Двум фігурантам справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» — Андрэю Дундукову і Ўладзімеру Фёдараву — працягнулі абраную меру стрыманьня.
Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Андрэй Дундукоў, які быў затрыманы 21 сакавіка і знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага, застанецца пад вартай яшчэ на чатыры месяцы. А Ўладзімеру Фёдараву, які быў затрыманы 29 сакавіка і знаходзіцца ў СІЗА КДБ, працягнулі знаходжаньне пад вартай на два месяцы. Дундукоў і Фёдараў абвінавачваюцца па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу («Масавыя беспарадкі»). У той жа час яны праходзяць па справе, узбуджанай па артыкуле 287 КК («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»).
Паводле «Вясны», пакуль толькі аднаму з 16 фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», якія ўтрымліваюцца пад вартай — актывісту Сяргею Кунцэвічу — не прадʼяўлена дадатковае абвінавачаньне.