Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што дэвальвацыя расейскага рубля, якая рыхтуецца ўладамі Расеі, ня выкліча падаражэньня кошту будаўніцтва Беларускай АЭС.
«Праект будзе рэалізаваны. Нейкія долі сумневу ў кагосьці маглі быць, зьвязаныя з рознымі аспэктамі далейшай эксплюатацыі, збытам энэргіі. Але цяпер ёсьць стоадсоткавая ўпэўненасьць, што ўсё нармальна рэалізуецца і будзе мець станоўчы эфэкт для Беларусі», — цытуе БелТА Сурыкава.
Амбасадар Расеі ў шэрагу іншых дыпляматаў наведаў 26 траўня пляцоўку будаўніцтва БелАЭС.
Таксама Аляксандар Сурыкаў паведаміў пра наяўнасьць рэзэрвовых пляцовак пад будаўніцтва яшчэ двух рэактараў.
«Вяліся прапрацоўкі, што ў выпадку нармальнага разьвіцьця падзей і рынкаў збыту электраэнэргіі, а таксама спадарожнага цяпла, ёсьць рэзэрвовыя пляцоўкі пад будаўніцтва яшчэ двух рэактараў — падваеньня магутнасьці тут жа, таму што геалягічныя ўмовы тут самыя спрыяльныя. Інфраструктура ўся будзе, працуючыя два рэактары будуць — можна думаць над пэрспэктывай пашырэньня гэтага абʼекта», — сказаў Аляксандар Сурыкаў.
Каля 25 акрэдытаваных у Беларусі дыпляматаў наведваюць сёньня пляцоўку будаўніцтва БелАЭС. Сярод іх амбасадары Вялікай Брытаніі, ФРГ, Украіны, Румыніі, ААЭ і іншых краін. Літоўскія дыпляматы і СМІ адмовіліся ад удзелу ў гэтай паездцы, арганізаванай беларускім МЗС.