Пітная вада для жыхароў шэрагу мікрараёнаў на Паўднёвым Захадзе Менску (Сухарава, Малінаўка, Кунцаўшчына) стала лепшай якасьці. Пра гэта Свабодзе сказаў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч. Ён жыве ў Малінаўцы і ўжо 10 гадоў змагаецца з уладамі за права на чыстую ваду.
«Урэшце мясцовыя ўлады паклапаціліся пра людзей. Яны запусьцілі іншую сыстэму ачышчэньня з выкарыстаньнем гіпахлярыту натрыю. Я даведаўся, што цяпер з крана ідзе ня хлёрная вада, як раней, а дадаецца мякчэйшы рэагент. І якасьць, і смак вады палепшыліся.
Пакуль усё нядрэнна. Але трэба паглядзець, як гэтая тэхналёгія ўпраўляецца ў сьпякотны час. Гэта вельмі важна, бо ў сьпякоту вада якраз горш ачышчаецца. Таму трэба вызначыцца, ці хапае для якасьці вады новай тэхналёгіі, ці настойваць на дадатковых зьменах. Карацей, неабходна пабачыць, як новая тэхналёгія спрацоўвае ў розныя пэрыяды году», — кажа спадар Меляшкевіч.
Юрась Меляшкевіч скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Біяэкалёгія». Некалькі разоў балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і сталічнага гарсавету. У цэнтры ягонай праграмы было вырашэньне праблемаў зь якасьцю пітной вады. Хтосьці так і назваў яго — «кандыдатам чыстай вады».
Сёньня спадар Меляшкевіч заявіў, што зьбіраецца ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, якія павінны прайсьці ў Беларусі ў лютым 2018 году. Ён будзе выступаць за перавод усяго Менску на артэзіянскую ваду.