Вынікаў конкурсу на эскіз мэмарыялу пакуль няма, але людзям ужо прапаноўваюць пераводзіць сродкі на спэцыяльны рахунак.
Абвестка пра збор сродкаў на пабудову мэмарыялу трансьлюецца на беларускіх тэлеканалах.
Як паведаміла Свабодзе кіраўніца аддзелу арганізацыйнай работы і інфармацыі Міністэрства культуры Ілона Немава, замовіў абвесткі Нацыянальны цэнтар сучаснага мастацтва Беларусі.
Гэтая ўстанова фігуруе ў «Палажэньні пра парадак арганізацыі і правядзеньня конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку «Курапаты». Менавіта ў яе сьценах павінны былі быць прадстаўленыя конкурсныя работы і мусіў адбыцца выбар пераможцы.
Таксама ў палажэньні гаворыцца, што «вынікі конкурсу публікуюцца ў тыднёвы тэрмін пасьля вынясеньня рашэньня журы на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь». Але як паведаміла Свабодзе Ілона Немава, вынікаў конкурсу пакуль няма.
Атрымліваецца, што людзі, якія вырашаць ахвяраваць грошы на мэмарыял, ня будуць ведаць, ні як ён будзе выглядаць, ні якую тэкставую інфармацыю на ім зьмесьцяць.
Такую думку выказаў мастак Аляксей Марачкін, які ўзначальвае журы незалежнага конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял». Гэты конкурс доўжыўся больш за год, на яго было прадстаўлена каля 50 твораў у самых розных жанрах: літаратура, музыка, жывапіс, графіка, скульптурная кампазыцыя, інсталяцыя, тэхна-арт. Першы этап конкурсу скончыўся ў красавіку 2017 году.
«Я мушу адзначыць, што ад сустрэчы зь міністрам культуры, у якой удзельнічалі я, Марат Гаравы і Вацлаў Арэшка, быў плён — усё ж такі на дзяржаўным узроўні пачалася нейкая дзейнасьць што да мэмарыялу ў Курапатах.
Што тычыцца збору сродкаў... Глядзіце, на шматлікія лядовыя палацы грошы ёсьць, а на помнік ахвярам — няма. Ну добра, можна патлумачыць, што народны мэмарыял павінен быць пабудаваны на сабраныя народам сродкі. Гэта сымбалічна. Але ўсё роўна не з таго пачынаюць. Спачатку трэба паказаць, які праект мэмарыялу зацьверджаны, на што зьбіраем сродкі. Можа, там такі праект, што будзе сорамна за гэтую капейчыну, якую ахвяруеш».
Арганізатары незалежнага конкурсу абвясьцілі пра старт другога этапу спаборніцтва — ён працягнецца да лютага 2018 году. Усе работы, якія ўдзельнічаюць у незалежным конкурсе «Курапаты — народны мэмарыял», даступныя для ўсіх ахвочых іх паглядзець.