Парлямэнт Літвы 15 чэрвеня прыняў закон, які сьцьвярджае, што атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.
Як паведамляе інфармацыйны рэсурс Delfi.lt, за прыняцьце закону прагаласавалі 104 дэпутаты. Кіраўнік парлямэнцкага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Вітаўтас Бакас сказаў, што закон будзе мець вялікае значэньне «як у сярэдняй, так і доўгатэрміновай пэрспэктыве». Бакас дадаў, што, будуючы небясьпечную электрастанцыю, Беларусь парушае тры міжнародныя канвэнцыі, а сам праект АЭС зьяўляецца непразрыстым.
Сойм Літвы нядаўна прыняў закон, якім прадугледжвае абмежаваньне імпарту электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі. Астравецкую АЭС будуе расейская карпарацыя «Росатом» усяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Літоўскі ўрад сьцьвярджае, што працы вядуцца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Менск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.