«Магу перадаць свой досьвед, у мяне ёсьць пэўны аўтарытэт»
Чаму існуючая колькасьць лядовых арэнаў не адбіваецца на якасьці хакею? Які сэнс траціцца на замежных трэнэраў, калі аналягічных вынікаў могуць дасягнуць і дамарослыя спэцыялісты? І ці не выглядае, што дарагі спорт беларусам навязваюць штучна?
Абмяркоўваем з Аляксеем Калюжным — адным з самых спрактыкаваных і ўганараваных беларускіх хакеістаў, шматгадовым капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі і менскага «Дынама». Клюшку ў рукі Аляксей узяў у 17-гадовым узросьце і за прамінулы час стаў уладальнікам цэлага шэрагу нацыянальных рэкордаў. Сёлета вэтэран заявіў пра завяршэньне кар’еры, і цяпер ён якраз у тым стане, калі можа ацаніць сытуацыю, знаходзячыся «па-над бойкай». Але спачатку — пра адаптацыю ў новых для сябе ўмовах.
— Аляксей, як перажываеце стан «па-за гульнёй»? Ці не хацелі б паўтарыць досьвед легендарнага Яраміра Ягра, які і ў 45 гадоў выступае ў НХЛ? На гэтым фоне 40-гадовы юбілей, які вы адзначыце праз тыдзень, выглядае сьціпла.
— Трэба разумець, што такія, як Ярамір Ягр — гэта ўнікальныя людзі, якія, нягледзячы на ўзрост, гуляюць на вельмі высокім узроўні. Але такіх адзінкі. Я завяршыў перш за ўсё таму, што зразумеў: маё здароўе ўжо не дазваляе гуляць так, як таго хоча мая галава. А паказваць узровень, які ня будзе задавальняць найперш мяне, не хачу.
Што тычыцца, як вы кажаце, пераходнага стану, безумоўна, гэта вялізная праблема для любога прафэсійнага спартоўца. Доўга выступаць і потым пачынаць новае жыцьцё зусім ня проста. Здараюцца сытуацыі, калі проста ня ведаеш, куды сябе падзець. Зь іншага боку, я стаў больш часу праводзіць зь сям’ёй, зь дзецьмі. Плюс у мяне добрыя сябры, якія разумець складанасьці цяперашняга стану і пастаянна некуды завуць, спрабуюць чымсьці заняць. У тым ліку наведваю спартовыя спаборніцтвы ў розных краінах. Як некалі прызвычаіўся жыць у паездках, дык і сёньня праводжу шмат часу ў дарозе.
— Зараз шмат гаворыцца, што трэба ўзмацняць айчыннымі спэцыялістамі і зборную, і клюбы. Магчыма, робіце для сябе аргвысновы на карысьць трэнэрскай працы?
— Вядома, мне гэта цікава. Да таго ж я скончыў Вышэйшую школу трэнэраў, у мяне ёсьць трэнэрская ліцэнзія Кантынэнтальнай хакейнай лігі (КХЛ). Мая дыплёмная праца прысьвечана прафэсійнай падрыхтоўцы хакеістаў. Таму, безумоўна, хацелася б знайсьці магчымасьць і рэалізоўваць сябе ў хакеі далей. Усё ж гэта ўсё маё жыцьцё, я жыву хакеем да гэтага часу. Нягледзячы на тое, што ўжо не гуляю, я ў курсе ўсіх навінаў, усіх апошніх тэндэнцый у нашым відзе.
— А калі з прыцэлам на галоўную зборную? Зразумела, што ня ўсё залежыць ад вас, але, як той казаў, раптам карта ляжа?
— Натуральна, калі я буду карысны ў штабе зборнай, такую прапанову прыму. Я разумею, што ў мяне няма вопыту, каб быць галоўным трэнэрам. Яшчэ шмат чаму трэба вучыцца. Але добра было б пабыць памочнікам у моцнага спэцыяліста, паназіраць, што і як ён робіць, набрацца досьведу, прымяніць нейкія свае веды. Я нядаўна прачытаў аўтабіяграфічную кнігу легендарнага Алекса Фэргюсана, зь цікавасьцю сачу за кар’ерай Жазэ Маўрыньё. Сёньня гэта футбольныя глыбы, але яны таксама пачыналі за сьпінамі вялікіх трэнэраў, што потым дазволіла ім будаваць уласную кар’еру. Вядома, было б прыемна атрымаць прапанову ад зборнай, паспрабаваць дапамагчы хлопцам. Я ведаю, што магу перадаць свой вопыт, у мяне ёсьць пэўны аўтарытэт. Было б цікава, чаму не?
«Прызначэньне Шапіры зьдзівіла, асабіста я такога не чакаў»
— На ваш погляд, больш плённа ставіць на дамарослага трэнэра, які сам варыцца ў сыстэме (а як у вашым выпадку, шмат з кім яшчэ нядаўна гулялі), ці наймаць зорку з-за мяжы?
— Тут два бакі. Зразумела, свайму прасьцей і ў сэнсе мовы, і мэнтальнасьці, і наогул у разуменьні адзін аднаго. Усё ж абсалютна рознае жыцьцё ў нас і дзесьці за акіянам. Не заўсёды запрошаныя спэцыялісты да канца ўсьведамляюць, чым жывуць гульцы ў нашай рэальнасьці. З другога боку, ёсьць складанасьці. Шмат зь якімі хлопцамі я гуляў, у нас склаліся сяброўскія стасункі. А гэта, у сваю чаргу, цяжка сумяшчаць з працай, у якой ёсьць і адказнасьць, і патрабавальнасьць. Таму таксама свае нюансы. Трэба быць гатовым ахвяраваць нейкімі прынцыповымі рэчамі дзеля таго, каб дабівацца вынікаў.
— Лягічнае пытаньне: як абысьціся з Дэйвам Льюісам? Два гады таму канадзкі спэцыяліст даволі ўдала ўвайшоў у штаб зборнай, усяліўшы аптымізм у спэцыялістаў і заўзятараў. Але апошнія сэзоны спадзяваньняў не апраўдалі: праваленая алімпійская кваліфікацыя, двойчы каманда была пад пагрозай вылету з эліты.
— Зараз гэта, бадай, адно з галоўных пытаньняў, якое ўжо давядзецца вырашаць новаму кіраўніцтву фэдэрацыі. Сапраўды, шмат думак на гэты конт, і цяпер трэба адштурхоўвацца ў тым ліку ад атрыманага чэмпіянату сьвету, які Менск з Рыгай будуць прымаць у 2021 годзе. Гэта значыць, выразна акрэсьліваць мэты і пачынаць рыхтаваць моладзь, каб годна выступіць у родных сьценах.
Але да таго будуць яшчэ тры першынствы, адпаведна, паўстае пытаньне: што рабіць зь Льюісам? З улікам, што ў яго яшчэ год кантракту, нельга ня выкарыстаць ягонага досьведу, ягоных ведаў. Ёсьць над чым падумаць. І перш за ўсё, трэба запытаць самога Льюіса, наколькі яму цікава працягнуць працу са зборнай Беларусі? Канечне, пры гэтым думаць як мінімум пра сярэднетэрміновую пэрспэктыву — што будзе ня толькі праз год-два, а і зь відам на 2021-ы. На мой погляд, калі і разглядаць наступнага трэнэра, то з такім разьлікам, каб даверыць яму падрыхтоўку да чэмпіянату сьвету ў Менску. Каб не мяняць стырнавых кожны год.
— Як вам кадравая ракіроўка, у выніку якой на ўзмацненьне хакейнай галіны кінуты кіраўнік Менскай вобласьці Сямён Шапіра? Гаспадарнік сам прызнаваўся, што ў хакейных аналах ягонае прозьвішча шукаць марна. Ці ўсё ж разумней ставіць на чалавека, які ведае сыстэму знутры? Скажам, сябе бачыце на гэтай пасадзе?
— Ну сябе дакладна ў гэтай ролі ня бачу (сьмяецца). Заўтра ў цябе хворая галава і проста ня будзеш ведаць, за што хапацца. Але пакуль нешта гаварыць пра Сямёна Шапіру складана, чалавек крыху больш за два тыдні працуе на гэтай пасадзе. Рабіць высновы проста дачасна.
— А само прызначэньне не зьдзівіла? Менавіта кандыдатура.
— Мяне зьдзівіла, асабіста я гэтага не чакаў. Але хлопцы з Горадні, дзе ён у бытнасьць кіраўніком аблвыканкаму пасьпеў прыкласьці руку да хакею, пра яго выказваюцца станоўча. Ён сапраўды шмат зрабіў для «Нёмана», для той жа «Ліды», наогул для разьвіцьця хакею ў рэгіёне. Казаць, што зусім далёкі ад нашага віду, напэўна, нельга. Але і сьцьвярджаць, што ён хакейны чалавек, таксама ніхто, мабыць, ня возьмецца.
— Зрэшты, яго папярэднік Ігар Рачкоўскі таксама з чыноўнікаў, кіраваў памежным камітэтам. Адзінае, прыйшоў ужо з Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Цяпер наадварот: Шапіра з фэдэрацыі трапіў у віцэ-прэзыдэнты НАК. Наогул, ці моцна залежыць сытуацыя ад асобы старшыні?
— Мне складана пра гэта разважаць, я хакей больш ведаю з пляцоўкі, з унутранага боку. А ў гаспадарчай дзейнасьці не настолькі паінфармаваны — як выстройваецца гэтая структура, як працуе фэдэрацыя.
«Адзін сэзон пасьпеў згуляць у бела-чырвонай форме з «Пагоняй»
— Вам належыць унікальны рэкорд — больш за 20 гадоў у складзе нацыянальнай каманды. Яшчэ засталі час, калі ў групе В зборная выходзіла ў майках з гербам «Пагоня». Дарэчы, на чэмпіянатах сьвету, што праходзяць за межамі краіны, заўзятары і сёньня падтрымліваюць беларусаў бела-чырвона-белымі сьцягамі. Якое ставіцеся да гістарычнай сымболікі на трыбунах?
— Пры мне ўжо зусім ня доўга — мабыць, усяго адзін сэзон — яшчэ была бела-чырвоная форма з «Пагоняй». Таму крыху застаў, так. Што тычыцца сымболікі, то, як мне падаецца, любыя незабароненыя праявы падтрымкі, якія не прыносяць шкоду і нікога не абражаюць, — гэта цалкам нармальна. Калі людзям падабаецца, калі людзі хочуць быць пад такім сьцягам — на здароўе.
Безумоўна, трэба глыбока і добра ведаць сваю гісторыю, каб рабіць сур’ёзныя высновы, як і што павінна быць. Бо пры адсутнасьці паразуменьня гэта будзе бясконцая спрэчка — што першаснае і што правільнае. Цяпер у грамадзтве няма адназначнай пазыцыі, на колькі трэба вяртацца назад, каб меркаваць, як павінна быць насамрэч. А паколькі ўсё суб’ектыўна, то кожны па-свойму адлічвае час, менавіта яго бярэ за аснову сваёй, сапраўднай Беларусі.
— На фоне іншых дзяржаў Беларусь вылучаецца размытай нацыянальнай ідэнтычнасьцю, ня ўсе беларусы валодаюць роднай мовай. Як думаеце, у чым прычыны: недастатковы ўзровень самасьвядомасьці, адсутнасьць крытычнага падыходу?
— Як і ўсе, я беларускую вучыў у школе і разумею, калі са мной гавораць. Але самастойна, на жаль, размаўляць ня здольны. Хоць быў адзін выпадак, які ўрэзаўся ў памяць. Я неяк ішоў на стаянку, міма праяжджала машына. Спынілася, выйшаў мужчына гадоў на 5-7 маладзейшы за мяне і пачаў на чыстай беларускай мове віншаваць з гульнёй, якая яму спадабалася. Так лёгка, свабодна гаварыў, настолькі прыгожа гэта гучала, што я быў уражаны. Потым часта пераказваў тую гісторыю, бо такой чысьцюткай мовы датуль ня чуў.
Але не ўяўляю, як можна яе навязаць штучна, як прымусіць. Пэўна, калі будзе зьяўляцца больш надпісаў, больш паказальнікаў, больш рэклямы па-беларуску, гэта зробіць сваю справу і людзі прынамсі будуць адчуваць яе прысутнасьць. І будзе абсалютна правільна, калі жыхары Беларусі нарэшце загавораць на роднай мове. Але ў свой час адбылося зьмешваньне нацый, людзей, культур, мова аказалася выціснутая. Вярнуць яе ў паўнавартасны ўжытак складана, хоць мае дзеці, чатыры гады таму пераехаўшы з Масквы, вывучаюць, ім падабаецца, нядрэнныя адзнакі маюць. Мабыць, лепш за мяне ўжо ведаюць. Іншым разам цікавяцца, чаму тут не гавораць па-беларуску. Тлумачу ім, што гэта наша краіна, наша культура, трэба ведаць, інакш нельга.
— Хіба на маладых і спадзяваньне: апошнім часам прыкметна паболела ініцыятываў, накіраваных на прапаганду мовы, культуры, традыцый.
— Так, паступова гэта зьяўляецца, людзі пачынаюць ганарыцца, што яны беларусы, што ў нас выдатная гісторыя. Гэта правільна, бо калі ты ганарысься краінай, мовай, то атаясамліваеш сябе з канкрэтнай тэрыторыяй. Тым больш цяпер шмат хто падарожнічае, бачыць, зь якім шанаваньнем іншыя народы ставяцца да сваіх культурных традыцый, да сваёй мовы. Нават пры тым, што ўсё больш людзей лічаць ўнівэрсальнай мовай ангельскую. Але мусіць існаваць нейкі спосаб ідэнтыфікацыі з той зямлёй, дзе ты нарадзіўся. Мова — першае і самае простае. Да таго ж трэба прызнаць (як на мой суб’ектыўны погляд): беларуская мова надзвычай прыгожая.
«Ад пачатку вялікія чаканьні, якія значна перабольшаныя»
— Сёлета на хакей зьвернута шмат увагі — асабліва пасьля чэмпіянату сьвету, дзе зноў давялося чапляцца за элітны дывізіён. Крытыка і абвінавачаньні гучалі на розным узроўні. Але, магчыма, гэта і ёсьць сёньняшні ўзровень беларускага хакею — у зоне вылету?
— Ад пачатку былі вялікія чаканьні, значна перабольшаныя. І зразумела, што пасьля такіх чаканьняў, асабліва падагрэтых словамі Дэйва Льюіса пра барацьбу за мэдалі ў нейкай блізкай пэрспэктыве, вынік успрымаецца як правал. Трэба цьвяроза ацэньваць сытуацыю і глядзець на рэчы аб’ектыўна. У нас на гэты час няма ніводнага гульца ў зборнай, які б гуляў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Пры гэтым мы хочам апярэдзіць каманды, у якіх сабраныя майстры больш высокага клясу.
Кожны хакеіст у нашай камандзе ведае, які ягоны рэальны ўзровень. І разумее: каб ён быў на ўзроўні топавых васьмі камандаў, то, хутчэй за ўсё, гуляў бы дзесьці ў НХЛ ці як мінімум на вядучых пазыцыях у клюбах КХЛ. На гэты момант што ёсьць, тое ёсьць. Гэта наш цяперашні ўзровень. Так, пры пэўным зьбегу абставінаў, пры долі ўдачы і шанцаваньня, пры добрым фізычным стане паказаць некалькі добрых гульняў і трапіць у васьмёрку ў прынцыпе магчыма. Мы выходзілі ў чвэрцьфінал два гады таму ў чэскай Астраве, аднак сьцьвярджаць, што гэта заканамернасьць, усё ж пакуль нельга. Сёньня наш узровень менавіта той, які ёсьць.
— Калі заходзіць размова пра годную зьмену, рэцэпты прапануюцца самыя розныя. Галоўны трэнэр «Юнацтва» Міхаіл Захараў прыхільнік таго, каб будаваць яшчэ больш лядовых палацаў, тады, маўляў, будзе з каго выбіраць. Але і цяперашнія арэны выкарыстоўваюцца для чаго заўгодна, толькі не паводле першапачатковага прызначэньня: каб плаціць за лёд, аддаюць памяшканьні пад выставы, кірмашы, вясельлі, банкеты.
— Гэта, безумоўна, важны момант. Зразумела, што масавасьць дзіцячага спорту — справа для сэлекцыі неабходная, але сам па сабе лядовы палац ня будзе нараджаць хакеістаў. Таму важна, хто і як пад іх дахам працуе. І калі пераймаць сучасныя мэтады трэніровак, нашмат больш карысна запрашаць заакіянскага спэцыяліста ня ў першую каманду, а замежных трэнэраў высокага ўзроўню, якія ставяць катаньне, тэхніку, фізпадрыхтоўку.
Хай яны прыедуць і прапрацуюць месяц у Гомелі, месяц у Горадні, месяц у Берасьці, тады і нашы трэнэры пабачаць нешта новае, пачнуць у іх вучыцца. Тады і моладзь стане на ногі, будзе выходзіць на іншы ўзровень і ўздымаць увесь хакей. Так што варта запрашаць менавіта такіх людзей. Лядовыя пляцоўкі, якія ўжо ёсьць, павінны працаваць на хакей з максымальнай аддачай — калі мы марым пра васьмёрку найлепшых, пра канкурэнцыю з камандамі топ-узроўню.
— Ну і пра заробак трэнэраў не забывацца, бо цяпер ён на ўзроўні выжываньня. Гаворкі пра нейкі стымул пры такім раскладзе проста няма.
— Гэта ўвогуле немагчыма абмяркоўваць. Калі чалавек не зацікаўлены, не трымаецца дзьвюма рукамі за сваю працу і не гарыць ёй, то нічога ня будзе. А зь дзецьмі вельмі складана працаваць. На маё перакананьне, дзіцячы трэнэр мусіць быць высокааплатным спэцыялістам, тады ён пачне выкладацца максымальна. Калі ён на трэніроўцы будзе думаць пра тое, як накарміць сям’ю, наўрад ці здолее сканцэнтравацца на сваіх выхаванцах. У выніку і атрымліваецца: ідуць не з прычыны прызваньня, не таму, што хочуць, а проста празь неабходнасьць. Адпаведна, займаюць не сваё месца, займаюцца не сваёй справай.
Аляксей Калюжны з жонкай Марыяй Калаяні ў роліку супраць хатняга гвалту. Відэа:
«У нас няма бразыльскіх пляжаў, каб ўсёй нацыяй ганяць мяч»
— Існуе погляд, што хакей беларусам і Беларусі навязваецца штучна, ледзь не сілай. Маўляў, моцных традыцый няма, у крыві хутчэй футбол. Хоць разумею, што вы ў гэтым пытаньні якраз зацікаўлены бок...
— Ну так, мне складана быць аб’ектыўным, гэта мая любімая гульня, мой любімы занятак. Натуральна, я заўсёды буду глядзець на хакей і лічыць яго найлепшым відам спорту ў сьвеце. Таму пытацца ў мяне пра тое, што бліжэй, што ў крыві... Наогул складана катэгарычна сьцьвярджаць пра той жа футбол, калі ў нас сем месяцаў на год сьнег ляжыць. Так што яшчэ пытаньне, наколькі футбольная Беларусь. У нас няма бразыльскіх пляжаў, каб казаць, што мы ўсёй нацыяй ганяем мяч.
— Магчыма, праблема ў тым, што Беларусь хоча быць першай ва ўсім, замест таго, каб акцэнтавацца на некалькіх відах — хай сабе хакей, біятлён, веславаньне. Як зрабіла Літва, паставіўшы на баскетбол, ці Украіна, дзе на ўзроўні футбол, ці латышы з тым жа хакеем.
— Мне здаецца, усё можа быць, людзі павінны мець выбар, чым займацца, куды хадзіць, на што глядзець. Іншае пытаньне, на якім узроўні гэта ўсё разьвіваецца. Калі зыходзіць толькі з мэдалёў, то так, Даша Домрачава прывозіць для біятлёну мэдалі, але гэта ня значыць, што трэба адмовіцца ад усяго астатняга. Так не бывае. Я таксама ў Маскве, як атрымлівалася, хадзіў у Вялікі тэатар. Калі параўноўваць з нашым, мабыць, усё ж крыху розныя рэчы. Тым ня меней гэта не нагода павесіць на яго замок і сказаць, што нам такі ўзровень не патрэбен. Ня думаю, што канцэнтрацыя на нечым адным дасьць імгненныя вынікі. Зноў жа, у нас добрыя гандбольныя традыцыі, колькі людзей станавіліся чэмпіёнамі яшчэ за часамі СССР. Так што ня ўпэўнены ў правільнасьці вузкай спэцыялізацыі.
«Бачыш з акна дом Руслана і разумееш, што ўсё пайшло ня так»
— Аляксей, вы блізка сябравалі з Русланам Салеем — бадай, самым вядомым беларускім хакеістам у сьвеце. У верасьні 2011-га ён загінуў у авіякатастрофе разам з камандай яраслаўскага «Лякаматыву». Была ініцыятыва паставіць помнік каля катка ў парку Горкага, назваць яго імем адну з трыбунаў у «Менск-Арэне». Нічога так і не рэалізавана. Затое па суседзтве з вашым стаіць дом Салея — сам па сабе як помнік...
— Праз год пасьля таго, як здарылася трагедыя, у Менск прыяжджала жонка Руслана зь дзецьмі. Зразумела, што, столькі часу жывучы ў Амэрыцы, у зусім іншым мэнталітэце, ім было б цяжка адаптавацца ў нашым жыцьці. Яны ня ведаюць мовы, звычак, традыцый. Мы як маглі стараліся дапамагчы, нашы дзеці цудоўна кантактавалі паміж сабой. Бэтан — цудоўная жанчына, глыбока ў сабе захоўвае памяць пра Руслана.
Таксама я на сувязі зь ягоным братам Вадзімам, з пляменьніцай Вольгай. Канечне, складана, калі кожны дзень бачыш са свайго акна ягоны дом і разумееш, што ўсё павінна было быць інакш. А пайшло так, як не чакаў ніхто. Мінула столькі часу, а ўсё роўна вельмі цяжка. Руслан быў блізкім мне чалавекам ня проста як сябра, а ў поглядах, у стаўленьні да жыцьця. Шмат пра якія рэчы падказваў, дапамагаў зарыентавацца. Яго паважалі ня толькі ў Беларусі. Ён згуляў амаль 1000 матчаў у НХЛ, быў фіналістам Кубка Стэнлі. Заўсёды з задавальненьнем гуляў за зборную, прыяжджаў у самы складаны час. Руслан назаўсёды застанецца адным з самых годных і яскравых беларускіх хакеістаў.
Аляксей Калюжны нарадзіўся 13 чэрвеня 1977 году ў Менску. Выхаванец хакейнай школы «Юнацтва», заслужаны майстар спорту Беларусі.
Ад 1996 году — у нацыянальнай зборнай, агулам у групе В і ў элітным дывізіёне правёў амаль што паўтары сотні матчаў. Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана, Солт-Лэйк-Сіці і Ванкувэры.
Кар’еру гульца пачаў у 1994 годзе ў маскоўскім «Дынама», выступаў за іншыя расейскія каманды — «Нафтахімік», «Мэталюрг», «Северсталь», «Авангард», «Лякаматыў». У сярэдзіне нулявых на непрацяглы час вярнуўся ў «Юнацтва». У 2013-м падпісаў пагадненьне зь менскім «Дынама» і адразу быў прызначаны капітанам. Сёлета, незадоўга да 40-гадовага юбілею, заявіў пра завяршэньне кар’еры хакеіста.
Больш чым за 20 гадоў згуляў амаль паўтары тысячы матчаў, набраўшы 800 ачкоў паводле сыстэмы гол+пас. Уладальнік Кубка эўрапейских чэмпіёнаў, Кубка Шпэнглера, чэмпіён Беларусі, чэмпіён і прызэр Расеі, найлепшы хакеіст Беларусі 2010-га і 2015 гадоў, удзельнік матчу зорак Кантынэнтальнай хакейнай лігі.
Жанаты, з жонкай Марыяй выхоўваюць дачку Ганну і сына Антона.