Крыстэр Мікельсан акрэдытаваны для працы ў Літве, а таксама ў Беларусі. У Менску працуе Аддзяленьне пасольства, у якім працуе дыплямат у рангу дарадніка-пасланьніка, а таксама мясцовы супрацоўнік — каардынатар праектаў, які займаецца штодзённымі пытаньнямі. Яны пасьпяхова дапамагаюць фінскаму бізнэсу, ладзяць культурніцкія мерапрыемствы і актыўна ўдзельнічаюць у агульнаэўрапейскіх справах.
Фінскі пасол прынамсі раз на месяц бывае ў Беларусі. Адносіны паміж дзяржавамі ён называе добрымі і задаволены тым, што Беларусь актывізуе свой дыялёг з Эўразьвязам. Беларусь ён называе амаль суседкай і нагадвае, што зь Менску да Хэльсынкі самалётам — усяго гадзіна палёту.
Цягам 2017 году ў Фінляндыі і ў 100 іншых краінах, у тым ліку і ў Беларусі, будзе праведзена больш за 3000 сьвяточных мерапрыемстваў.
«Сёлета мы выдалі шмат фінскіх кніг па-беларуску. І для дзяцей, і пра фінскую гісторыю, а таксама нацыянальны эпас „Калевала“ па-беларуску, — распавядае дыплямат. — Днямі мы таксама прэзэнтавалі кнігу „100 сацыяльных інавацый зь Фінляндыі“ і „Кароткую граматыку фінскай мовы для беларусаў“. Наша аддзяленьне ў Менску праводзіла і яшчэ будзе праводзіць канцэрты фінскай музыкі. Мы паказвалі беларусам фінскія фільмы. Была лекцыя пра энэргетычны сэктар Фінляндыі, пра нашы інавацыі».
Самае вялікае мерапрыемства да 100-годзьдзя незалежнасьці ў Беларусі пройдзе напрыканцы ліпеня. Гэта будзе фэстываль фінскага танга ў цэнтры Менску.
Фінам ёсьць што сьвяткаваць. Іх краіна займае першыя месцы ў шматлікіх рэйтынгах — узроўню жыцьця, адукацыі, мэдыцыне, шчасьлівага грамадзтва.
«Фіны незалежныя ўжо 100 гадоў, але мы „трэніраваліся“ быць незалежнымі і раней. Падчас знаходжаньня ў Расейскай імпэрыі Фінляндыя была аўтаноміяй як Вялікае княства. Быў расейскі цар, які адначасова быў вялікім князем Фінляндыі. Аднак адміністрацыя тады была фінскай. Незалежнасьці 100 гадоў, але самастойнаму кіраваньню фінаў каля 200 гадоў», — распавядае Крыстэр Мікельсан.
«Мы больш ня швэды, расейцамі мы быць ня хочам, дык давайце быць фінамі».
Адным са слупоў фінскай незалежнасьці зьяўляецца мова. Цікава, што ў Фінляндыі, як і ў Беларусі, дзьве дзяржаўныя мовы: акрамя фінскай яшчэ і швэдзкая.
«У XIX стагодзьдзі, калі пачынаўся шлях да незалежнасьці, большасьць фінскай інтэлігенцыі размаўляла па-швэдзку. Нават улады Фінляндыі гаварылі па-швэдзку. І калі Фінляндыя стала незалежнай краінай у 1917 годзе, то было вырашана, што ў нас будуць дзьве мовы. У сярэдзіне XIX ст. быў такі лёзунг „Мы больш ня швэды, рускімі мы быць ня хочам, дык давайце быць фінамі“. Гэта быў пачатак перамогі фінскай мовы як мовы большасьці. Людзі пераходзілі са швэдзкай на фінскую цэлымі сем’ямі. Пачалі будавацца фінскія школы, унівэрсытэты. Упершыню па-фінску пачалі выкладаць ва ўнівэрсытэце Хэльсынкі ў 1930-ыя гады. Гэта рабілі швэдзкамоўныя фіны. Гэта быў доўгі працэс», — кажа пасол.
Сёньня фінская мова напоўніцу ўжываецца ў адміністрацыі. Але ёсьць швэдзкія школы і ўнівэрсытэты. Усе законы ў краіне публікуюцца і па-фінску, і па-швэдзку.
«Швэдзкамоўныя фіны жывуць на поўдні і захадзе, ля берагоў мора. Наш закон аб мовах кажа, што муніцыпалітэт аднамоўны, калі на яго тэрыторыі жыве менш чым 8% носьбітаў другой дзяржаўнай мовы. Тады гэта толькі фінскамоўнае мястэчка. Калі ж больш, то дзьвюхмоўнае. Ёсьць і такія муніцыпалітэты, дзе большасьць гаворыць па-швэдзку. Тады адміністрацыя гораду выкарыстоўвае швэдзкую мову».
Зімняя вайна. «Гэта заслуга нашага нацыянальнага духу»
У 1939-1940 гадах Фінляндыя здолела даць адпор магутнай савецкай арміі, якая ўвяла свае войскі на фінскую тэрыторыю. У найноўшай гісторыі Фінляндыя — гэта адзіная дзяржава, якая здолела абараніцца ад СССР без дапамогі саюзьнікаў.
«Нашай мары пра незалежнасьць было не 100 гадоў, а амаль 200. Нават без незалежнасьці мы ўжо тады былі нацыяй. Нават швэдзкамоўныя лічылі сябе фінамі. Гэта заслуга нашага нацыянальнага духу. Былі, канешне ж, і іншыя прычыны. Зіма 1939 году і пачатак 1940-га былі вельмі халоднымі. Фіны ведалі, як рухацца і як ваяваць у такое надвор’е. А савецкія войскі не былі гатовыя. І нам удалося супрацьстаяць».
У выніку «Зімовай вайны» фіны страцілі 10% тэрыторыі, і з гэтай тэрыторыі ў Карэліі было эвакуавана звыш 400 000 фінаў (10% ад усяго насельніцтва Фінляндыі). У так званую «вайну-працяг» была зробленая спроба вярнуць назад гэтыя тэрыторыі, аднак у 1944 годзе Савецкая армія зноў выціснула фінаў з Карэліі. Увосень 1944 году было ўзгоднена замірэньне, а ў 1947 годзе была падпісаная мірная дамова. Паводле дыплямата, ёсьць сьведчаньні пра словы Сталіна аб тым, што «фіны заслугоўваюць незалежнасьць, бо адважна ваявалі».
«Пасьля вайны Фінляндыя засталася часткай заходняга сьвету без савецкага кантролю. Фіны шукалі новы курс, як жыць зь вялікім суседам. Было заключанае пагадненьне з СССР аб міры. Большасьць фінскіх тавараў пасьля вайны ішлі на захад, але СССР быў вельмі важным партнэрам. Мы куплялі ад іх нафту і газ, а прадавалі прамысловыя прадукты».
Павольна, але рашуча, крок за крокам Фінляндыя інтэгравалася ў эўрапейскія эканамічныя структуры і нарэшце стала сябрам Эўрапейскага Зьвязу ў 1995 годзе.
Сакрэт посьпеху: давер паміж людзьмі і ўладай
У сусьветным інавацыйным рэйтынгу Фінляндыя стабільна трымаецца ў пяцёрцы лідэраў. Фінскія маркі Nokia, Kone, Stockmann, Hesburger, Paulig, AngryBirds вядомыя ва ўсім сьвеце. Фінляндыю называююць радзімай стартапаў. У чым сакрэт посьпеху фінскіх тэхналёгій?
"Гэта і законы, і фінская адукацыя. Настаўнік і выкладчык заўсёды ў фінскім грамадзтве былі важнымі і паважанымі людзьмі. Гэта былі сьветачы людзей. Другая прычына — гэта сыстэма кіраваньня. Трэцяя: у нас ёсьць свабода слова. Добра працуюць суды. А таму ёсьць давер паміж людзьмі і ўладай. А ў гэтым сакрэт супрацы».
У пачатку 1980-х гадоў фіны пачалі будаваць у краіне навукова-тэхналягічныя паркі, на якія пазьней стала абапірацца фінская прамысловасьць. Выдаткі на інавацыі тады складалі каля 1% ад ВУП. Сёньня ў краіне 40 такіх паркаў. А выдаткі на інавацыі складаюць больш за 3,5%.
Мадэль, паводле якой разьвіваецца Фінляндыя, Крыстэр Мікельсан называе скандынаўскай. Паводле яго, яна заснаваная на раўнапраўі, даверы да ўлады і добрай адукацыі.
"Менавіта таму ёсьць і высокія тэхналёгіі. Вяршэнства закону — гэта аснова. Тады людзям хочацца працаваць. І, канешне ж, вялікую ролю грае наш нацыянальны дух. Плюс цяжкая праца, бо безь яе нічога не бывае. Я перакананы, што багатую і камфортную краіну можна пабудаваць і без карысных выкапняў. Фінляндыя гэта даказала».