Горадзенскі абласны суд адмяніў рашэньне Ваўкавыскага раённага суду, паводле якога Натальля Буданава была асуджаная на штраф у 13 базавых велічыняў за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 26 сакавіка. Паводле новага рашэньня Буданавай вынесена толькі папярэджаньне. Але яна ня згодная і з гэтым.
Актывістка з Ваўкавыску Натальля Буданава падала скаргу ў абласны суд на рашэньне Ваўкавыскага раённага суду, паводле якога яе аштрафавалі за ўдзел у нібыта масавым мерапрыемстве 26 сакавіка на плошчы Леніна ў горадзе Ваўкавыску.
Горадзенскі абласны суд пры разглядзе скаргі прыняў да ведама сьведчаньні міліцыянтаў, паводле якіх Буданава брала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Іхныя паказаньні суд Ваўкавыскага раёну прызнаў дакладнымі, дапушчальнымі доказамі.
Аднак пры вызначэньні спагнаньня абласны суд улічыў і тое, што жанчына раней не прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці, і замяніў прызначанае спагнаньне ў выглядзе штрафу на папярэджаньне. У астатняй частцы суд пакінуў пастанову бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня.
Натальля Буданава сказала Свабодзе, што не задаволеная рашэньнем абласнога суду, бо лічыць сябе зусім невінаватай:
«У Ваўкавыску тады не было ніякага мітынгу, некалькі чалавек стаялі на плошчы. Нас судзілі ўсіх як удзельнікаў, але нічога ніхто нават не згадаў пра арганізатараў. Я і тады ў судзе казала, і зараз паўтару, што самі міліцыянты, якія сьведчылі супраць нас, і прыдумалі гэты мітынг. А значыцца, яны і ёсьць яго арганізатары».
У Ваўкавыску за нібыта ўдзел у мітынгу 26 сакавіка былі таксама асуджаныя браты Сяргей і Аляксандар Курʼяновічы — аштрафаваныя на 12 базавых велічыняў (276 рублёў), жыхар гораду Леанід Прэдка — на 12 базавых велічыняў, пэнсіянэрка Галіна Здановіч — на 2 базавыя (46 рублёў). Ніхто зь іх сваёй віны не прызнаў. Усе ў судзе казалі, што ніякага мітынгу насамрэч не было, некалькі чалавек проста стаялі на плошчы. Скаргаў у абласны суд, апроч Буданавай, больш ніхто не падаваў.