Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бульбу атрымаем, але не свабоду». Топ-11 цытатаў Статкевіча з выступу ў Гомлі


Мікалай Статкевіч выступае ў амфітэатры грамадзка-палітычнага цэнтру
Мікалай Статкевіч выступае ў амфітэатры грамадзка-палітычнага цэнтру

Дэмакратычныя актывісты Гомля на сустрэчы зь лідэрам Беларускага нацыянальнага кангрэсу, экс-кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Мікалаем Статкевічам аднагалосна падтрымалі прапанову працягнуць вулічныя грамадзкія акцыі.

Сам Статкевіч выказаўся пра шэраг падзеяў, важных для грамадзянскай супольнасьці Беларусі, у тым ліку й адказваючы на пытаньні гомельцаў.

Уладзе патрэбныя ня лідэры, а халуі

«Я ўсьцешаны тым, што адбылося сёлета ўвесну. Мы ўбачылі ня толькі народ, мы ўбачылі лідэраў — яркіх, харызматычных. Вясна паказала нам, што Беларусь багатая на розныя таленты, у тым ліку й на людзей з талентамі лідэрства. Яны не запатрабаваныя, бо цяперашняй уладзе патрэбныя людзі з талентам халуйства, прыстасаваньня, дагаджаньня. Такія гатовыя гандляваць сумленьнем дзеля нейкіх дабротаў».

Ня зьменім сыстэму — будзем у пралёце

«З чаго будзем жыць? Расея нешта даць Беларусі ня зможа — нафта дарагой ўжо ня будзе, кошт яе будзе падаць. У сьвеце існуе новая энэргетыка — выгадней паставіць сонечную батарэю. У электрамабілях каэфіцыент карыснага дзеяньня ў чатыры разы вышэйшы, чым у звычайных. Выходзяць на вуліцы аўтамабілі-бесьпілотнікі. Што ў нас застанецца — калійныя ўгнаеньні, фэрмы? Дык Расея неўзабаве сваіх фэрмаў набудуе. Не пасьпеем азірнуцца, як зноў застанемся ў хвасьце. Ня зьменім сыстэму — будзем у пралёце».

У асяродку актывістаў
У асяродку актывістаў

Страшна ісьці на плошчу

«Страшна ўставаць з акопу. Страшна ўставаць ды ісьці на плошчу. Многія людзі яшчэ баяцца, што пацерпяць. Мы будзем пакараныя за свой страх. Тыя, хто пабаяўся, — за іхны страх адкажуць дзеці, нашчадкі. Што мы пакінем, калі моладзь зьяжджае? Тэрыторыю, якая вымірае? Адных пэнсіянэраў? І пасьля нашу тэрыторыю зоймуць людзі іншай культуры, якая нам і не пасуе, і яны будуць успрымаць нас, як нешта ніжэйшае і варожае».

Пры Лукашэнку зьмены немагчымыя

«Як можна зьмяніць сытуацыю? Мне шлюць шмат прапановаў: сабраць подпісы, аб’явіць імпічмэнт, зьмяніць Канстытуцыю. Але ўся праблема ў тым, што рэалізаваць гэтыя прапановы можа толькі ўлада і ніхто іншы. Яна на гэта ніколі ня пойдзе. Аляксандар Лукашэнка ўчыніў шэраг злачынстваў — я адказваю за свае словы, — адно зь якіх лёгка даказваецца: ён неканстытуцыйным шляхам прадоўжыў свае паўнамоцтвы. Пры гэтым былі выкрадзеныя і забітыя людзі, якія гэтаму перашкаджалі... Пры ім ніякія зьмены немагчымыя. Я не заклікаю да рэвалюцыяў, бо рэвалюцыі — гэта кроў. Ён ня стане сам, як кажа, з аўтаматам з сынамі. Ён схаваецца ў склеп. Мы гэта ўжо праходзілі ў 1999 годзе, калі ён здаваў незалежнасьць Маскве. Людзі выйшлі на плошчу на Марш свабоды, і там былі сапраўдныя сутычкі. Ён пашле маладых хлопцаў. Дык што, мы будзем адзін аднаго забіваць?».

Каб зьмяніць уладу, трэба, каб 3% выйшлі на вуліцу

«Мы пачалі кампанію, якая завецца „Беларускі нацыянальны кангрэс — уладу народу“. Калі народ ня верне ўладу, як тое запісана ў Канстытуцыі, ня верне права выбіраць і мяняць любыя органы ўлады на сумленных выбарах, маючы поўную інфармацыю пра дзейнасьць улады, то нічога ня зьменіцца. Кампанію гэтую вядзём мірным чынам. Палітолягі кажуць: каб зьмяніць уладу мірным шляхам, дастаткова, каб на вуліцы выйшлі тры адсоткі насельніцтва. Мы з вамі выйшлі, пацярпелі праз гэта, прынялі ўдар на сябе. Але пакуль што нас аказалася мала для пераменаў. Набярэмся сілаў і мужнасьці. Нам давядзецца ў наступныя месяцы, год ці два зьмяніць гэтую сытуацыю».

Вярнуць Дзень вызваленьня

«Рада БНК прыняла рашэньне правесьці буйную акцыю 3 ліпеня. Лета ў палітыцы лічыцца мёртвым сэзонам — усё разьяжджаюцца на адпачынак, на лецішчы. Але калі мы будзем барацьбу за свабоду ўзгадняць з сельскагаспадарчым цыклям, з цыклям вырошчваньня бульбы, то, магчыма, бульбу атрымаем, але не атрымаем свабоды.

Нам трэба вярнуць дату 3 ліпеня як Дзень вызваленьня ад гітлераўскіх захопнікаў. Дата вельмі важная, бо за яе аддаў жыцьцё кожны трэці беларус. Замяніўшы Дзень вызваленьня на Дзень Незалежнасьці, мы ня маем ні таго, ні другога. 3 ліпеня Беларусь ніякай незалежнасьці не атрымала. Трэба вярнуць гэтую дату і слова „вызваленьне“ — яно вельмі ёмістае. Настала пара думаць, як вызваляць краіну ад унутранай акупацыі; падумаць, як не дапусьціць вонкавай акупацыі. І пара вызваляць сябе. На парад і руйнаваньне танкамі ды самаходкамі асфальту ў Менску выдаткоўваецца 50 мільёнаў, і гэта лічыцца малымі грашыма. Праз ганебны падатак на беспрацоўных ўлады меліся сабраць, здаецца, 22 мільёны даляраў у эквіваленце».

Афіцыйная ідэалёгія: хакей, палацы, Коля

«Сьвята 3 ліпеня выкарыстоўваецца цяпер як нейкая ідэалёгія. У Лукашэнкі павінна застацца ягоная ідэалёгія з трох кампанэнтаў: калядны хакейны турнір — раз, палацы ягоныя — два, „прынц“ Коля — тры».

«Не давайце грошай рэжыму»

«Рэжым паразытарны і несамадастатковы. Ён ня можа існаваць без замежнай дапамогі. Ён існаваў столькі гадоў, бо ў Расеі было шмат грошай, былі высокія цэны на нафту, і яго ўтрымлівалі. Цяпер у самой Расеі вельмі складаная сытуацыя, і яна зьменшыла датацыі. Грошай у рэжыму бракуе на утрыманьне міліцыі і ўсялякіх паказных праектаў. Рэжым спрабуе балянсаваць і знайсьці грошы на Захадзе, атрымаць там крэдыты, каб заставацца ва ўладзе. Крэдыты трэба будзе вяртаць наступнаму пакаленьню. Я наўпрост зьвяртаюся: «Не давайце грошай».

Пытаньне да Статкевіча
Пытаньне да Статкевіча

Лукашэнка баіцца свайго народу

«Калі б у выпадку пагрозы анэксіі Лукашэнка бараніў незалежнасьць Беларусі, мы павінны былі б бараніць яе разам зь ім. А што значыць на яго пасадзе бараніць незалежнасьць? Гэта значыць, абвясьціць мабілізацыю і даць народу зброю. Я адказна заяўляю: ён на гэта ніколі ня пойдзе, бо ён баіцца свайго народу больш, чым страты незалежнасьці. Сьвежы прыклад. Былі хлопцы-патрыёты, якія ня лезьлі ў палітыку, самі рыхтаваліся ды іншых рыхтавалі бараніць незалежнасьць разам з Лукашэнкам (маецца на ўвазе „Белы легіён“). Яму спатрэбіліся нейкія доказы барацьбы з тэрарыстамі — схапілі хлопцаў, круцяць іх там, катуюць. Некаторыя зразумець ня могуць, за што? Калі будзе пагроза незалежнасьці, бараніць яе давядзецца народу».

Вучэньні і вэрбаваньне

«Кажуць цяпер пра небясьпеку беларуска-расейскіх вучэньняў. Яны сапраўды небясьпечныя, прыедзе некалькі тысяч расейскіх салдатаў. Пагроза яшчэ і ў тым, што праз кантакты яны выкарыстоўваюцца для вэрбаваньня. Плюс яшчэ розьніца ў заробках, заявы кшталту „ў нас жа адзіная дзяржава“, адсутнасьць належнага патрыятычнага выхаваньня ў войску і грамадзтве».

Усё будзе па-мужчынску сур’ёзна

Палітыкі ў Менску ня могуць аб’яднацца — гэта сабатаж і нежаданьне да аб’яднаньня. Прычыны наступныя: страх аб’яднаньня з тымі, хто будзе змагацца. Усе ведаюць, што ў пэўнай ступені тут «маркер», «сыгнал» — Статкевіч. Гульні ў апазыцыю, імітацыі ня будзе. Будзе ўсё па-мужчынску сур’ёзна. Калі ісьці сюды, можна трапіць у турму, нарвацца на непрыемнасьці. Пяць гадоў у цэнтры Менску не было масавых акцыяў — гэта паказальна. Ёсьць боязь, што пры аб’яднаньні некаторыя проста згубяцца. І яшчэ. У нашай культуры прынята абвінавачваць апанэнтаў у супрацоўніцтве са спэцслужбамі. Праблема такая ёсьць, і цяжка дамаўляцца зь людзьмі, якія не зусім самастойныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG