Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы пад Магілёвам спадзяваньні на рамонт дарог — толькі на Максіма Багдановіча


Пад Магілёвам у пасёлку Малая Бароўка адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу. Вялікі камень з шыльдаю і высечаным на ёй фрагмэнтам верша «Пагоня» усталявалі на вуліцы імя Багдановіча. На мармуровай таблічцы адзначана: ад жыхароў пасёлка да 125-годзьдзя паэта. Грошы на выраб памятнага знаку тутэйшыя зьбіралі талакой.

«Узімку я гутарыў з жыхарамі вуліцы і некаторыя наракалі, што яна названая імем Багдановіча, але ня кожны ведае, хто гэта такі», — казаў на ўрачыстасьці адкрыцьця памятнага знаку адзін з ініцыятараў яго ўсталяваньня Ўладзімер Пухоўскі.

«Тады і нарадзілася ідэя ўвекавечыць імя паэта, паставіўшы на пачатку вуліцы памятны знак. Улада не перашкаджала. Задуму ўзгаднілі з райвыканкамам, які ня быў супраць, — расказваў Пухоўскі. — Сьпяваюць жа песьні на вершы Багдановіча, самі вершы вывучаюць у школе дзеці. Абралі верш „Пагоня“, бо такі знак на гербе Магілёва ды і Мулявін так натхнёна сьпявае аднайменную песьню».

На адкрыцьцё памятнага знаку сабралася нямала людзей: раней такіх урачыстасьцяў у паселішчы не было.

«Для нашай вуліцы адкрыцьцё памятнага знаку важная падзея, — казаў у гутарцы з журналістам адзін з жыхароў пасёлка. — Багдановіч вялікі паэт. Дзень яго нараджэньня і дзень памяці шырока адзначаецца беларусамі ня толькі ў самой Беларусі, але па-за межамі краіны. Чаго варты яго верш „Пагоня“, які расказвае пра нашу старажытную гісторыю. Цяпер і мы будзем ля гэтага памятнага знаку адзначаць багдановічавы ўгодкі».

Уладзімер Пухоўскі ў цэнтры
Уладзімер Пухоўскі ў цэнтры

Ля памятнага знаку чыталі вершы дарослыя і дзеці. Захапляліся, што Багдановіч, ня жыўшы ў Беларусі, вывучыў беларускую мову і на ёй ствараў свае творы. Нямала жыхароў прыйшлі на вуліцу Багдановіча з кветкамі, якія паклалі да каменя з «Пагоняю».

«Я тут жыву з двух гадоў і лічу, што для моладзі такі падарунак, як памятны, знак дужа важны, — казала маладая маці, яка прывяла дачку на імпрэзу. — „Зорку Вэнэру“, якая ўзышла над зямлёй, я памятую са школы і захапляюся, як так можна было таленавіта скласьці беларускія словы ў вершы».

Школьнікі чытаюць вершы Багдановіча
Школьнікі чытаюць вершы Багдановіча

«Цяпер жыхары вуліцы і самога пасёлку будуць ведаць, хто такі Багдановіч і ганарыцца ім», — выказала меркаваньне яшчэ адна суразмоўніца, якая працуе ў школе і на ўрачыстасьць прывяла сваіх вучняў, каб тыя прачыталі вершы Багдановіча.

«Як дзеці даведаліся, што давядзецца выступаць на такой імпрэзе, то паставіліся адказна да гэтага. З натхненьнем рыхтаваліся, — адзначыла настаўніца. — Наагул варта паставіць такія памятныя знакі ня толькі Багдановічу, але і Коласу, Купалу, Караткевічу. Беларускія творцы заслужылі гэта».

Паўдзельнічаць у адкрыцьці памятнага знаку прыехалі госьці з Магілёву. У цэнтры Міхась Булавацкі.
Паўдзельнічаць у адкрыцьці памятнага знаку прыехалі госьці з Магілёву. У цэнтры Міхась Булавацкі.

Бальшыня жыхароў вуліцы Багдановіча і суседніх зь ёю разглядаюць зьяўленьне памятнага знаку, як прыкмету таго, што неўзабаве, пасьля шматгадовых змаганьняў, ім адрамантуюць дарогі.

«Можа, Багдановіч нагадае чыноўнікам пра стан нашых дарог, — скардзіліся журналісту пасялкоўцы. — Вы ж паглядзіце, якія выбоіны, як непагадзь — не прайсьці. Колькі ўжо пісалі ў райвыканкам, але нас ня чуюць. А цяпер у нас такі памятны знак — куды ад яго падзецца».

Выказваліся меркаваньні, ці не зрабіць дзень адкрыцьця памятнага знаку Днём вуліцы і завулку Багдановіча.

Вуліца імя Багдановіча немалая — пад два кілямэтры. Ніводнай беларускамоўнай шыльды на паўсотні тутэйшых дамоў пабачыць не давялося. Не знайшлося месца беларускай мове і ў завулку імя Багдановіча. Па сваёй даўжыні ён не саступае аднайменнай вуліцы.

Вуліца і завулак, акрамя назвы, ад іншых пасялковых вулак нічым адметным не вылучаліся да ўсталяваньня памятнага знаку. Забудаваныя яны пераважна дыхтоўнымі катэджамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG