У такім выпадку, заявіў чыноўнік падчас інтэрнэт-трансьляцыі, ужо ад 1 студзеня 2018 году шэнгенская віза для беларусаў патаньнее да 35 эўра.
«У чэрвені пройдуць чарговыя і, думаю, канчатковыя кансультацыі з Эўрапейскім зьвязам, — патлумачыў Аляксей Бягун. — Пасьля ўступленьня ў сілу пагадненьня шэнгенскія візы беларусы змогуць атрымліваць на больш доўгі тэрмін — у тым ліку на 3 і 5 гадоў».
Аляксей Бягун нагадаў, што Беларусь ня першы год вядзе кансультацыі і перамовы са структурамі Эўразьвязу дзеля спрашчэньня візавых фармальнасьцяў. Нарэшце працэс набліжаецца да лягічнага завяршэньня:
«Наш дыялёг то аднаўляўся, то прыпыняўся. Цяпер мы знаходзімся на завяршальным этапе, — распавёў Аляксей Бягун. — За выключэньнем некаторых няўзгодненых пытаньняў, мы завяршылі кансультацыі з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавых фармальнасьцяў. Дакумэнты практычна гатовыя да парафіяваньня».
На думку Бегуна, у рамках чэрвеньскага візыту ў Менск экспэртаў Эўразьвязу беларускі бок завершыць перамовы і здолее адстаяць пазыцыі, якія прапаноўваліся ў рамках пагадненьняў аб рэадмісіі і спрашчэньня паездак грамадзянаў у шэнгенскую зону.