Спыненыя летась працы ў рамках дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы між Валынскай ды Берасьцейскай вобласьцю дагэтуль не адноўленыя.
«Цяпер зацішша. Мае адбыцца яшчэ адно выязное паседжаньне камісіі, створанай Валынскаю абласною радаю, якая апошні раз зьбіралася ў сакавіку-красавіку. Яна чакае дакумэнты з усіх архіваў. Магчыма, будзе залучаны і беларускі бок», — сказаў Радыё Свабода сакратар Ветлаўскай сельскай рады Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці Ўладзімер Дышко.
Паводле яго, дата правядзеньня паседжаньня камісіі будзе вызначаная пасьля таго, як камісія атрымае ўсе дакумэнты з абласнога ды кіеўскага архіваў адносна ўсталяваньня межаў між Беларусьсю ды Ўкраінаю. «Частку гэтых дакумэнтаў апрацавалі. Пакуль што канчатковага вырашэньня пытаньня няма», — дадаў прадстаўнік мясцовай улады.
Летась у лютым Луцкі памежны атрад выявіў факт парушэньня рэжыму дзяржаўнай мяжы супрацоўнікамі Драгічынскага прадпрыемства мэліярацыйных сыстэм Беларусі пры выкананьні дэмаркацыйных прац па ачыстцы прасекі ўздоўж лініі дзяржаўнай мяжы ў межах Горкаўскай сельскай рады Любяшоўскага раёну. Падчас выкананьня гэтых прац беларускія супрацоўнікі высеклі 139 дрэваў на тэрыторыі Ўкраіны на глыбіню да 3 мэтраў і на даўжыню 500 мэтраў уздоўж дзяржаўнай мяжы. Паводле інфармацыі Валынскай абласной рады, тады беларускі бок прызнаў факт парушэньня рэжыму дзяржаўнай мяжы.
Паводле інфармацыі Валынскай абласной рады, на сакавік 2016 году беларускі бок пасьпеў устанавіць на гэтым участку 476 памежных знакаў.
Жыхары вёскі Ветлы Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці ў траўні 2016 году выйшлі на пратэст супраць дэмаркацыі зь беларускага боку мяжы з Украінаю, перакрыўшы дарогі і блякуючы працы беларускага боку.
Акцыя пратэсту жыхароў Ветлаў у траўні 2016 году
Праблемным участкам стаў Жыроўскі канал, які згодна з дамовай пра дзяржаўную мяжу належыць Беларусі. Мясцовыя жыхары перакананыя, што ў выніку няправільнай дэмаркацыі мяжы Ўкраіна страціла больш за 50 гектараў зямлі і каля 100 кубамэтраў лесу, а таксама рызыкуе страціць найбольшы ў гэтай мясцовасьці вадаём — возера Белае. Беларускі бок вымушаны быў спыніць працы па дэмаркацыі.
Сёлета на сустрэчы 28 красавіка беларускі ды ўкраінскі прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка дамовіліся неўзабаве завяршыць дэмаркацыю агульнай мяжы. «Мы дамовіліся ў найбліжэйшай будучыні завяршыць працэс дэмаркацыі нашых дзяржаўных межаў, што стане дадатковым фактарам узмацненьня бясьпекі дзьвюх краін», — сказаў тады Пятро Парашэнка.
Беларусь і Ўкраіна падпісалі дамову пра дзяржаўную мяжу 12 траўня 1997 году. У тым самым годзе яго ратыфікавала Вярхоўная Рада Ўкраіны. Нацыянальны сход Беларусі выканаў адпаведную працэдуру толькі ў 2010 годзе, і яшчэ праз тры гады пасьля гэтага бакі абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі.
Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы пачалася з урачыстага адкрыцьця 13 лістапада 2013 году першага памежнага знака ў месцы сыходжаньня дзяржаўных межаў Украіны, Беларусі і Расеі.
30 ліпеня 2014 году ў Чарнігаве ўрады Беларусі і Ўкраіны падпісалі палажэньне пра дэмаркацыю мяжы, агульная працягласьць якой складае 1084,2 кілямэтраў (у межах Чарнігаўскай вобласьці — 227 кілямэтраў).