Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ў іх прынята гаварыць паміж сабой „малыш“ і „дзевачка“, што тут казаць», — Матолька пра камэнтар Шуневіча


Антон Матолька
Антон Матолька

Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пракамэнтаваў журналістам спрэчку ў сеціве паміж блогерам Антонам Матолькам і прэс-сакратаром МУС Канстанцінам Шалькевічам.

Паводле міністра, Канстанцін Шалькевіч не дазволіў сабе «ніякіх хамскіх і некарэктных заяваў».

«Гэта вашы інтэрпрэтацыі. Ён нармальна адказаў, па-чалавечы, нармальнай мовай. Размова двух джэнтэльмэнаў. Адзін менш джэнтэльмэн, другі больш, я маю на ўвазе свайго. Ніякага разбору ня будзе», — заявіў Ігар Шуневіч.

Камэнтуючы такую рэакцыю міністра, блогер Антон Матолька сказаў карэспандэнту Свабоды:

— Я быў бы больш зьдзіўлены, калі б спадар Шуневіч сказаў, што, вывучыўшы запісы ў сацсетках асабіста, а ня толькі са слоў спадара джэнтэльмэна Канстанціна Шалькевіча, убачыў некарэктныя зносіны. І калі б ён сказаў, што насамрэч былі некарэктныя зносіны, прыносім прабачэньні, вось тады я быў бы зьдзіўлены. Ну а так — што тут казаць?! Як кажуць невядомыя мастакі: «Вы ж самі ўсё разумееце».

— Міністар кажа, што яго падначалены большы джэнтэльмэн...

— Я ж не спрачаюся, мае паводзіны былі не ідэальныя. Таксама недзе, магчыма, не зусім карэктныя. Аднак я не зьяўляюся кіраўніком прэс-службы МУС. І таму я, магчыма, магу дазволіць сабе такія вольнасьці. Але ад супрацоўніка такіх зносінаў і не чакалася. Але бывае. Гэта ня зносіны вядучага акаўнту дзяржаўнага Памежнага камітэту, які казаў, што вакол сарцір, а я тыпу дэзік. Таму тут, можа, нават і карэктна. Ну калі ў іх прынята так гаварыць паміж сабой — «малыш» і «дзевачка»... Ну бывае, што тут казаць.

— Міністар кажа, што ніякага разбору ня будзе...

— Калі кіраўніцтва лічыць гэта абсалютна нармальнымі дачыненьнямі, то пра які разбор можна казаць. Ну правядуць яго і скажуць, што гэта нармальныя зносіны. Тут нават пытаньне не ў разборы, а ў пазыцыі кіраўніцтва. У яго ўспрыняцьці: гэта нармальна ці не. Калі міністар лічыць такія зносіны нармальнымі, то пра што спрачацца? Пераканаць чалавека ў тым, што ёсьць карэктнае і некарэктнае, гэта будзе больш складана. Тут нават камэнтаваць няма чаго, бо камэнтары Шуневіча больш паказальныя, чым гэта ўсё«.

Падставай для спрэчкі ў «Фэйсбуку» стаў пост аб затрыманьні ў мэтро, дзе некалькі міліцыянтаў затрымліваюць да крыві зьбітага юнака. Спрэчка разгарэлася паміж удзельнікамі абмеркаваньня наконт асобаў у форме дзяржслужбоўцаў і іхных дзеяньняў. Удзел у абмеркаваньні прыняў таксама прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG