Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа ўвага Эўразьвязу фігурантам «справы патрыётаў»?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын у кулюарах экспэртных кансультацый па правах чалавека сказала, што ў Эўразьвязе будуць вельмі ўважліва сачыць за некаторымі расьсьледаваньнямі, у тым ліку за справай «Белага легіёну».

«Мы ўважліва сочым за сытуацыяй і рухаемся пакрокава. Наступныя праекты будуць працягвацца, але наша падтрымка, наша супрацоўніцтва — гэта ня толькі фінансы, але і агульныя каштоўнасьці. Я хачу бачыць, як ідуць некаторыя расьсьледаваньні, якімі будуць суды і іхнія вынікі», — сказала спадарыня Віктарын.

Адказваючы на пытаньне журналістаў, ці мае яна на ўвазе справу «Белага легіёну», яна пацьвердзіла: «Так, мы будзем вельмі ўважліва за гэтым сачыць». І далей патлумачыла:

«Я не хацела б гаварыць пра нейкія „чырвоныя лініі“, як гэта прынята сярод журналістаў. Калі нешта адбудзецца, я буду гэта камэнтаваць, як і Эўразьвяз. І цяпер мы чакаем, што адбудзецца».

Гэтым днямі ў Менску адбываецца канфэрэнцыя «25 гадоў зьнешняй палітыкі Беларусі», яна праходзіць у рамках ініцыятывы «Менскі дыялёг». І вось у кулюарах гэтай канфэрэнцыі кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей сказаў, што ня можа камэнтаваць, як ідзе расьсьледаваньне, але «мы прадставілі нашым эўрапейскім партнэрам усю неабходную інфармацыю на гэты конт. Гэта ўся інфармацыя, якую мы можам цяпер перадаваць, будзем глядзець далей».

На сёньняшні момант справа «Белага легіёну» становіцца ці не галоўным маркерам, той чырвонай лініяй, якая праходзіць у адносінах паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам.

Такім чынам, на сёньняшні момант справа «Белага легіёну» становіцца ці не галоўным маркерам, той чырвонай лініяй, якая праходзіць у адносінах паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам. Эўрапейскія чыноўнікі таксама адзначаюць, акрамя таго, што яны сочаць за гэтай справай, што размовы зь беларускай уладай ідуць ня толькі публічна, але і нябачна для грамадзкасьці. Эўрапейскія прадстаўнікі ўсімі сіламі спрабуюць давесьці афіцыйнаму Менску, што нейкія нэгатыўныя вынікі расьсьледаваньня і суду па гэтай справе, прысуды і зьняволеньні ўдзельнікаў, безумоўна, кепска паўплываюць на беларуска-эўрапейскія дачыненьні.

Як можна меркаваць з рэплік Уладзімера Макея, беларускае кіраўніцтва гэта разумее. Але ў той жа рэпліцы Ўладзімер Макей кажа, што цяпер на зьнешнюю палітыку ўплывае вельмі шмат чыньнікаў, і часам любая ўнутрыпалітычная справа можа паўплываць на замежную палітыку.

«Адзін маленькі нюанс, зьвязаны з падзеямі ва ўнутрыпалітычным жыцьці, можа даць масу пазытыўных дывідэндаў, а можа прынесьці незваротныя страты і прывесьці нават да нейкіх трагічных наступстваў», — сказаў міністар.

Макей паміж радкоў прызнаў, што ня толькі МЗС можа ўплываць на замежную палітыку: часам тыя дзеяньні, якія робяць іншыя ведамствы Беларусі — перш за ўсё, мабыць, Міністэрства ўнутраных спраў, сілавыя структуры, — уплываюць ня менш, чым МЗС. У Беларусі адбываецца барацьба паміж рознымі падыходамі, рознымі ведамствамі. Ёсьць сілавы блёк, для якога канфрантацыя з Захадам — ня толькі прымальная, але нават натуральная зьява: на такім фоне сілавы блёк можа праяўляць сваю неабходнасьць, лавіць шпіёнаў і «антыдзяржаўных элемэнтаў», саджаць і гэтым даказваць, што існуе пагроза ўладзе, і г. д. Усё гэта супярэчыць настроям МЗС, якое зацікаўленае ў дыялёгу, у паляпшэньні адносінаў з Захадам. Ад Аляксандра Лукашэнкі залежыць, якія аргумэнты гэтых фракцый ён прыме да ўвагі, і справа Белага легіёну будзе вельмі паказальная ў гэтым сэнсе.

Карбалевіч: Безумоўна, беларускія ўлады ажыцьцяўляюць палітычныя рэпрэсіі з аглядкай на ЭЗ. Што тычыцца самой «справы патрыётаў», то складаецца ўражаньне, што ўлады пакуль самі ня вырашылі, што зь ёй рабіць. Бо трапілі ў складанае становішча. Даводзіць да суду? Дык няма на чым грунтаваць абвінавачаньне. Напрыклад, адзін зь фігурантаў справы Зьміцер Дашкевіч апавядаў, як ішло сьледзтва, — дык там нейкі абсурд.

Калі груба ляпіць справу, дык незалежныя СМІ і праваабаронцы будуць абурацца, ЭЗ будзе пратэставаць. Можна зрабіць закрыты суд, што таксама ня лепшы варыянт. Бо ўсе будуць казаць — чаго ж вы хаваеце? Значыць, нешта нячыста.

Шмат прапагандысцкага капіталу ўкладзена ў гэтую справу.

Найлепшым варыянтам было б спусьціць справу на тармазах. Але, зноў жа, узьнікае праблема. Бо шмат прапагандысцкага капіталу ўкладзена ў гэтую справу.

Але здаецца, што ўлады рухаюцца менавіта па гэтым апошнім шляху. Патроху, паціху, па адным хлопцаў выпускаюць, хоць і пад падпіску аб нявыезьдзе. Разьлік на тое, што хутка ўсе забудуць, у чым іх абвінавачвалі. Не выключаю, што справа, можа, нават да суду ня дойдзе.

Глод: Я зьвяртаю ўвагу на тое, што дагэтуль няма вынікаў «справы патрыётаў». Узьнікае пытаньне: чаму? Думаю, улады наўмысна зацягваюць расьсьледаваньне гэтай справы. І тады ўзьнікае пытаньне: а навошта яны гэта робяць? Мне падаецца, прычынаў тут дзьве. Першая і галоўная — ва ўладаў не атрымліваецца выбудаваць абгрунтаванае абвінавачаньне. А другая прычына выцякае зь першай. І пра гэта слушна казаў Валер Карбалевіч. Бо калі не атрымліваецца, то ўладам выгадна зацягнуць «справу патрыётаў» на магчыма большы тэрмін.

Улады цудоўна разумеюць: чым пазьней яны падсумуюць «справу патрыётаў», тым ім будзе лепш і выгадней.

Новыя падзеі паступова выціскаюць з-пад увагі старыя. То людзей хвалявала «Эўрабачаньне», то многіх цікавіць, хто стане чэмпіёнам сьвету ў хакеі. Учора сэнсацыя — на шчасьце, дутая — пра Сьвятлану Алексіевіч усхвалявала грамадзтва. Пройдзе час, будуць новыя падзеі. Можа, нават цікавейшыя за тыя, што я пералічыў. Таму ўлады цудоўна разумеюць: чым пазьней яны падсумуюць «справу патрыётаў», тым ім будзе лепш і выгадней.

У Менску ведаюць — за гучнай справай уважліва сочаць эўрапейскія структуры. І таму ўлады спрабуюць лявіраваць. Я тут падзяляю думку Валера Карбалевіча, што «справу патрыётаў», найхутчэй, спусьцяць на тармазах. Але не адразу — наадварот, як мага пазьней, каб зь цягам часу пра яе ўсё ці шмат што забылася. А адносіны паміж Менскам, Брусэлем і Масквой будуць па-ранейшаму знаходзіцца ў прывычным ужо трохкутніку. То бок Беларусь будзе, як і раней, лявіраваць паміж Усходам і Захадам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG