў, але хоча мець цану, супастаўную з цэнамі для яе партнэраў па Эўразійскім эканамічным саюзе.

Што ўжо казаць пра пэрманэнтныя мяса-малочныя войны? Беларусь прапанавала Расеі паскорыць вырашэньне пытаньняў з пастаўкамі сельгаспрадукцыі. Кабякоў перакананы, што бакі маглі б працаваць больш эфэктыўна і хутчэй вырашаць бягучыя праблемы. У гэтай сувязі беларускі прэм’ер ускладае надзеі на працу групы «Лябараторны кантроль», якая мусіць даваць аб’ектыўную ацэнку неадпаведнасьці санітарным нормам прадукцыі, якая паступае зь Беларусі ў Расею. Мядзьведзеў пагадзіўся, але нічога канкрэтнага не сказаў.

Тым часам Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пакуль не завяршыла перадсьледчую праверку ў дачыненьні да кіраўніка «Рассельгаснагляду». Варта нагадаць, што сёлета ў лютым Аляксандар Лукашэнка даручыў праваахоўным органам распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да Сяргея Данквэрта пасьля таго, як той сваім загадам некалькі разоў абмяжоўваў пастаўкі беларускага мяса і малака ў Расею.

У траўні міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч паведаміў, што праверка датычнасьці чыноўнікаў «Рассельгаснагляду» да дыскрэдытацыі беларускіх вытворцаў працягваецца, пасьля чаго матэрыялы будуць перададзеныя ў Сьледчы камітэт.

Сам Данквэрт заяўляў, што лічыць правільным распачаць крымінальную справу ня супраць сябе, а супраць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі — найперш за ўхіленьне ад супрацоўніцтва з «Рассельгаснаглядам» дзеля выяўленьня санкцыйных прадуктаў на межах Беларусі з Эўразьвязам.

Выглядае, што праблемаў у саюзным будаўніцтве істотна больш, чым нагодаў да сьпічаў пра бесклапотнае існаваньне.

Дракахруст: Мне здаецца, што ўсё спазнаецца ў параўнаньні. Так, праблемаў застаецца вельмі шмат. Але калі мы параўнаем сытуацыю з той, што была напачатку году, зь мінулым годам, то цяпер двухбаковыя стасункі значна больш лагодныя.

Быў вельмі востры канфлікт і па газу, і па нафце, калі былі фактычна ўведзеныя санкцыі з боку РФ — былі скарочаныя пастаўкі нафты ў Беларусь. Зараз гэта ўсё ў мінулым.

Адзіны сур’ёзны «цьвік», які застаецца ў двухбаковых адносінах — гэта канфлікт вакол паставак беларускага харчаваньня на расейскі рынак.

Па газе Лукашэнка і Пуцін дамовіліся напачатку красавіка ў тым жа Санкт-Пецярбургу. Беларусь прызнала доўг, выплаціла яго. Расея аднавіла пастаўкі нафты ў ранейшым аб’еме, прыйшоў крэдыт ад Эўразійскага фонду, днямі кіраўнік міністэрства фінансаў Беларусі паведаміў, што блізкія да завяршэньня перамовы пра яшчэ адзін расейскі крэдыт.

Так што па найбольш вострых пытаньнях кампраміс дасягнуты.

Тое, што абмяркоўвалі Кабякоў і Мядзьведзеў у Санкт-Пецярбургу — гэта, па сутнасьці, цягучка. Пэўныя праблемы ўзьнікаюць увесь час, розныя інтарэсы бакоў.

Адзіны сур’ёзны «цьвік», які застаецца ў двухбаковых адносінах — гэта канфлікт вакол паставак беларускага харчаваньня на расейскі рынак, вакол палітыкі кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данквэрта, які рэгулярна ўводзіць забароны на пастаўкі харчаваньня ў Расею з пэўных беларускіх прадпрыемстваў.

Выглядае, што на перамовах Кабякова і Мядзьведзева не было дасягнута ніякага прагрэсу ў вырашэньні гэтага пытаньня. Гэты канфлікт працягвае трымаць. Аднак калі параўноўваць зь леташняй сытуацыяй, то цяперашнія супярэчнасьці выглядаюць як амаль поўная ўзаемная згода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG