Сёлета ў красавіку паводле міжнароднага дасьледаваньня агенцтва Ernst&Young Украіна ўзначаліла рэйтынг карупцыі ў бізнэсе. Фактычна гэтыя зьвесткі падагульнілі шматгадовыя неаднаразовыя патрабаваньні міжнародных партнэраў, якія фінансава ды тэхнічна дапамагаюць Украіне ў правядзеньні рэформаў, актывізаваць барацьбу з карупцыяй.
Пры гэтым украінскія мэдыя стала публікавалі вынікі карупцыйных журналісцкіх расьсьледаваньняў, але яны ніякім чынам не перарасталі ў крымінальныя справы. Пакуль у адзін дзень па выніках амаль 500 адначасовых ператрусаў у 15 абласных цэнтрах Украіны не затрымалі 23 былых і дзейных кіраўнікоў падатковых інспэкцыяў. Гэта стала найбольшай у гісторыі новай Украіны спэцыяльнай апэрацыяй у барацьбе з карупцыяй.
Чырвоныя сьцяжкі перад вялікім паляваньнем
Першай (пасьля зьмены ў 2014 годзе ўлады) гучнай справай, што магла прадэманстраваць палітычную волю новага кіраўніцтва краіны ў барацьбе з карупцыяю, стала справа старшыні Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях Сяргея Бачкоўскага. Яго затрымалі ў жывым эфіры на паседжаньні ўраду. Пазьней справа была перададзеная ў суд, але ў ёй дагэтуль няма рашэньня.
З таго часу амаль штодня праваахоўныя органы паведамлялі пра затрыманых за вымаганьне хабараў на розных узроўнях улады, але да вышэйшых эшалёнаў падабрацца не маглі.
Ад 2015 году да справы далучылася новастворанае Антыкарупцыйнае бюро, па выніках працы якога сёлета ў сакавіку адбылося новае рэзананснае затрыманьне — кіраўніка Дзяржаўнай фіскальнай службы Рамана Насірава, якога падазраюць у злоўжываньні ўладай падчас асабістага падпісаньня рашэньняў аб растэрміноўцы падатковых даўгоў. Да свайго прызначэньня ва ўрад Раман Насіраў быў дэпутатам Вярхоўнай Рады, да якой выбіраўся паводле сьпісаў Блёку Пятра Парашэнкі. Кіраўнік фіскальнай службы выйшаў са сьледчага ізалятару з электронным бранзалетам, заплаціўшы рэкордны заклад у 100 мільёнаў грыўняў (амаль 4 мільёны даляраў у эквіваленце).
Дарэчы, якраз Раман Насіраў, як запэўніваюць пракуроры, дапамог раскрыць карупцыйную схему часоў Віктара Януковіча. Менавіта ў гэтай справе напярэдадні і праводзілася спэцыяльная апэрацыя. Што праўда, як кажуць у Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры, дапамога Рамана Насірава ў гэтым расьсьледаваньні ніякім чынам не ўратуе ад адказнасьці ў ягонай крымінальнай справе.
Начныя суды з парадам грашовых закладаў
У часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча працавалі так званыя падатковыя пляцоўкі. Яшчэ тады ўкраінскія СМІ называлі іх маштабнай карупцыйнай схемай і прыпісвалі аўтарства тагачаснаму міністру даходаў і збораў Аляксандру Кліменку (супраць яго таксама заведзеная крымінальная справа). Такія пляцоўкі, што працавалі пад прыкрыцьцём праваахоўных органаў, за адсотак дапамагалі прадпрыемствам ухіляцца да падаткаў і пераводзіць у гатоўку безнаяўныя грошы. Паводле сьледзтва, у выніку дзейнасьці гэтай злачыннай арганізацыі дзяржаве нанесеная шкода амаль на 96 мільярдаў грыўняў (1 даляр ЗША — 26,26 грыўняў).
У справе затрыманыя 23 падаткавікі з Кіеўскай, Луганскай, Палтаўскай, Харкаўскай абласьцей ды Крыму, некаторыя зь іх дагэтуль працавалі ў сыстэме фіскальнай службы. Паводле пракуратуры, падчас ператрусаў у іхных прыватных жылых памяшканьнях былі знойдзеныя каштоўнасьці, зброя і вялікія сумы грошай. «Рэкардсмэнам» стаў колішні кіраўнік дзяржаўнай падатковай службы ў Луганскай вобласьці Аляксандар Анціпаў — пры затрыманьні ў яго было канфіскавана 3,8 мільёна даляраў гатоўкаю.
«Рэальны сэктар эканомікі, які гэтыя гора-кіраўнікі заганялі на падатковыя пляцоўкі з адлічэньнем ад 6 да 11 адсоткаў за нявыплачаныя падаткі, не будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Мы знайшлі альгарытм прыцягненьня да адказнасьці тых, хто гэта арганізаваў і нажываўся на гэтым. А рэальны сэктар эканомікі ад іх цярпеў», — сказаў галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціяс. Ён заклікаў кіраўнікоў такіх прадпрыемстваў даць свае сьведчаньні ў справе.
У Кіеў усе затрыманыя дастаўляліся на вайсковых верталётах, што трансьлявалася ў жывых тэлеэфірах. А пасьля допытаў у пракуратуры палавіну зь іх суды вызвалілі пад асабістыя абавязаньні і заклад у памеры ад 1 да 15 мільёнаў грыўняў (ад 38 да 500 тысяч даляраў у эквіваленце). У той час, як сьледчыя хадайнічалі пра арышт на 2 месяцы. Наконт іншых фігурантаў суды прымуць рашэньні сёньня, 25 траўня.
Перспэктывы справы
Экспэрты пакуль схіляюцца да думкі, што частка затрыманых зможа пазьбегнуць пакараньня. І пэўным пацьвярджэньнем гэтага ёсьць судовыя паседжаньні, падчас якіх фігуранты справы фактычна вызваляліся пад грашовыя заклады. З другога боку, экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што масавыя затрыманьні адбыліся якраз у той дзень, калі генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка выступаў са справаздачай у парлямэнце аб выніках сваёй дзейнасьці за год на пасадзе.
«Мы бачылі бэнэфіс ГПУ пры дзіўных абставінах. Я б падагуліла: ва Ўкраіне варта красьці мільёны і мільярды, каб мець адкупныя. Небясьпечней красьці мала, па некалькі тысяч даляраў. У справах службовых асобаў — новая схема: перакваліфікаваць справу на „нявыплату падаткаў“, а далей — штраф і закрыцьцё справы. Гэта не супадзеньне, што апэрацыя адбываецца ў дзень справаздачы кіраўніка ГПУ», — сказала Радыё Свабода выканаўчая дырэктарка Цэнтру процідзеяньня карупцыі Дар’я Калянюк.
Паводле яе, пра рэальны антыкарупцыйны эфэкт спэцапэрацыі можна будзе казаць толькі ў выпадку абвінаваўчых прысудаў у дачыненьні да затрыманых. Аднак Дар’я Калянюк прызнае, што «схема Кліменкі», за якую затрымалі экс-падаткавікоў, на самой справе існуе, і сярод затрыманых апынуліся яе сапраўдныя выканаўцы ды суарганізатары.
«Хацелася б, каб гэта не было „пшыкам“, калі будуць адказваць толькі выканаўцы. Хачу, каб гэта было сапраўды перамогай і каб чыноўнікі адказвалі перад законам: як колішнія, гэтак і цяперашнія», — спадзяецца актывістка.