Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк у інтэрвію для інтэрнэт-выданьня informnapalm.org выказаў свае думкі наконт «справы патрыётаў», якая пачалася ў сакавіку з арыштаў былых актывістаў даўно неіснуючай арганізацыі «Белы легіён». Завядзеньне гэтай справы былы дэпутат, лідэр апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 1994 году тлумачыць меркаванымі плянамі кіраўніцтва Расеі захапіць Беларусь:
«Ніякага „Белага Легіёну“ ўжо даўно няма. Масква разумее, што ў выпадку расейскай акупацыі Беларусі гэтыя людзі, якія некалі былі ў „Белым легіёне“, маглі аказаць супраціў акупантам. Маскоўшчыну ж непакоіць адно — ці магчымы супраціў у Беларусі. У выпадку з Украінай яны былі перакананыя, што ўкраінскае грамадзтва бясьсільнае, што яно няздольнае абараніць сваю краіну. Украінская армія была развалена (гэтак жа, як цяпер развалілі беларускую). Таму і пайшлі на анэксію Крыму ды захоп Данбасу. Расейцы не разьлічвалі, што ўкраінцы згуртуюцца й пачнуць бараніць свой край. Цяпер яны гэта ўлічваюць у дачыненьні да Беларусі, таму і маем гэтую сфабрыкаваную справу патрыётаў. Тут маскоўская „зачыстка“ беларускага поля магчымага супраціву», — кажа Зянон Пазьняк.
У 1996 годзе Зянон Пазьняк зьехаў зь Беларусі, бо, казаў, была пагроза ягонаму жыцьцю з боку беларускіх уладаў. Цяпер Зянон Пазьняк жыве ў ЗША, дзе атрымаў палітычны прытулак.
Яшчэ адна істотная тэма ў вэрсіі Зянона Пазьняка адносна справы «Белага легіёну» — дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў у асяродзьдзі беларускіх сілавікоў.
«Гібрыдная вайна ў дачыненьні да Беларусі вядзецца таксама ўжо даўно. Перадусім на адукацыйным і кадравым узроўні. Практычна зьнішчаная беларуская школа, практычна забароненая ў грамадзкім ужытку беларуская мова, даўно зьнішчаныя беларускія падручнікі. Рэжым робіць усё, каб у людзей не было волі да супраціву, каб яны былі ня здольныя думаць па-дзяржаўнаму. Адбываецца тое самае, што было і ва Ўкраіне: яны абстаўляюць тут свае кадры, сваіх афіцэраў у войску і сілавых структурах. Апроч гэтага, беларуская эканоміка затарможаная ва ўчорашнім дні. Расея проста не дае ёй разьвівацца і робіць усё, каб Беларусь і надалей была прывязаная да расейскага рынку і рэсурсаў. Генштаб Узброеных Сілаў Беларусі прарасейскі, на ключавых пасадах знаходзяцца людзі, зьвязаныя з Расеяй. Усё гэта — падрыхтоўка для захопу Беларусі».
28 траўня ў Нью-Ёрку каля кансуляту Беларусі прайшла акцыя пратэсту супроць перасьледу арыштаваных беларускіх патрыётаў з колішняга «Белага легіёну». Прамоўцам быў Зянон Пазьняк, у акцыі ўзялі ўдзел больш за 10 беларусаў-уцекачоў. Беларускі палітык выказаўся супраць правядзеньня на тэрыторыі Беларусі восеньню 2017 году маштабных манэўраў з удзелам расейскіх вайскоўцаў.
«Што гэта азначае для Беларусі? Гэта азначае, што рыхтуецца акупацыя. Гэтак было ў 1939 годзе, калі ў прыбалтыйскія краіны спачатку ўвялі вайсковыя базы, а потым усьлед за базамі свае войскі і акупавалі гэтыя краіны. Гэта непасрэдная небясьпека для дзьвюх краін. Для Ўкраіны і для Беларусі. Экспэрты мяркуюць, што ўвод гэтых войскаў у першую чаргу зьвязаны з тым, каб стварыць групоўку і пагражаць Украіне. І адначасна цалкам выкарыстаць тэрыторыю Беларусі, яе людзкія рэсурсы і нават яе войска. Такім чынам, мы павінны сур’ёзна да гэтага паставіцца: рыхтуецца акупацыя нашай краіны. Ніхто ня мае права ўводзіць на тэрыторыю сувэрэннай краіны такую вялікую колькасьць войскаў», — сказаў на акцыі ў Нью-Ёрку Зянон Пазьняк.
Паводле абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі, у сумесных манэўрах «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана больш за 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў, дзясяткі танкаў, самалётаў ды іншая баявая тэхніка. У Літве і Польшчы ўжо выказалі занепакоенасьць, што манэўры «Захад-2017» нясуць пагрозу гэтым краінам.