Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моцным крокам было б, калі б Лукашэнка памілаваў гэтых людзей»


Якім чынам крымінальная справа «Белага легіёну» можа паўплываць на адносіны Беларусі з Захадам? Ці сапраўды афіцыйны Менск актыўна спрабуе ўлагодзіць адносіны з Захадам, якія істотна пагоршыліся пасьля сакавіцкіх арыштаў? Як Эўразьвяз рэагуе на рыторыку афіцыйнага Менску пра моцную і станоўчую ролю Беларусі ў рэгіёне?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітычны аглядальнік Тут.бай Арцём Шрайбман і палітоляг Андрэй Паротнікаў.

Цыганкоў: У Менску прайшла канфэрэнцыя «25 гадоў замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусь». Сярод іншых, там выступаў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Ці былі нейкія новыя матывы і аспэкты ў ягонай прамове?

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Нічога прынцыпова новага ў ягоным выступе не было — вельмі акуратны, дыпляматычны выступ: у прынцыпе, гэта ягоны стыль. Два акцэнты — па-першае, Макей прызнаў сувязь паміж замежнай палітыкай і ўнутранай, сказаўшы, што нават маленькія ўнутрыпалітычныя нюансы могуць моцна ўскладніць жыцьцё ў замежнай палітыцы. Відавочны намёк на нядаўнія падзеі ў Беларусі. Мне падаецца, МЗС, мякка кажучы, незадаволены тым, што яму даводзіцца, па сутнасьці апраўдвацца, і прымаць на сябе ўдар за тое, на што міністэрства ня можа паўплываць.

Менск зараз не настроены на нейкую эскаляцыю адносінаў з Захадам.

І другі аспэкт — Макей просіць Эўразьвяз усе спрэчныя пытаньні вырашаць у рэчышчы дыялёгу. Гэта, вядома. ня новы тэзіс, але Макей гэта падкрэсьліў. Гэта, як мінімум, азначае, што Менск зараз не настроены на нейкую эскаляцыю адносінаў з Захадам.

Цыганкоў: «Я не магу нічога сказаць наконт таго, як ідзе расьсьледаваньне ў справе „Белага легіёну“, гэта не кампэтэнцыя Міністэрства замежных справаў, — адказаў Уладзімер Макей на пытаньне Свабоды. — Але мы далі ўсю неабходную інфармацыю наконт гэтага, якая існуе на сёньня, нашым эўрапейскім партнэрам. Будзем глядзець далей». Менск імкнецца зараз пераканаць заходніх партнэраў, што апошнія рэпрэсіі не павінны паўплываць на беларуска-заходнія адносіны? Наколькі пераканаўча гэта будзе гучаць для заходнікаў?

Справа знаходзіцца пад пільнай увагай у Кангрэсе ЗША.

Паротнікаў: Гэта ніяк ня будзе пераканаўча гучаць для заходнікаў. Усе разумеюць падаплёкі і спэцыфіку гэтай справы. Сама справа знаходзіцца пад пільнай увагай у Кангрэсе ЗША. МЗС, сапраўды, робіць усё, каб улагодзіць сытуацыю. Прычым гэта як наўпроставая камунікацыя па дыпляматычных каналах, так і выкарыстаньне «незалежных экспэртаў», якія на нефармальных пляцоўках, па-за журналістамі распавядаюць, што «Белы легіён» — гэта тэрарысты і экстрэмісты, і ўлады мелі права так дзейнічаць.

Гэтыя рэчы нікога не пераконваюць, бо занадта шмат словаў, і надта мала дзеяньняў, каб гэтую сытуацыю разрадзіць і пасунуць далей беларуска-заходні дыялёг.

Цыганкоў: А што, па-вашаму, можа разрадзіць гэтую сытуацыю? Напрыклад, калі нікога з фігурантаў не пасадзяць, не дадуць рэальныя тэрміны?

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Паротнікаў: Так. Бо гэта здымае пытаньне наяўнасьці ў краіне палітвязьняў. Калі людзей, якія фігуруюць па «справе патрыётаў», пакінуць у вязьніцы і дадуць ім рэальныя тэрміны — то верагоднасьць 90 адсоткаў, што яны будуць прызнаныя палітвязьнямі з усімі палітычнымі і юрыдычнымі наступствамі. Усе разумеюць, што ўлада хоча захаваць твар, і пытаньне суду нават не абмяркоўваецца — суд будзе.

Памілаваньне гэтых людзей было б добра ўспрынята за Захадзе.

Але калі прысуд ня будзе зьвязаны з рэальным пазбаўленьнем волі — то гэтая старонка будзе перагорнутая, але не забытая. Моцны крокам было б памілаваньне гэтых людзей з боку Алякснадра Лукашэнкі, — гэта было б добра ўспрынята за Захадзе. Я думаю, што гэта верагодна, але не адразу.

Цыганкоў: Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу Андрэа Віктарын заявіла, што Эўразьвяз будзе вельмі актыўна сачыць за «справай патрыётаў». Наколькі, па-вашаму, беларускія ўлады разумеюць значнасьць гэтай справы. І да чаго могуць схіляцца ўлады, вырашаючы, якую кропку паставіць у гэтай справе — менавіта з пункту гледжаньня замежнапалітычнага аспэкту.

Шрайбман: У гэтым жа камэнтары Андрэа Віктарын (гэта яна са мной размаўляла) сказала, што часам лепш дзейнічаць непублічна. Я ўпэўнены, што сытуацыя па «Беламу легіёну» Менску даводзіцца, яна ўспрымаецца як ня проста шэраговая справа. Я ўпэўнены, што рашэньне дагэтуль ня вынесена, яно будзе прымацца бліжэй да суду ці, магчыма, нават падчас судовага працэсу, калі ён будзе доўгім. І рашэньне, вядома, будзе ўлічваць замежную палітыку.

Судовае рашэньне, вядома, будзе ўлічваць замежную палітыку.

Іншая справа, што ўжо нямала пакладзена на стол абвінавачваньняў гэтым людзям, нямала прапагандысцкіх намаганьняў прыкладзена — усё адматаць назад будзе складана. Будзе суд, будуць абвінаваўчыя прысуды, ёсьць верагоднасьць, што ніхто ня сядзе на рэальныя тэрміны. Але нават калі 2-3 фігуранты гэтай справы (у каго, паводле сілавікоў, знайшлі зброю) сядуць на рэальныя тэрміны — чыста тэарэтычна гэта можна будзе прадаць Захаду. Маўляў, глядзіце, мы разабраліся, ачысьцілі гэтую справу ад палітыкі — але мы з вамі разам павінны змагацца з тэрарызмам.

І я ня ўпэўнены, што ў такім выпадку гэта прывядзе да нейкага сур’ёзнага замарожваньня і ахалоджваньня беларуска-заходніх адносінаў. Усё-ткі сытуацыя зьмянілася. На Беларусь больш не глядзяць толькі праз праваабарончыя лінзы. Некаторы час беларускія ўлады зараз змарнуюць на тое, каб зразумець, якая рэакцыя на гэтую справу можа быць прынятая Эўразьвязам нармальна, без паўтарэньня 2011 году.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Наколькі сёньня Захад купляе рыторыку афіцыйнага Менску, што Беларусь робіць шмат для эўрапейскай бясьпекі, прадухіленьня наплыву мігрантаў, і за гэта трэба Менску рабіць саступкі?

Шрайбман: Такая рыторыка пастаянна гучыць, маўляў, Захад ня цэніць нашы намаганьні. Я ня думаю, што гэта будзе неяк усур’ёз успрымацца на Захадзе. Гэтай рыторыцы ўжо дзесяцігодзьдзі, і ніколі яна не ўспрымалася на Захадзе, як нейкі пераканаўчы аргумэнт. Беларусь проста прадае той адзіны тавар, які ў яе ёсьць. Да нейкай ступені гэта ўплывае на Захад, але не мяняе агульны курс, не пазбаўляе перамовы ад праваабарончай тэорыі. Але самае галоўнае — -гэта ніяк не падвышае значнасьць Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG