Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня грамадзяне Ўкраіны могуць наведваць краіны Эўразьвязу бязь візы


Ілюстрацыйнае фота. Сьвяткаваньне бязьвізавага рэжыму паміж Украінай і Эўразьвязам. Запарожжа, 10 чэрвеня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Сьвяткаваньне бязьвізавага рэжыму паміж Украінай і Эўразьвязам. Запарожжа, 10 чэрвеня 2017 году

Новаўвядзеньне датычыць таксама краінаў Шэнгенскай зоны. Для бязьвізавага ўезду неабходна мець біямэтрычны пашпарт.

11 чэрвеня набыло моц рашэньне Рады Эўрапейскага Зьвязу, згодна зь якім грамадзяне Ўкраіны, якія маюць біямэтрычныя пашпарты, могуць наведваць краіны Эўразьвязу і Шэнгенскай зоны бязь візы. Выключэньнем застаюцца толькі Вялікая Брытанія і Ірляндыя.

Бязьвізавы рэжым паміж Эўразьвязам і Ўкраінай дазволіць украінцам свабодна знаходзіцца і перамяшчацца па тэрыторыі Эўразьвязу на працягу 90 дзён за пэрыяд ня больш чым 180 дзён. У той жа час бязьвізавы рэжым не датычыць паездак, якія зьдзяйсьняюцца з камэрцыйнымі мэтамі альбо з працоўнымі. Для гэтага неабходна атрымаць адпаведную візу. Таксама віза спатрэбіцца для знаходжаньня на тэрыторыі Эўразьвязу на працягу больш чым 90 дзён запар.

Для перасячэньня мяжы з Эўразьвязам бязь візы грамадзянам Украіны неабходна мець пры сабе біямэтрычны пашпарт, неабходную на тэрмін паездкі суму грошай, дакумэнты, якія пацьвярджаюць мэту паездкі і месца пражываньня на тэрыторыі Эўразьвязу, мэдыцынскую страхоўку і страхоўку на аўтамабіль, калі паездка адбываецца на ўласным аўто.

Першыя паведамленьні аб бязьвізавым перамяшчэньні грамадзян Украіны празь мяжу з Эўразьвязам пачалі паступаць уначы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG