Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта здача пазыцый», — рэакцыя Назіральнай рады «Белсату» на пляны адкрыцьця рускамоўнай праграмы


Як ставяцца ў Беларусі да пэрспэктывы адкрыцьця расейскамоўнай праграмы на «Белсаце»?

Трусаў: «Фінансавых праблемаў гэта ня вырашыць»

Сябра назіральнай рады «Белсату» Алег Трусаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што ён катэгарычна супраць такой ініцыятывы:

Алег Трусаў
Алег Трусаў

— Я да гэтага стаўлюся адмоўна, і я пра гэта ня раз казаў кіраўніцтву «Белсату». Гэтая ідэя гучыць ужо некалькі гадоў, я на ўсіх пасяджэньнях выступаю супраць. Бо «Белсат» стваралі як беларускамоўную тэлевізію. Тым больш што руская мова там і так гучыць. І шмат. Там жа інтэрвію людзі даюць на любой мове. І ў перадачах бяруць удзел рускамоўныя, так што рускамоўных там, як удзельнікаў на «Белсаце», больш паловы і так. Я катэгарычна супраць і ня раз на радзе пра гэта казаў. Дарэчы, рада ўжо даўно не зьбіралася. Мабыць, таму яе і не зьбіраюць, таму робяць, што хочуць.

— Да чаго можа прывесьці зьяўленьне расейскамоўнай праграмы на «Белсаце»?

— Фінансавых праблемаў гэта не вырашыць. Наадварот, адверне беларускіх патрыётаў і ў выніку «Белсат» закрыюць. Гэта скончыцца тым, што «Белсат» зьнікне.

Колас: «Мы ведаем, чым вымашчаная дарога ў пекла»

Старшыня назіральнай рады «Белсату» Ўладзімер Колас сказаў Свабодзе, што апошнім часам стасункі рады з кіраўніцтвам тэлеканалу ідуць ня вельмі актыўна:

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

— Яны нашай думкай ня надта актыўна цікавяцца. Таму наконт гэтага з намі ніхто не раіўся. Безумоўна, калі гіпатэтычна ўзьнікалі нейкія варыянты, то мы да гэтага ставіліся катэгарычна адмоўна. Бо хапае рускамоўных каналаў. А захапіць аўдыторыю толькі рускай мовай, а ня зьместам, — гэта шлях, які вядзе зусім не да тых мэтаў, дзеля якіх ствараўся гэты тэлевізійны канал. Прынамсі гэта не адпавядае тым спадзяваньням, якія мы зьвязвалі з гэтым каналам.

— Да чаго можа прывесьці адкрыцьцё расейскамоўнай праграмы на «Белсаце»?

— Гэта ператворыць яго ў яшчэ адзін ардынарны, банальны сродак масавай інфармацыі, якіх і так хапае.

— Гэта можа дапамагчы знайсьці дадатковае фінансаваньне...

— Заўсёды мы ведаем, чым вымашчана дарога ў пекла. І якія заўгодна абгрунтаваньні і тлумачэньні можна даваць такім рэчам. Але гэта слабіна, гэта прагінаньне. Гэта нават ня крок назад, гэта здача пазыцый. Самай адметнай і найбольш яскравай рысай «Белсату» была ягоная беларускамоўнасьць. І калі ён пойдзе на саступкі, здрадзіць гэтай місіі, то цікавасьці да яго ні ў якім разе не дабавіцца.

Мінчонак: «Стаўлюся нармальна»

Генэральны прадусар «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак пакуль устрымаўся камэнтаваць сытуацыю.

Аляксей Мінчонак
Аляксей Мінчонак

— Я да гэтага стаўлюся нармальна. Я не магу камэнтаваць словы дырэктаркі, лягічней было б прасіць камэнтара ў яе. Але трэба пачакаць, неўзабаве будзе больш навінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG