Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сродкаў шкадаваць ня трэба»: Лукашэнка загадаў правесьці парад на Дзень Рэспублікі


Аляксандар Лукашэнка даручыў зладзіць «на высокім узроўні» парад на Дзень Рэспублікі, або Дзень Незалежнасьці (адзначаецца 3 ліпеня), перадае БелТА.

«Мы прынялі рашэньне, што праводзім парад у сёлета. Сродкаў на гэта шкадаваць ня трэба, тым больш яны не такія ўжо і вялікія, — заявіў Лукашэнка. — Ён павінен быць сапраўдным парадам, уражлівым. Для гэтага і праводзіцца. Гэта дэманстрацыя, мы паказваем людзям, што мы нездарма ямо ваенны хлеб».

У час параду Лукашэнка хоча пабачыць ня толькі вайскоўцаў, але і памежнікаў, МУС і МНС, прыклады сучаснай цывільнай тэхнікі:

«Мяне турбуе, што нашы людзі — ня ўсе, а значная частка — ня ведаюць, чым жыве цывільная Беларусь, што мы ствараем нават у гэтыя складаныя, няпростыя часы. Бо ёсьць што паказаць. І гэта надоўга застаецца ў памяці людзей», — растлумачыў Лукашэнка.

Колькі каштуюць парады на Дзень Рэспублікі, звычайна не гаворыцца. Незалежныя экспэрты кажуць пра дзясяткі мільёнаў даляраў, прадстаўнікі Мінабароны — пра «як па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару». Менчукі звычайна абураюцца гучнай падрыхтоўкай да парадаў у цэнтры гораду і разьбітымі дарогамі пасьля праезду цяжкай тэхнікі.

Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаўся ад 1991 году 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Перанос даты на 3 ліпеня — гадавіну вызваленьня Менску саветамі ад войскаў нацыстаў — адбыўся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году (празь яго ж былі пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі — Беларусь ператварылася з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, да рэфэрэндуму і ў час яго адзначаліся шматлікія парушэньні). Незалежная грамадзкасьць адзначае як гадавіну незалежнасьці Беларусі Дзень Волі 25 сакавіка — у дзень прыняцьця ў 1918 годзе Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG