Як забойствы паўплываюць на волевыяўленьне брытанцаў? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст
Дракахруст: У Вялікабрытаніі — новыя тэрарыстычныя напады. Увечары 3 чэрвеня фургон на Лёнданскім мосьце заехаў на ходнікі і пачаў зьбіваць людзей. Загінулі 7 чалавек. Неўзабаве побач з рынкам Бора (непадалёк ад Лёнданскага моста) некалькі чалавек атрымалі раненьні — паводле відавочцаў, людзі з нажамі выйшлі менавіта з фургона.
Высьветлілася, што зламысьнікі пасьля тэракту на мосьце, кінулі фургон і, узброіўшыся нажамі, пачалі нападаць на мінакоў паблізу рынку. Праз восем хвілін яны былі застрэленыя паліцыяй.
Ужо сёньня стала вядома, што адказнасьць за злачынства ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава».
Гэта ўжо трэці тэрарыстычны акт у краіне за апошнія месяцы: 22 сакавіка машына наехала на мінакоў на Вэстмінстэрскім мосьце, пасьля чаго кіроўца з нажом напаў на паліцыянта ля будынку парлямэнту — загінулі пяць чалавек, 22 траўня пасьля канцэрту Арыяны Грандэ ў Манчэстэры адбыўся выбух, які ўчыніў сьмяротнік — загінулі 22 чалавекі.
Здавалася б, пасьля нядаўняга тэракту на стадыёне ў Манчэстэры паліцыя і спэцслужбы мусілі б як ніколі пільна адсочваць усіх радыкалаў, быць напагатове. Здаецца, тэрарысты рэдка калі робяць свае напады праз такі адносна невялікі тэрмін, але не імгненна. Часам робяць каскадны напад — як учора адбылося ў Лёндане, на мосьце і на рынку, гэтак было ў Парыжы ў тэатры Батаклян і ў шэрагу рэстаранаў у лістападзе 2015 году, Брэйвік страляў у людзей на высьпе Ўтэя і ў цэнтры сталіцы, удар тэрарыстаў у ЗША 9 верасьня 2001 году быў і па вежах-блізьнятах у Нью-Ёрку і па Пэнтагоне ў Вашынтоне. І паўсюль — у адзін дзень.
Так бывае. Бывае, зразумела, калі новы ўдар наносіцца празь месяцы ці нават гады. Тут асаблівасьць — праз два тыдні пасьля папярэдняга.
Удар ня толькі па грамадзтве, але і па аўтарытэце, рэпутацыі спэцслужбаў. Да таго ж цяперашні выглядае падрыхтаваным, як кажуць, на скорую руку. Бомбу ўсё ж трэба неяк сабраць, навучыцца абыходзіцца зь ёй. Задавіць людзей звычайным пасажырскім фургонам, якіх дзясяткі тысяч езьдзіць па горадзе, парэзаць людзей нажамі — тут не патрабуецца вялікага мастацтва, вывучкі. Патрабуецца, зразумела, гатовасьць, што цябе заб’юць. Ну дык гатовых да таго ў арганізатараў тэрору відаць хапае.
Складана сказаць, ці быў у арганізатараў учорашніх нападаў у Лёндане далекасяжны палітычны разьлік. А палітычны вынік, так выглядае, будзе ў любым выпадку. Надта блізка дзень датэрміновых парлямэнцкіх выбараў — 8 чэрвеня, у чацьвер на гэтым тыдні.
Цяпер, паводле апытаньняў, невялічкая перавага на баку кансэрватараў. Але тэракт можа яе зьесьці. Простая народная лёгіка — урад кансэрватараў дапусьціў дзьве тэрарыстычныя атакі на працягу ўсяго двух тыдняў. Як жа яны абароняць людзей? Такая рэакцыя, можа, залішне просталінейная, але вельмі чалавечая — гэтыя не абаранілі, дык мо іншыя абароняць?
З другога боку, кансэрватары — адназначна за Брэкзыт, прынамсі, супраць яго перагляду, гэта значыць, за больш абароненую мяжу, за больш жорсткую іміграцыйную палітыку. Адказнасьць за злачынства ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава». Няцяжка здагадацца, на каго ўскладзе адказнасьць прынамсі грамадзкая думка. На мігрантаў — даўніх ці нядаўніх.
Хаця прыпісваць тэрарыстам нейкія складаныя палітычныя мэты, можа, і ня варта. Забіваць каб забіваць, забіваць каб адпомсьціць за апэрацыі брытанскіх сілаў супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку, ды хоць за шматгадовай даўніны гістарычныя крыўды. Сьмерць няверным — вось і ўвесь разьлік. А які ўрад няверныя сабе выберуць — ды хай выбіраюць, які хочуць. Няма розьніцы.
Лаяць спэцслужбы за тэракты прынята паўсюль — і ў Вялікабрытаніі, і ў Францыі, і ў Расеі, і ў Беларусі, нават у Ізраілі. У Ізраілі, можа, у найменшай ступені, там гэта не жахлівыя асобныя выпадкі, а лад жыцьця. Напэўна і ў Вялікабрытаніі зараз, пасьля ўчорашніх тэрактаў і манчэстэрскага, будуць лаяць спэцслужбы. Можа, і заслужана. Але прадухіліць самагубчыя тэракты надзвычай складана заўсёды і паўсюль.
Напэўна, у адказ улады зробяць больш строгім міграцыйнае заканадаўства, прыціснуць найбольш радыкальных прапаведнікаў, павядуць кібэрвайну з экстрэмісцкай прапагандай у Інтэрнэце, павялічаць фінансаваньне службаў бясьпекі. Пра гэта заявіла ўчора брытанская прэм’ерка Тэрэза Мэй. Сродкаў ня так і шмат. Асабліва ў свабодным, лібэральным, плюралістычным грамадзтве — слова — не злачынства, намер — не злачынства. Ну і плата за свабоду — тэрор.
Хоць ён ня надта разьбірае, на мінулым тыдні некалькі буйных тэрактаў адбыліся ў Кабуле. Ворагі для яго паўсюль, у тым ліку і свае ж адзінаверцы. Выклік кінуты — чым адказаць на яго?
Карбалевіч: Самае трагічнае ў лёнданскіх падзеях палягае ў тым, што тэракты становяцца звыклай зьяваю для краін Заходняй Эўропы. Гэта новая нармальнасьць.
Цяпер абвінавачваюць паліцыю, спэцслужбы, але іх магчымасьці таксама абмежаваныя. З фанатыкамі, якія не баяцца сьмерці, заўсёды цяжка ваяваць. Як можна прадухіліць тэракт, калі фанатык можа нават ня мець сувязі з «Ісламскай дзяржаваю», а проста наслухаўшыся радыкальных пропаведзей, вырашыў прынесьці сябе ў ахвяру Алагу, сеў на аўтамабіль і пачаў давіць мінакоў?
Трагедыя ў тым, што праблема ня мае рашэньня ў межах дэмакратычнай мадэлі. У таталітарнай сыстэме праблема вырашаецца вельмі проста. Сталін падчас вайны выселіў цэлыя народы, якія былі западозраныя ў неляяльнасьці — загрузілі ў эшалёны крымскіх татараў, чачэнцаў, інгушоў, калмыкаў і іншыя народы і вывезьлі ў аддаленыя месцы. Няма народу — няма праблемы. Дэмакратычныя краіны ня могуць выселіць мусульманскае насельніцтва. Нават невялікая спроба Дональда Трампа неяк абмежаваць прыезд замежнікаў з мусульманскіх краінаў наткнулася на юрыдычныя абмежаваньні.
Існуе вэрсія, што трэба неяк навесьці парадак на Блізкім Усходзе, там зьнішчыць радыкальных ісламістаў. Гэта трэба рабіць, але гэта ня ёсьць поўнае вырашэньне праблемы.
Цыганкоў: Чарговы тэракт у Лёндане зноў канстатуе тую новую рэальнасьць, у якой жыве Заходняя Эўропа апошнія гады — рэальнасьць вайны з тэрорам. Перад гэтым былі Ніца, Парыж, Бэрлін, апошнімі гадамі тэрарысты зьмянілі тактыку. Ад самагубчых тэрактаў у выніку выбуху яны перайшлі да выкарыстаньня аўтамабіляў, і, як сьцьвярджаюць экспэрты, такія тэракты прадухіліць цяжэй за ўсё. Бо немагчыма правяраць кожны аўтамабіль, які едзе ў цэнтар гораду, немагчыма прадбачыць, які аўтамабіль зробіць наезд на людзей.
Я, дарэчы, зазначыў бы, што ангельскія службы бясьпекі спрацавалі даволі хутка і, як мне падаецца, дастаткова эфэктыўна. Адразу былі ўведзеныя даволі вялікія сілы сілавікоў на месца падзеі, тэрарысты былі забітыя на месцы, цяпер працягваюцца затрыманьні людзей, магчыма, датычных да гэтых тэрактаў. Выглядае, што за апошнія гады адпаведныя службы набылі пэўны досьвед і былі прынятыя пэўныя рашэньні — напрыклад, разам з паліцыянтамі (якім выдалі зброю) вуліцы брытанскай сталіцы патрулююць і вайскоўцы са зброяй, якія маюць досьвед вядзеньня баявых дзеяньняў у Іраку і Аўганістане.
Я ня думаю, што гэтая сумная падзея радыкальна можа паўплываць на вынікі выбараў, якія адбудуцца ў Брытаніі ў чацьвер. Натуральна, будуць пытаньні — чаму не прадухілілі? Але, як мне падаецца, большасьць людзей разумее, што такі тэракт вельмі цяжка прадухіліць. Гэта можна зрабіць толькі шляхам агентурнай дзейнасьці ўнутры тэрарыстычных супольнасьцяў. Мяркую, што брытанскія спэцслужбы будуць актыўней «працаваць» унутры ісламісцкіх супольнасьцяў, адсочваць тых, хто рэзка выказваецца ў сацыяльных сетках. Мяркую таксама, гэты тэракт падштурхне грамадзкую думку Брытаніі да больш строгага стаўленьня да міграцыйнай палітыкі.