«Мы займаем сьціплае 18-е месца ў сьвеце, — цытуе БЕЛТА старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Сяргея Гурулёва — Невялікая краіна, але ўваходзім у топ-25 краін па гандлі асноўнымі відамі ўзбраеньня, а ўдзельнікаў — больш за 100 краін».
Гурулёў спасылаецца на дадзеныя Стакгольмскага міжнароднага інстытуту праблем міру. Па словах старшыні ВПК, Беларусь сёньня можа вырабляць усю лінейку ўзбраеньня, якая існуе ў сьвеце.
Многія навінкі беларускага ваенна-прамысловага комплексу прадставілі на 8-й Міжнароднай выставе ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі MILEX-2017 у Менску.
Ці сапраўды вытворчасьць беларускіх заводаў узбраеньня адпавядае міжнародным стандартам? Зь меркаваньнем старшыні камітэту пагаджаецца ваенны экспэрт Аляксандар Алесін. Па ягоных словах, у шэрагу галін сучаснага ўзбраеньня Беларусь калі не займае першыя месцы, то знаходзіцца ў вядучай групе.
«Гэта дастаткова прасунутая тэхніка, і яна не такая дарагая, як у заходніх вытворцаў, — сказаў Свабодзе Алесін. — Таму мы цалкам можам зь імі канкураваць. Беларускія сродкі абароненай сувязі адныя зь лепшых у сьвеце. Я думаю, у першую дзясятку па гэтым паказчыку мы ўваходзім».
Сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы і сродкі падаўленьня бесьпілотнікаў — адна з найбольш разьвітых галінаў ваенна-прамысловага комплексу. Як тлумачыць Алесін, беларускія сродкі радыёэлектроннай барацьбы могуць перарваць сыгнал бесьпілотніка са спадарожнікам, парушыць сыгнал з апэратарам і пасадзіць самалёт там у патрэбным месцы.
«Беларускія радыёлякатары зараз здольныя выяўляць самалёты і бесьпілотныя прыстасаваньні, і крылатыя ракеты, вырабленыя па тэхналёгіі Стэлс», — кажа Алесін.
У той жа час у нас разьвіваецца і вытворчасьць бесьпілотных лятальных апаратаў. Па словах Аляксандра Алесіна, Беларусь знаходзіцца на перадавых пазыцыях у вытворчасьці бесьпілотнікаў.
Таксама ў краіне арганізаваная вытворчасьць безьпілотных сухапутных прыстасаваньняў. Гэта робаты, якія рухаюцца па зямлі.
«Паміраць нікому ня хочацца, — кажа Алесін. — Ва ўсім сьвеце зараз ганяюцца за робатамі, якія без удзелу людзей выконваюць баявыя задачы».
Апошняе нашае дасягненьне Беларусі ў гэтай галіне — супрацьтанкавы робат «Багамол». Па камандах з аддаленага пункту кіраваньня ён можа сам засекчы цэль, вызначаць, ці яна варожая, і па сыгнале апэратару ці ў аўтаматычным рэжыме стрэліць па ёй.
«Гэта перадавы край нашых дасягненьняў», — кажа Алесін
Акрамя таго, працягваецца вытворчасьць традыцыйнай тэхнікі — сродкаў рухомасьці. Напрыклад, прадстаўлены ня так даўно бранявік «Кайман» і іншыя тактычныя аўтамабілі завода колавых цягачоў.
«Быццам бы, нічога новага ў ёй няма. Але безь яе не даставіць ні ўзбраеньня, ні салдат, ні боепрыпасаў».
На дзіва, галоўную ролю на рынку ўзбраеньня ў Беларусі граюць прыватныя кампаніі. Гэта тлумачыцца тым, што ў ваенна-прамысловым комплексе не было такіх вялікіх знакавых марак, як трактары «Беларус» ці аўтамабілі МАЗ у грамадзянскім машынабудаваньні.
«Гэта рызыкоўны бізнэс, які адкрылі былыя супрацоўнікі ВПК, ці вайскоўцы, якія сышлі зь дзяржслужбы і пайшлі ў бізнэс, — кажа Алесін. — Яны хутка бяруцца за такія тэмы, зь якімі дзяржаўныя прадпрыемствы не рызыкуюць. Дзяржпрадпрыемствы даволі непаваротлівыя, чакаюць загаду зьверху».
Таксама замежныя кампаніі больш ахвотна ідуць на супрацоўніцтва з прыватнымі вытворцамі ўзбраеньня.
«Гэты рынак разьвіваецца ўва многім, бо тут больш свабоды. Прыватнікі хутка арыентуюцца, сочаць за каньюктурай, і пасьпяваюць за ёй. У нас у сфэры ВПК, як гэта не падаецца парадаксальным, больш свабод для прыватнага бізнэсу».