Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч не пускаюць у гомельскую бібліятэку


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Гомельская абласная бібліятэка імя Леніна адмовілася ад сустрэчы з нобэлеўскай ляўрэаткай у літаратуры, пісьменьніцай і зямлячкай Сьвятланай Алексіевіч.

Сустрэчу замаўляў на 7 ліпеня кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Бароўскі.

Дырэктарка бібліятэкі Марына Рафеева патлумачыла, што на гэты час заплянаваныя іншыя мерапрыемствы, да таго ж пачаліся летнія адпачынкі, а сустрэчу трэба грунтоўна рыхтаваць.

«Мы дамаўляліся пра магчымасьць такой сустрэчы, а не пра самую сустрэчу. Інфармацыя ад Бароўскага абсалютна неабгрунтаваная», — кажа Рафеева.

Марына Рафеева
Марына Рафеева

74-гадовы пісьменьнік Анатоль Бароўскі, у сваю чаргу, вельмі дзівіцца такой заяве дырэктаркі бібліятэкі:

«Пра сустрэчу зь Сьвятланай Алексіевіч з дырэктаркай бібліятэкі Рафеевай мы дамаўляліся, калі я знаходзіўся ў яе ў кабінэце. Вочы ў вочы. Яна вельмі ўзрадавалася прапанове, бо гэта ж такі прэстыж для бібліятэкі. Сама Рафеева нават сказала, што найлепшы час сустрэчы — 16:00, бо я прапаноўваў на 17 ці 18 гадзінаў. І дата абгаворвалася — менавіта 7 ліпеня. Абмеркавалі і вядоўцу сустрэчы.

Анатоль Бароўскі
Анатоль Бароўскі

Дырэктарка прапаноўвала, каб вядоўцам быў яе намесьнік у сувязях з грамадзкасьцю Алег Ананьеў. Я не пагадзіўся, ведаючы, што Ананьеў ня надта добра валодае беларускай мовай, а сустрэчу, як па мне, трэба было пачынаць менавіта па-беларуску. Вырашылі, што вядоўцам будзе іншая намесьніца дырэктаркі — Тацяна Барабаншчыкава».

Пісьменьнік Бароўскі мяркуе, што ініцыятыву не ўхвалілі мясцовыя улады — загадалі асадзіць назад.

Сама Сьвятлана Алексіевіч ужо пракамэнтавала гэтую падзею:

«На фоне тых званкоў з усяго сьвету, якія я сёньня атрымліваю, мне прыйшоў ліст. Пішуць, што абласная бібліятэка адмовілася прымаць, і я баюся, што ў школы ў Капаткевічах могуць узьнікнуць праблемы. Радзіма палохае».

Гомельская абласная бібліятэка імя Леніна ўжо другі раз адмаўляе чытачам у сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч — так было паўтара дзесяцігодзьдзя таму, калі Алексіевіч яшчэ не была ляўрэаткай Нобелеўскай прэміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG