Памёр адзіны сын старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Аляксею Ярмошыну было 40 гадоў, апошнія гады ён працаваў адвакатам у Менскай абласной спэцыялізаванай кансультацыі № 2, раней быў намесьнікам пракурора Фрунзенскага раёну Менску. Вядома, што Аляксей Ярмошын ня меў жонкі і дзяцей.
Інфармацыю пра сьмерць Аляксея Ярмошына Свабодзе пацьвердзілі ягоныя калегі. Прычыны сьмерці адваката пакуль невядомыя.
Прычыны сьмерці пакуль не называюцца.
Аляксей Ярмошын скончыў юрфак БДУ. Спачатку працаваў у пракуратуры, апошнімі гадамі — у адвакатуры.
У адным з інтэрвію Лідзія Ярмошына паведамляла, што сын жанаты ня быў, дзяцей у яго таксама няма, ён жыў разам з маці ў элітным пасёлку Дразды пад Менскам. Бацькі Аляксея даўно ў разводзе. У апошніх інтэрвію Ярмошына казала, што былы муж жыве ў Расеі.
У сацыяльных сетках Аляксей часта публікаваў фота з турыстычных паездак па Эўропе. Калі маці выключылі з «чорнага сьпісу» неўязных у ЭЗ, яны пачалі падарожнічаць разам.
Апошняя гучная справа, па якой працаваў Аляксей, зьвязаная з незаконнымі зьдзелкамі з нерухомасьцю, паведамляе БепаПАН. Ён абараняў Сяргея Ліхадзіеўскага — ключавога фігуранта справы «чорных рыэлтараў» у Бабруйску. Паводле вэрсіі сьледзтва, зламысьнікі на працягу 10 гадоў правялі каля 30 зьдзелак з нерухомасьцю і атрымалі зь іх больш за 10 млрд рублёў (да дэнамінацыі). Па справе праходзіла 29 пацярпелых. Некаторыя ўдзельнікі працэсу былі таксама фігурантамі «справы Молнара» — крымінальнага аўтарытэта з Бабруйску.