Сяргей сказаў карэспандэнту Свабоды, што гаворка ідзе пра штрафы агульнай сумай у 1050 рублёў за ўдзел у акцыях пратэсту.
«За што вынесеныя гэтыя штрафы, я ўжо і ня памятаю. Даўно гэта было, недзе ў сьнежні 2016 году. Ведаю толькі, што па артыкуле 23.34» (несанкцыянаваныя акцыі).
Судовыя выканаўцы прыйшлі ў кватэру прыблізна а 14-й гадзіне, кажа Пальчэўскі:
«Яны папярэдне за пару гадзін патэлефанавалі, што прыйдуць. Прыйшлі, пачалі апісваць. На частку маёмасьці мы знайшлі чэкі, на тэлевізар і пральную машыну. Іх не апісвалі. Астатняе апісалі — насьценны гадзіньнік, люстру, дошку для прасаваньня, таксама апісалі мэблю, мікрахвалёўку ды мультыварку. Сказалі, што ў мяне ёсьць дзесяць сутак, каб выплаціць гэтыя штрафы, альбо тады яны будуць забіраць гэтыя рэчы ў даход дзяржавы. Відаць, можна яшчэ падаць у суд, каб прызналі, што гэта не мая маёмасьць, а маіх бацькоў», — кажа Сяргей Пальчэўскі.
Паводле Сяргея Пальчэўскага, ягоную маёмасьць — ноўтбук ды тэлефон — ужо даўно забралі супрацоўнікі КДБ.
15 красавіка Сяргей Пальчэўскі выйшаў на волю з турмы КДБ. Сяргей Пальчэўскі быў затрыманы ў той жа дзень, калі былі затрыманыя Дашкевіч і Леўчанка — 21 сакавіка. Пальчэўскі прыехаў да дому, дзе быў Дашкевіч, на машыне. Нейкія людзі выбілі шкло ў машыне і выцягнулі яго. Ён абвінавачваецца паводле артыкула 293, частка 3 — у арганізацыі масавых беспарадкаў.
Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што даў падпіску аб супрацы з КДБ пад псэўданімам «Артур». У сваёй заяве, распаўсюджанай у сацсетках, ён напісаў, што каецца ў гэтым перад Богам і людзьмі.