Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы запусьцілі нацыянальную сацсетку замест «УКантакце». Як яно там?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля блякаваньня ад 15 траўня шэрагу расейскіх сэрвісаў ва Ўкраіне, у тым ліку расейскіх сацсетак «ВКонтакте», «Одноклассники» і «Мой мир» і пошукавіка «Яндекс», частка ўкраінцаў перабралася на Facebook. Але далёка ня ўся. Для тых, хто не перабраўся, стварылі нацыянальную ўкраінскую сацсетку.

Зусім-зусім заблякавалі?

Калі цяпер на Facebook 8,6 млн украінцаў, то «ВКонтакте» мае па-ранейшаму 27,6 млн акаўнтаў украінцаў, у «Одноклассниках» 25,6 млн украінцаў.

Якая частка зь іх мае доступ да сайту ў абыход блякаваньня, невядома. Але на раніцу 8 чэрвеня актыўнымі «ВКонтакте» былі 1,67% зарэгістраваных карыстальнікаў з Украіны (у тым ліку анэксаванага Расеяй Крыму і з тэрыторыяў пад кантролем так званым «ДНР» і «ЛНР»), а зь Беларусі ў той жа час былі 4,43% ад зарэгістраваных 5,3 млн беларусаў. У «Одноклассниках» былі актыўнымі 0,73% зарэгістраваных украінцаў і 1,77% зарэгістраваных беларусаў.

Беларусы пра забарону расейскіх сацыяльных сетак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00

Расейскія сэрвісы пасьля навіны аб забароне ва Ўкраіне самі падказвалі сваім карыстальнікам адтуль, як абысьці блякаваньне. Падказаныя імі мэтады таксама даюць магчымасьць расейцам трапіць на заблякаваныя ў Расеі сайты, але «Раскамнагляд» пакуль не абураўся распаўсюдам такіх рэкамэндацыяў, хоць раней прапаноўваў увесьці адміністрацыйную адказнасьць за такія дзеяньні.

Навошта заблякавалі?

Расея і Ўкраіна фактычна знаходзяцца ў стане неаб’яўленай вайны, частка тэрыторыі Ўкраіны анэксаваная Расеяй, частка — пад кантролем прарасейскіх груповак.

10 фактаў пра «ЎКантакце»

Пры гэтым расейскія сацсеткі нельга назваць незалежнымі ад уладаў: фармальна яны належаць прыватнай Mail.ru Group, але тая ў сваю чаргу зьвязаная з праўладным бізнэсоўцам Алішэрам Усманавым, часткова кантралюецца зьвязаным са «Сбербанком» апэратарам «МегаФон».

Сацсеткі заяўляюць, што выдаюць зьвесткі карыстальнікаў толькі на законныя запыты спэцслужбаў, але не паведамляюць, колькі такіх запытаў задаволілі. Стваральнік «ВКонтакте» Павал Дураў заяўляў, што мусіў пакінуць пасаду дырэктара сацсеткі пасьля канфлікту з уладамі праз патрабаваньні тых выдаць асабістыя зьвесткі арганізатараў суполак украінскага «Эўрамайдану» і патрабаваньні закрыць суполкі прыхільнікаў апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

Можа здавацца, што шараговым украінцам ня будзе асаблівай шкоды, калі расейскія спэцслужбы стануць чытаць іх перапіску. Але па-першае, расейскія спэцслужбы могуць чытаць перапіску ў тым ліку шараговых украінскіх вайскоўцаў, а па-другое, аналізаваць вялікія аб’ёмы зьвестак (big data) пра ўкраінцаў. Празь big data можна даведацца, напрыклад, ня толькі пра папулярнасьць і аўдыторыю ва Ўкраіне расейскага прапагандыста Дзьмітрыя Кісялёва, але і пра звычайныя маршруты жыхароў прыфрантавога Марыюпалю.

Выява ў адным з расьсьледаваньняў Bellingcat, зробленых паводле адкрытых зьвестак у сацсетках
Выява ў адным з расьсьледаваньняў Bellingcat, зробленых паводле адкрытых зьвестак у сацсетках

Адваротны прыклад — расьсьледаваньні Bellingcat, якія на падставе адкрытых зьвестак, якія публікуюць самі расейскія вайскоўцы, даказваюць сувязь Расеі з «сэпаратыстамі» на Данбасе. Bellingcat нічога ня ўзломвае, а толькі аналізуе тое, што выкладваюць у агульны доступ самі карыстальнікі. Тэарэтычна, маючы ня толькі адкрытыя зьвесткі, а яшчэ і закрытыя, Расея можа раскрыць шмат дзяржаўных сакрэтаў Украіны.

Маўклівыя і замкнёныя «Ўкраінцы»

На замену заблякаваным сэрвісам ва Ўкраіне вырашылі запусьціць уласную нацыянальную сацсетку Ukrainians. Пра стварэньне яе абвясьцілі 17 траўня, на сёньня паведамляецца, што ў ёй зарэгістраваліся каля 82,4 тысячы чалавек. Мабільныя праграмы для Ukrainians пакуль не прадстаўленыя.

Ukrainians пакуль фактычна не функцыянуе (побач зь лягатыпам — надпіс «beta», які сьведчыць, што гэта толькі папярэдняя вэрсія): можна толькі зарэгістравацца і зьмяніць аватарку, але нельга шукаць сяброў, пісаць паведамленьні або слухаць музыку — гэтыя функцыі паказваюцца «замкнёнымі». Пакуль ёсьць толькі ўкраінамоўны інтэрфэйс, але распрацоўшчыкі зьбіраюцца дадаць інтэрфэйсы на расейскай, ангельскай ды іншых мовах.

Старонка сацсеткі месьціцца не на ўкраінскім дамэне .UA, а на калюмбійскім .CO. Ukrainians стварыла канадзкая кампанія StartupSoft. Дызайн галоўнай старонкі на сёньня нагадвае мінімалістычна-белы Instagram, а разьмяшчэньне блёкаў на старонцы падобнае да «ВКонтакте». У разьдзеле «Канфэдэнцыйнасьць» сьцьвярджаецца, што карыстальнікі абавязаныя рэгістравацца пад сапраўднымі імёнамі і даваць сапраўдныя зьвесткі пра сябе.

«На першым этапе мы зьвярнуліся да карыстальнікаў з пытаньнямі аб тым, ці патрэбна ім ўкраінская сацыяльная сетка, — кажа „Голасу Амэрыкі“ сузаснавальніца Ukrainians Аляксандра Струмчынская. — Неабходную колькасьць подпісаў на рэалізацыю гэтага праекту — пяць тысяч — сабралі значна хутчэй, чым плянавалася. Гэта было для нас заклікам і матывацыяй да запуску сацсеткі».

Нацыянальныя сацсеткі існуюць, але не заўсёды выжываюць

Ukrainians — далёка ня першая спроба стварыць нацыянальную ўкраінскую сацсетку. На сёньня актыўныя «Це Україна», Ukrface, WEUA, «Всі тут», «Друзі» (дзьве розныя пад аднолькавай назвай), UkrOpen, «Українці», «Цимбор», Famalyua, Livebook, Yachudo, «Одногрупники», Naps, «Вреале», «Сусіди» ды іншыя. Большая іх частка капіюе функцыі і інтэрфэйс «ВКонтакте». На некаторых паведамляецца пра сотні тысяч зарэгістраваных карыстальнікаў, але ці мае хоць адна прынамсі мільён, невядома.

Самыя папулярныя сацсеткі ў розных краінах сьвету паводле рэйтынгаў Alexa I SimilarWeb, выява з блогу vincos.it, CC BY-NC
Самыя папулярныя сацсеткі ў розных краінах сьвету паводле рэйтынгаў Alexa I SimilarWeb, выява з блогу vincos.it, CC BY-NC

У іншых краінах таксама існуюць нацыянальныя сацсеткі, але мала дзе іхная папулярнасьць перавышае папулярнасьць міжнародных Facebook, Twitter або Instagram — хіба ў Кітаі папулярныя ўласныя сацсеткі, бо міжнародныя заблякаваныя.

У краінах былога СССР, у тым ліку ў Беларусі, найбольш папулярныя якраз расейскія «ВКонтакте» і «Одноклассники». Але тыя пазыцыянуюць сябе міжнароднымі, а не нацыянальнымі — тая ж «ВКонтакте» перакладзеная на 80 моваў (плюс па два правапісы беларускай і ўкраінскай, тры — расейскай).

Нацыянальныя ж сацсеткі паступова выцясьняюцца міжнароднымі: яшчэ летась у Іране самай папулярнай сацсеткай была лякальная Facenama, сёлета ўжо Instagram. Трафік на Facenama падае, але сайт яшчэ актыўны. Два гады таму Facebook перамог лякальны Draugiem у Латвіі, які таксама застаўся актыўным. Большую частку нацыянальных сацсетак гіганты пасунулі зь першых пазыцыяў у 2009-2010 гадах, прайгралі гігантам і яшчэ актыўная польская Nasza-Klasa, і некалі папулярная ў Бразіліі, але ўжо закрытая Orkut.

У Беларусі таксама былі нацыянальныя сацсеткі, якія, тым ня меней, прайгралі расейскім. Апошняя зь іх, «Всети», праіснавала да 2014 году, меўшы 1,5 млн зарэгістраваных карыстальнікаў. Былі нават зусім лякальныя беларускія праекты кшталту закрытага на сёньня «ВДрогичине», які быў нацэлены на 15-тысячны горад Драгічын. Ды зь беларускіх сацсетак сёньня «жывая» хіба Parta.by з 28,4 тысячамі зарэгістраваных карыстальнікаў і «савецкім» дызайнам, што не абнаўляўся з 2009 году. Запускаецца, але ня мае амаль ніводнага карыстальніка, Face.by, які з сацсеткі ператварыўся ў сайт знаёмстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG