Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалы пашкодзілі манумэнт ахвярам сталінізму пад Воршай


Валадар Шушкевіч з унукам каля самаробнага мэмарыялу на Кабыляцкай гары
Валадар Шушкевіч з унукам каля самаробнага мэмарыялу на Кабыляцкай гары

У месцы масавых бальшавіцкіх расстрэлаў на Кабыляцкай гары, што пад Воршай, вандалы зламалі шыльду, дзе згаданы «польскі шпіён Тарэнта Шушкевіч», паведаміў мясцовы сайт orsha.eu. Паводле парталу, «вандалы-нэакамуністы часта наведваюць мэмарыялы ў памяць палеглых ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў».

Гэтую шыльду колькі гадоў таму ўсталяваў у памяць пра свайго дзеда лепельскі краязнаўца Валадар Шушкевіч. Ён распавёў Свабодзе:

«Шыльда была зробленая знарок са зьдзеклівым надпісам, бо сапраўдным зьдзекам было тое, што рабілі зь людзьмі НКУСаўцы. Мой дзед Цярэнці (Тарэнта) быў расстраляны ў аршанскай турме як шпіён польскай выведкі, бо нібыта такая групоўка была ў вёсцы Верабкі Лепельскага раёну. Такая афіцыйная вэрсія, так пазначана ў дакумэнтах пра рэабілітацыю. А праўду пра яго «шпіёнскую дзейнасьць мне расказала бабуля, Анэта Міхайлаўна Парфіновіч — у замужжы ўжо Шушкевіч. Яна працавала ў той час на фэрме, і туды прыйшоў калгасны актывіст, каб выбраць сабе карову. На гэта быў дазвол, так тады рабілася. Але ён захацеў сабе ўзяць самую лепшую карову, і бабуля не дазволіла. Так і сказала: „Ня дам!“. Ён прыгразіўся: „Будзеш плакаць крывавымі сьлязьмі“. І напісаў данос пра групоўку выведкі. Дарэчы, у „польскія шпіёны“ тады трапілі 10 чалавек аднавяскоўцаў. 9 зь іх пасьля катаргі вярнуліся. А мой дзед не прызнаў абвінавачаньня і адзіны з 10 быў расстраляны».

Так мэмарыял выглядаў да нападу вандалаў
Так мэмарыял выглядаў да нападу вандалаў

Шушкевіч абураны ўчынкам вандалаў. Але гэтую шыльду, кажа ён, усё адно плянаваў замяніць на нешта больш грунтоўнае якраз на будучыя Дзяды. Цяпер адкладаць няма куды, трэба пачынаць рабіць.

Шушкевіч лічыць, што Кабыляцкая гара — урочышча пад Воршай — найбольш верагоднае месца згубы ягонага дзеда. Яно было афіцыйна прызнанае месцам згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў яшчэ раней за менскія Курапаты. Тут у часы перабудовы нават быў мэмарыяльны знак. Аднак зь яго скралі шыльду, а займацца аднаўленьнем мясцовыя ўлады ўжо ня сталі, добраўпарадкаваньнем таксама. Цяпер прыбіраньне гэтага месца стала клопатам мясцовых актывістаў, якія штогод зьбіраюцца тут на Дзяды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG