Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачатак аднаўленьня кантактаў, спробы якіх не заўсёды былі ўдалымі, — беларуска-польскі дыялёг гісторыкаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На гістарычным факультэце БДУ праходзіць беларуска-польскі круглы стол. Акрэсьленая тэма — «Дыялёг гісторыі/Гісторыя дыялёгу. Складаныя пытаньні ў гісторыі Беларусі і Польшчы, іх адлюстраваньне ў гістарыяграфіі абедзьвюх краінаў і пэрспэктывы для збліжэньня навуковых пазыцый».

У адкрыцьці дыялёгу ўдзельнічалі амбасадар Польшчы ў Беларусі Кондрад Паўлік, прарэктар у вучэбнай рабоце БДУ Сяргей Ходзін, дэкан гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Каханоўскі, прарэктар у пытаньнях адукацыі Ўнівэрсытэту ў Беластоку Войцэх Сьляшыньскі, дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Матэвуш Адамскі.

Матэвуш Адамскі
Матэвуш Адамскі

«Больш за паўгода падрыхтоўчай працы рэалізавана на практыцы, — зазначыў Матэвуш Адамскі. — Канфэрэнцыя, прысьвечаная пытаньням складаных дачыненьняў у гісторыі Польшчы і Беларусі, распачатая. Дыялёг гісторыкаў з абедзьвюх краінаў няпросты, але галоўнае, што гэта пачатак аднаўленьня кантактаў, спробы якіх у мінулым былі не заўсёды ўдалымі. Аналягічнае пасяджэньне пройдзе вясной наступнага году ў Беластоку і, ведаючы адказнасьць маіх калегаў, — прафэсараў Аляксандра Каханоўскага і Войцэха Сьляшыньскага — спадзяюся, што дэбаты скончацца сумесным выданьнем. Я рады, што канфэрэнцыю ўзмацніла прысутнасьць амбасадара Конрада Паўліка. Гэта дадае вагі мерапрыемству, дазваляе адчуць важнасьць нашых добрасуседзкіх стасункаў. Нам трэба больш і часьцей гаварыць».

Да абмеркаваньня пытаньняў двухбаковых дачыненьняў запрошаныя прадстаўнікі больш як дзясятка ВНУ Беларусі і Польшчы, у іх ліку Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Пушкіна, Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Скарыны, Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Купалы, Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Унівэрсытэт у Беластоку, Інстытут гісторыі навукі Польскай акадэміі навук, унівэрсытэт Мікалая Каперніка ў Торуні, Інстытут міжнародных дасьледаваньняў Уроцлаўскага ўнівэрсытэту, Дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне.

Аднак шэраг беларускіх гісторыкаў, абазнаных у тэме беларуска-польскіх стасункаў на розных этапах, запрашэньня на мерапрыемства не атрымалі. Як, напрыклад, доктар гістарычных навук, гарадзенскі дасьледчык Алесь Смалянчук. Некалькі гадоў таму ён быў звольнены з Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту з ідэалягічных прычынаў і цяпер працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук у Варшаве:

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

«Канфэрэнцыя афіцыйная, у большай частцы прадстаўлена адміністратарамі ад гістарычнай навукі. Што тычыцца маёй пазыцыі, то ў першую чаргу абмяркоўваць трэба пытаньні, зьвязаныя з найноўшай гісторыяй, гісторыяй ХХ стагодзьдзя. Важна паспрабаваць зразумець пазыцыі аднаго і другога боку ў праблеме Рыскага міру, падзеі верасьня 1939 году, дзейнасьць Арміі Краёвай у Беларусі падчас нямецкай акупацыі. Таксама тэма палянізацыі ў Заходняй Беларусі, стаўленьне беларускіх нацыянальных арганізацый да польскай дзяржаўнасьці ў міжваенны час. Праблемаў шмат цікавых і важных для абмеркаваньня. Але я ня ведаю, у якой ступені людзі пры пасадах здольныя вырашаць іх з польскімі дасьледчыкамі. Бо калі з польскага боку сапраўды ёсьць жаданьне наладжваць кантакт, то зь беларускага — чарговая імітацыя як самой дыскусіі, так і дэкляраванага супрацоўніцтва».

Арганізатарамі імпрэзы выступілі гістарычны факультэт БДУ, Польскі інстытут у Менску і гісторыка-сацыялягічны факультэт Унівэрсытэту ў Беластоку. Цягам двух дзён удзельнікі маюць абмеркаваць розныя ацэнкі складаных і спрэчных гістарычных праблемаў, а таксама прадставяць свае навуковыя падыходы да іх вырашэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG