Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд адмовіў руху «За Свабоду», які аспрэчваў папярэджаньне Мінюсту за 25 сакавіка


Вярхоўны суд 24 траўня адмовіў у задавальненьні скаргі руху «За Свабоду» на афіцыйнае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі, вынесенае 29 сакавіка за заклікі да ўдзелу ў акцыі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка ў Мінску. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Рашэньне прыняла судзьдзя Нэла Коўшун. Папярэджаньне вынесена за тое, што неназваны прадстаўнік руху «За Свабоду», паводле дадзеных Мінюсту, быў арганізатарам акцыі 25 сакавіка і заклікаў на яе да таго, як быў атрыманы афіцыйны дазвол на яе правядзеньне.

У руху «За Свабоду» лічаць папярэджаньне незаконным. На думку арганізацыі, Міністэрства юстыцыі ня толькі не патлумачыла, якім чынам дзеяньні аднаго з заяўнікаў прывялі да парушэньня заканадаўства аб`яднаньнем, але і не назвала ні імя гэтага чалавека, ні СМІ, зь якога ў міністэрстве даведаліся пра заклікі да ўдзелу ў недазволенай акцыі.

«Мы не дэлегавалі ніводнаму свайму актывісту права прадстаўляць арганізацыю пры падачы заяўкі на вулічнае мерапрыемства, — заявіў у судзе старшыня руху „За Свабоду“ Юрась Губарэвіч. — У заяўцы на яго правядзеньне ня значыцца, што Аляксандр Русевіч (яго прозьвішча было сярод пяці заяўнікаў) зьяўляецца членам руху „За Свабоду“. Публікацыі ў СМІ ня могуць зьяўляцца пацьверджаньнем таго, што яго дэлегавала ў якасьці заяўніка акцыі менавіта арганізацыя. Мінюст, выносячы папярэджаньне, павінен ацэньваць законнасьць дзеяньняў не фізычнай, а юрыдычнай асобы».

Аналягічныя папярэджаньні былі вынесеныя Аб`яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ. Гэтыя арганізацыі таксама спрабавалі абскардзіць дзеяньні Мінюста, але Вярхоўны суд адмовіў у задавальненьні іх скаргаў (17 і 19 траўня адпаведна).

Падчас акцыі 25 на Дзень Волі толькі ў Менску было затрымана каля 700 чалавек. Напярэдадні акцыі арганізатары анулявалі сваю заяўку на яе правядзеньне з прычыны непрымальнасьці прапанаванага Мінгарвыканкамам фармату мерапрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG