Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Анатоля Сыса прайшло сьвята паэзіі. Фота


Партрэт Анатоля Сыса ў садзе
Партрэт Анатоля Сыса ў садзе

20 траўня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ладзілася традыцыйнае сьвята паэзіі «Дух— гэта, людзі, Я» — на памяць выбітнага беларускага творцы Анатоля Сыса.

Ушанаваць памяць Анатоля Сыса, пачытаць вершы прыехалі зь Менску старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, паэты і празаікі Алесь Ліпай, Уладзімер Сіўчыкаў, Алесь Пашкевіч, Сяржук Сыс, маладзейшыя творцы — Ціхан Чарнякевіч, Зьміцер Захарэвіч, Сюзана Паўкштэла, Максім Клімковіч. Былі тут таксама прыхільнікі творчасьці Сыса з Гомля, Рэчыцы, Сьветлагорску, Веткі.

Кветкі да помніка
Кветкі да помніка


Літаратары разам зь землякамі паэта ўсклалі кветкі на вясковых могілкаў у Гарошкаве, дзе у 2005 годзе Анатоль Сыс быў пахаваны побач з бацькамі — Марыяй Іванаўнай і Ціханам Цярэньцевічам. Кожны імкнуўся дакрануцца да пляча паэта альбо да салавейкі, увасобленых знаным беларускім скульптарам Генікам Лойкам у камені і срэбным ліцьці.

У садзе
У садзе


Пасьля гэтага сьвята паэзіі перамясьцілася ў вёску, у сад ля радзіннай хаты паэта. На старой грушы прымацавалі вялікі партрэт Анатоля Сыса, вакол расставілі лаўкі. Рэй вёў кіраўнік Гомельскага адзьдзяленьня СБП, пісьменьнік Анатоль Бароўскі.

Распачынаючы імпрэзу, Барыс Пятровіч узяў зборнік Анатоля Сыса «Лён», адкрыў наўгад старонку й прачытаў верш " ***спаўзаючы зь церня...«. І дадаў: «У Анатоля няма кепскіх вершаў, ён пісаў толькі лепшыя, можна сказаць, выбраныя».

спаўзаючы зь церня
кроў смокча слёзы
уп’юся ў яго вачамі — Бог
вуснамі — чалавек
насустрач нашы любові
як два сонцы
імкнуцца ў поўдзень
урэшце зьвяла нас
вузкая сьцяжына ў жыце
ён дастаў з душы хлеб
я — зь цела — віно
ён прыгубіў
я асушыў кубак
і паплылі вянцы
цярновыя
жытнёвыя
васільковыя
хто ты мне?
бацька брат сын?
ізноў хачу упіцца ў яго вуснамі
а Юда ўва мне шэпча
упіся ў яго зубамі

Прамаўляе Барыс Пятровіч
Прамаўляе Барыс Пятровіч

Кожны з выступоўцаў прыгадваў свае сустрэчы з Анатолем Сысам. Дырэктар інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН», паэт Алесь Ліпай, які ўпершыню прыехаў у Гарошкаў, запомніў сустрэчу з Анатолем з-за развагаў пра сьмерць як закон жыцьця. З гутаркі нарадзіўся нават верш, пра «зьвера», які сядае кожнаму чалавеку на калені перад сыходам у іншы сьвет. Аднак , заўважыў Ліпай, далёка ня кожнаму сядае на плячо «срэбны салавей» — Анатолю ён сеў, і паэзія яго вось ужо дванаццаць гадоў гучыць вакол бацькоўскай хаты і наагул там, дзе жыве беларускае слова.

Прафэсар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, доктар філялягічных навук Іван Штэйнер, які таксама прыехаў на сьвята паэзіі ў Гарошкаў, нагадаў, што Анатоль Сыс у свой час скончыў філялягічны факультэт ўнівэрсытэту.

Іван Штэйнер
Іван Штэйнер

«Я калі ёхаў сюды, — дзяліўся Іван Штэйнер, — то прыгадаў Перадзелкіна, дзе зьбіраюцца паэты й барды, каб ушаноўваць памяць Булата Акуджавы. Прыяжджаю ў Гарошкаў, а тут ужо таксама стаяць у садзе лаўкі. Мы мусім разнастаіць такія нашыя сустрэчы, як слушна заўважыў Барыс Пятровіч. Летась прывезьлі кнігу раньніх вершаў Анатоля Сыса — яна выклікала цікавасьць, разышлася нарасхват. Думаю, што нам трэба зьбіраць успаміны пра нашага выбітнага гарошкаўскага паэта. Анатоль пакрочыў з рэальнага жыцьця ў сьвет легэндаў, у сьвет мітаў — усё гэта неабходна зьбіраць і паступова выдаваць. У беларускай літаратуры Анатоль Сыс — досыць вялікая постаць. Ён ужо — легэнда, і мы можам дапісваць, дапаўняць гэтую легэнду. У нас на катэдры зьбіраюцца матэрыялы пра творчасьць Анатоля — курсавыя, дыплёмныя студэнтаў, розныя іншыя публікацыі. Выглядае, што можна прапанаваць камусьці з асьпірантаў нават адпаведную тэму дысэртацыі».

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч


Прысутны на сьвяце паэзіі старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прапанаваў, каб у Гарошкаве ў быў створаны літаратурны музэй паэта Анатоля Сыса. Дзяржава ў гэтым пляне мае таксама праявіць зацікаўленьне:

«Але на прыкладзе стварэньня музэя Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша бачу, што даецца гэта надзвычай цяжка. Таму па першым часе варта надаць роднай хаце Сыса статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Таварыства магло б аказаць мэтадычную дапамогу ў гэтай справе. Толькі хто возьмецца ўвасобіць гэтую ідэю ў жыцьцё, пакуль не ўяўляю», — кажа Астаповіч.

АлесьКамоцкі
АлесьКамоцкі
Зьміцер Захарэвіч
Зьміцер Захарэвіч


На сьвяце паэзіі ў Гарошкаве выступалі таксама барды Алесь Камоцкі і Зьміцер Захарэвіч, у тым ліку й выконвалі песьні на словы Анатоля Сыса.

Родная сястра паэта Тамара і брат Віктар з жонкаю і дачкою
Родная сястра паэта Тамара і брат Віктар з жонкаю і дачкою

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG