Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра выхад ЗША з Парыскага пагадненьня аб супрацьдзеяньні глябальнаму пацяпленьню. Пагадненьне ўхваленае ў Парыжы ў 2015 годзе дзясяткамі дзяржаваў, якія зьяўляюцца асноўнымі забруджвальнікамі атмасфэры парніковымі газамі.
«Няма пляну Б, бо няма плянэты Б»: эўрапейскія лідэры крытыкуюць Трампа за выхад з Парыскага пагадненьня
Падпісаньне пагадненьня адбылося 22 красавіка 2016 году ў Нью-Ёрку. Адмаўляючыся ад удзелу ў Парыскім пагадненьні, ЗША становяцца ў адзін шэраг з Сырыяй і Нікарагуа, якія адмовіліся падпісваць дакумэнт, ухвалены 195 дзяржавамі сьвету. Крытыкі Трампа лічаць, што выхад Вашынгтона з Парыскага пагадненьня нанясе ўдар па намаганьнях сусьветнай супольнасьці ў барацьбе з глябальным пацяпленьнем.
ЗША займаюць другое месца пасьля Кітая паводле выкідаў у атмасфэру вуглякіслага газу. Былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў 2016 годзе абавязаўся да 2025 году скараціць абʼём выпрацоўваемых парніковых газаў на 26-28 працэнтаў у параўнаньні з узроўнем 2005 году.
Трамп можа не пасьпець выйсьці з Парыскага пагадненьня, — лідэрка беларускіх «Зялёных»
У ЗША выявілася нямала змагароў са зьменай клімату. Са зваротам да прэзыдэнта Трампа выступілі, у прыватнасьці, вугальныя кампаніі, якія лічацца адказнымі за парніковы эфэкт.
Найбольш рашуча выказаўся Ілан Маск, амэрыканскі мільярдэр, адзін з дарадцаў Белага дому, сузаснавальнік вядомых у сьвеце кампаній Tesla, SpaceX і PayPal. Маск заявіў, што ня бачыць для сябе «іншага выйсьця, акрамя як пакінуць раду пры Белым доме».