«Мова мастака значна вышэйшая і дасканалейшая, чым мова палітыка», — перакананы чарговы госьць інтэлектуальнага клюбу нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч Ян Арцюс-Бэртран, выдатны францускі дакумэнталіст і фатограф, кавалер ордэна Ганаровага легіёну і ўладальнік мноства іншых узнагарод. Ягоны выступ адбыўся ўвечары 1 чэрвеня ў Менску.
У 21 год ён захапіўся «паветранай» фатаграфіяй зь верталёта, паветранага шара, стаў сур’ёзна займацца аэрафотаздымкай розных аб’ектаў. У 1995 годзе пад патранатам экалягічнага навуковага аддзелу UNESCO Арцюс-Бэртран узяўся за грандыёзны праект — стварэньне навуковага банку дадзеных здымак плянэты з вышыні.
Тры гады рэжысэр зьбіраў рэальныя гісторыі 2000 жанчын і мужчын з 60 краінаў, якія эмацыйна гавораць на тэмы, якія аб’ядноўваюць усіх людзей плянэты: барацьба зь беднасьцю, войны, гамафобія, каханьне, сьмерць, шчасьце. І стварыў фільм «Human» («Чалавек»). Цяпер спадар Бэртран працуе над новым праектам — «Woman» («Жанчына»).
Алексіевіч: «Гэта немагчыма слухаць бязь сьлёз»
«Гэта мая самая любімая пісьменьніца», — сказаў рэжысэр, увайшоўшы ў залю і пацалаваўшы руку Сьвятлане Алексіевіч.
«Я адчула сорам, што ня ведаю францускай, бо мне вельмі хацелася гаварыць зь ім на адной мове. Мы пазнаёміліся зь ім шмат гадоў таму. Мэсье Бэртран сказаў, што ён зрабіў некалькі фільмаў і ягоная праца ў нечым падобная на маю: ён размаўляе зь людзьмі. І што ў яго брыгады працуюць у розных краінах. Я памятаю, што мы нават крыху паспрачаліся. Я сказала: „Хіба гэта магчыма, каб хтосьці замест цябе пытаўся ў людзей?“ І калі я ўбачыла першыя кадры фільма, я была ўзрушаная: вось гэты караван, які ідзе — гэта такая фантастычная мэтафара! А потым я знайшла там доказ таго, што, напэўна, і ён чуе, і я чую: што „ў мяне вельмі прыгожа гавораць людзі, такога ня можа быць“, маўляў, я іх перапісваю. А потым, калі я глядзела фільмы Бэртрана, я была ўзрушаная: маленькія-маленькія людзі, якія вылазяць зь нейкіх ануч, зь нейкай звалкі, Божа, як яны гавораць пра каханьне, як яны гавораць пра жыцьцё! Ужо наколькі я загартаваны чалавек, але гэта немагчыма слухаць бязь слёз, гэта асаблівае пранікненьне ўглыб чалавечага жыцьця. Гэта доказ таго, што ў кожнага з нас ёсьць нейкі боская задума», — прадставіла нобэлеўская ляўрэатка госьця свайго інтэлектуальнага клюбу.
10 разважаньняў Бэртрана пра палітыку, экалёгію, праблемы ўцекачоў і тэрарызму, вэгетарыянства, творчасьць, жанчын, місію чалавека на Зямлі
«Я памяняў навуку на фатаграфію, якая дазваляе зразумець сьвет па-іншаму»
«Джэйн Году — жанчына з Англіі, якая вывучала шымпанзэ, і яна дала ім імёны. Яна першая, хто паказаў вельмі блізкія адносіны паміж жывёламі і людзьмі. Гэта мой кумір. Ёй 85 гадоў, але яна працягвае езьдзіць па ўсім сьвеце і гаварыць пра экалёгію і пра тое, што адбываецца. Гэта першая жанчына, якая так блізка падышла да жывёлаў і дала іншым зразумець, наколькі мы падобныя і зьяўляемся часткай аднаго цэлага.
Я са сваёй жонкай Эн паехаў жыць у Кенію, там я напісаў доктарскую працу пра львоў. Кожны дзень мы назіралі за адной сям’ёй львоў, якую я здымаў. Такім чынам я адкрыў для сябе фатаграфію, якая дазваляе нам зразумець сьвет па-іншаму. Гэта было дапаўненьне да маёй доктарскай працы.
А потым я пачаў вазіць турыстаў у Кенію. І паступова я заўважыў, наколькі сьвет выглядае па-іншаму з вышыні птушынага палёту, наколькі цікавы і важны гэты погляд на сьвет. Калі вярнуўся ў Францыю, вырашыў стаць фатографам, а не займацца навукай далей. І цягам 10 гадоў я факусаваўся на тэме ўзаемаадносінаў паміж людзьмі і жывёламі».
«Калі я здымаю плянэту, я стараюся паказаць, як чалавек уплывае на Зямлю»
«У 1992 годзе адбылася фактычна першая міжнародная канфэрэнцыя па экалёгіі (цяпер яны праводзяцца штогод). Я тады вырашыў абляцець увесь сьвет і зьняць яго зь верталёта — і кожнай фатаграфіяй я хацеў паказаць прыгажосьць сьвету, а таксама паказаць той уплыў, які аказвае чалавек на навакольнае асяродзьдзе. Больш за палову каралаў сьвету вымерла праз глябальнае пацяпленьне... Фатаздымкі, зьнятыя зь верталёта, вельмі падобныя да таго, што бачым у мікраскоп.
Калі я здымаю плянэту, я стараюся паказаць, як мы ўплываем на Зямлю. Напрыклад, на пачатку ХХ стагодзьдзя на зямлі было 20 мільёнаў сланоў, а цяпер засталося 350 тысяч. Кожныя 20 хвілін у Афрыцы забіваюць слана — фактычна вайсковай зброяй, і ня дзеля таго, каб іх есьці, ня дзеля мяса, а каб прадаць біўні кітайцам. І, на жаль, навукоўцы кажуць, што ня ўдасца пазьбегнуць зьнішчэньня сланоў. Нас 7 мільярдаў 400 мільёнаў. І мы не пакідаем ніякага месца для дзікіх жывёлаў.
Калі я фатаграфаваў ружовых флямінга, іх было 800 тысяч, цяпер іх 200 тысяч. Усе ружы, якія купляеце зімой, — з Афрыкі (Кеніі, Этыёпіі альбо яшчэ з Чылі). Штодня ў Амстэрдам прылятаюць дзясяткі самалётаў з Афрыкі, і тая „хімія“, якой надаюць колер кветкам, прыводзіць да таго, што ружовыя флямінга выміраюць.
У 2000 годзе выйшла мая кніга фота, зробленых з вышыні птушынага палёту, якая мела шалёны посьпех — магчыма, таму, што мы прыдумалі даступныя ўсім вулічныя выставы. Мне хацелася паказаць свае фатаздымкі бясплатна для ўсіх, і мы рабілі такія выставы па ўсім сьвеце».
«Калі я рабіў фота, мне не хапала галасоў людзей. Так зьявіўся фільм «Чалавек»
«Мы пазнаёміўся зь Люкам Бэсонам і вырашылі зрабіць першы фільм — „Дом“, які атрымаўся вельмі пасьпяховым. Але, калі я рабіў гэтыя фота, здымаў зь верталёта, мне не хапала галасоў людзей — мне хацелася пачуць, што ў іх у сэрцах.
Папраўдзе ідэя майго фільму „Чалавек“ прыйшла ў галаву пасьля наведваньня адной вёскі, калі ў нас зламаўся верталёт. Я тры дні правёў у вёсцы, і мне захацелася пачуць гісторыі жыхароў. У 2000 годзе я сабраў каманду, якая езьдзіла па сьвеце і зьбірала гісторыі, здымала людзей і прыроду. І гісторыі, што мы сабралі, аказаліся ў 100 разоў мацнейшыя за тое, што я рабіў раней. Кожная гісторыя робіць цябе лепей, кожная гісторыя ўнікальная. Мне хацелася зразумець, ці ўсе мы марым пра каханьне, прагнем свабоды, прызнаньня.
Мы наведалі 65 краінаў, здымалі людзей і прыроду. Хацелі пазнаёміцца з тымі, з кім размаўляем, і з тымі, пра каго ніколі не гаворым. Трэба было здымаць вельмі шмат, каб знайсьці цікавыя гісторыі. У фільме „Чалавек“ мы выкарысталі адно інтэрвію з тысячы. І 8 тысяч гадзін выклалі ў інтэрнэт — тое, што не ўвайшло ў фільм.
Тут толькі сіла словаў — у фільме няма камэнтароў, толькі словы людзей. Вайна, каханьне, гомасэксуалізм, эміграцыя... Калі мы слухалі інтэрвію, мы плакалі».
«Прыслухоўваючыся да жанчын, мы зразумеем і зможам зьмяніць гэты сьвет»
«Калі выйшаў фільм „Чалавек“, мы шмат думалі, які ж фільм будзе наступным. І вырашылі прысьвяціць наш наступны фільм жанчынам. Калі мы здымалі інтэрвію для фільму „Чалавек“, пераканаліся, наколькі жаночы погляд на сьвет адрозьніваецца ад мужчынскага. Мы адчувалі, наколькі жанчыны былі гатовы сказаць, што набалела, яны гатовыя падзяліцца гэтым. Мы верым, што, прыслухоўваючыся да жанчын, мы зразумеем гэты сьвет.
Сярод самых бедных людзей у сьвеце 70% — жанчыны. 90% свайго заробку жанчыны аддаюць сваёй сям’і, мужчыны ж толькі 30%. Кожная трэцяя жанчына церпіць гвалт. Сярод неадукаваных людзей — 900 мільёнаў жанчын, дзьве траціны. Але 10% прэзыдэнтаў краінаў — жанчыны.
Я да таго, як пачаў працаваць над новым фільмам, не асэнсоўваў, як цяжка быць жанчынай у гэтым мужчынскім сьвеце.
І дзякуючы таму, што мы ўжо зьнялі сотні інтэрвію па ўсім сьвеце, гэта цалкам зьмяніла маё стаўленьне да маёй маці, да маёй жонкі. Калі я магу зьмяніцца, можа, і іншыя таксама змогуць?
Так што наш новы фільм — пра жанчын. І мы таксама хочам здымаць у Беларусі. Так што падказвайце, хто можа стаць нашымі гераінямі, якія нам дапамогуць».
«Нам выкладаюць выключна даты войнаў, быццам гэта галоўнае ў гісторыі»
«Гэта могілкі вайсковых самалётаў — зьнішчальнікаў у Арызоне. Зь іх некалі зьнішчальнікі ляцелі бамбаваць Віетнам.
1 тысяча 600 млрд даляраў траціцца штогод на вайсковыя ўзбраеньні — можна было б 100 разоў зьнішчыць усіх бедных на плянэце.
Усе асноўныя даты, якія застаюцца ў гісторыі, зьвязаныя з войнамі. Чамусьці нам выкладаюць выключна даты войнаў — быццам гэта галоўнае ў гісторыі. Чамусьці зла застаецца больш у гісторыі. Тыя грошы, якія мы трацім на вайну, для мяне вялікае пытаньне. Я нядаўна быў у Італіі, і там была канфэрэнцыя, дзе выступіў адзін з самых багатых людзей плянэты, які валодае велічэзнымі фондамі. І ён пытаецца: чаму ААН не забароніць вайну? Я слухаў і думаў: пра гэта можна толькі марыць...»
«Тое, што цяпер адбываецца з уцекачамі — гэта толькі пачатак»
Безумоўна, тэма ўцекачоў для мяне — адна з цэнтральных, улічваючы праблемы, зь якімі Эўропа сутыкнулася сёньня.
Самы вялікі лягер уцекачоў у сьвеце знаходзіцца ў Кеніі на мяжы з Самалі — там знаходзіцца 470 тысяч чалавек.
Тое, што цяпер адбываецца з уцекачамі — гэта толькі пачатак, сытуацыя будзе ўскладняцца. І гэта трэба разумець. Таму што ў гэтых людзей няма іншага выбару, акрамя таго, каб прыехаць да нас. Калі вы жывяце ў краіне, дзе няма дэмакратыі, дзе няма працы, няма нармальнай мэдыцыны, няма адукацыі, а ў інтэрнэце вы бачыце жыцьцё іншае, вы бачыце рай... Я думаю, я таксама б зрабіў усё, каб трапіць у гэты рай...
Я жыву ў шостай паводле багацьця і дабрабыту краіне (хоць французы любяць скардзіцца), і я разумею, што трэба вучыцца дзяліцца«.
«У нас тыя палітыкі, якіх мы заслужылі»
«Мяне часта пытаюцца, чаму я не займаюся палітыкай. Мне здаецца, я на гэта ня здольны. Я насамрэч ня вельмі цікаўлюся палітыкай. Я думаю, што ў нас тыя палітыкі, якіх мы заслужылі. Мы жывём у дэмакратыі — прынамсі, у маёй краіне. Калі я раблю свае фільмы, кажуць, што я займаюся палітыкай. Але, мабыць, па-свойму. Недастаткова быць добрым фатографам і рэжысэрам, каб быць палітыкам. Але для мяне фільм „Чалавек“ — палітычны фільм.
Мы гаворым пра ўцекачоў, мы гаворым пра гамафобію, мы гаворым пра войны, якія мы ня можам спыніць. Мы не даём адказаў на гэтыя пытаньні, чаму мы ня можам гэтага спыніць. Але мне здаецца, мой фільм дае людзям жаданьне больш любіць адно аднаго і штосьці рабіць.
Вядома, мы робім кіно ў першую чаргу для сябе. Мне гэта цікава. Я вельмі люблю тое, што раблю. І гэта такая ўдача — мець магчымасьць рабіць тое, што я люблю! Мне здаецца, што мова мастака значна вышэйшая і дасканалейшая, чым мова палітыка. Мастак бачыць сьвет з космасу — і гэта цуд».
«Мусульманскі сьвет таксама пакутуе, і досыць доўга мы не давалі яму дастатковай увагі»
Мне думаецца, што ўсе людзі аднолькавыя. Усё аднолькавае сёньня — аэрапорты, крамы, моладзь апранутая аднолькава, гуляе ў тыя ж самыя гульні, у іх аднолькавыя тэлефоны... Мне здаецца, што ўсё становіцца вельмі аднолькавым.
Але, з другога боку, калі мы гаворым пра тэрарыстычныя атакі ў Францыі, трэба казаць пра мусульманскі сьвет, які таксама пакутуе і якому мы досыць доўга не давалі дастатковай увагі. Зьявілася надта вялікая розьніца паміж вельмі багатымі і вельмі беднымі. І, вядома ж, вялікія рэлігійныя праблемы. У выніку, калі вы задумваецеся пра тыя ж тэрарыстычныя атакі ў Францыі, яны тычацца малой колькасьці людзей. Тэрарыстаў няшмат: 100–200 чалавек, якія гатовыя памерці, але яны могуць дэстабілізаваць краіну з 50 мільёнамі чалавек. Хто мог гэта прадбачыць?
«Асноўныя катастрофы будуць зьвязаныя з экалёгіяй»
Калі я нарадзіўся, на зямлі жыло 2 мільярды чалавек. Толькі за маё жыцьцё насельніцтва плянэты павялічылася больш як у 3 разы. І што б мы ні казалі, мы жывём у сьвеце, дзе менш канфліктаў, менш войнаў, чым раней.
Насамрэч асноўныя катастрофы, якія наступяць, будуць зьвязаныя менавіта з экалёгіяй. Я баюся таго, што адбудзецца. Але мы ня хочам гэта разумець, мы жывём у адмаўленьні. І глябальнае пацяпленьне, пра якое нібыта ўжо ўсе ведаюць, але не ставяцца сур’ёзна, прывядзе нас у сьвет, якога мы ня ведаем. І я гэтага баюся, што нічога ня можам зрабіць. У заўтрашнім сьвеце будзе нашмат больш цыклёнаў, але мы ня ведаем, як з гэтым змагацца.
Я толькі што прачытаў кнігу «Сакрэтнае жыцьцё дрэваў», у якой распавядаецца пра тое, як дрэвы паміж сабой размаўляюць. Я ўжо не змагу высекчы дрэва, як раней. Менавіта таму я стаў вэгетарыянцам. Для мяне ёсьць вельмі вялікі разрыў этычны — сьмяротнае пакараньне ў многіх краінах забаранілі, а жывёлаў чамусьці мы зьнішчаем. Мы іх кожны дзень забіваем, не задумваючыся. Быццам яны не пакутуюць, быццам у іх няма ніякіх пачуцьцяў...
Калі вы хоць крыху хочаце дапамагчы экалёгіі, трэба менш есьці мяса. Праз вытворчасьць мяса ў атмасфэру выходзіць больш СО2, чым яго выдзяляе ўвесь транспарт сьвету.
Вядомы баксёр Лэнакс Льюіс — вэгетарыянец; тэнісіст Новак Джокавіч — вэган. Я доўга думаў, як стаць вэгетарыянцам. Хоць я мала еў мяса, але еў, бо гэта смачна... Вельмі проста стаць вэгетарыянцам. Аднойчы я паглядзеў фільм, які называецца «Альма» — у ім няма тэксту, няма камэнтароў, але вельмі проста, праз карцінкі ён усё тлумачыць, як гадуюць жывёлаў.
Тых сьвіней, якія гадуюць у Беларусі, кормяць сояй, якую прывозяць з Бразыліі. Я не магу глядзець, як жывёла ў 100 кіляграмаў вагі жыве на 1 квадратным мэтры і ня можа нават рухацца. Я не хачу быць часткай сьвету, які стварае такія рэчы».
«Я ненавіджу абыякавасьць»
«Для мяне быць сярод абыякавых азначае быць часткай дрэнных людзей. Я аптыміст, па чалавечай прыродзе я хачу бачыць ва ўсіх лепшае.
Памятаю, у Ізраілі мы бралі інтэрвію ў адной жанчыны. І яна казала, што яна адначасова і ізраільцянка, і ізраільскі салдат, які забівае палестынскае дзіця; яна таксама жанчына, якая падрывае сябе ў школе — „усе гэтыя людзі жывуць ва мне“.
Украіна, Руанда, Камбоджа — калі людзі ненавідзяць адзін аднаго, пачынаюць забіваць адзін аднаго — усё гэта сьведчыць: ніхто не застрахаваны... Зло ёсьць у кожным з нас. Але трэба рабіць выбар...
У фільме чалавек ёсьць хлопчык з Кіншасы, яго выгналі зь сям’і, ён жыве на вуліцы, ня ўмее чытаць, лічыць. Мы задалі хлопчыку пытаньне: „Што такое сэнс жыцьця?“ Яму толькі 13 гадоў, і ён адказвае: „У Бога ёсьць місія, і нам трэба яе знайсьці“. Мне вельмі падабаецца гэты адказ. Я хачу бачыць лепшае ў чалавеку. У нас у кожнага ёсьць місія, і яе трэба знайсьці.
Я слухаю людзей. Мне здаецца, што ўсе яны цудоўныя і разумныя, і адказы на ўсе пытаньні ёсьць ва ўсіх 7 мільярдаў, што жывуць на Зямлі.
Калі людзі пасьля прагляду фільму падыходзяць да мяне, цалуюць і кажуць: „Я люблю людзей крыху больш“, я шчасьлівы».