Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга «Размаўляй па-беларуску» гарадзенскай настаўніцы 14 гадоў апрабоўваецца на практыцы і чакае выдаўца


Вольга Астроўская
Вольга Астроўская

Гарадзенская выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Вольга Астроўская падрыхтавала кнігу для навучаньня дзетак дашкольнага ўзросту беларускай мове «Размаўляй па-беларуску». Кніга 14 гадоў шукае выдаўца, яе зьмест спраўджаны шматлікімі заняткамі, прычым ня толькі зь дзеткамі, але і з дарослымі. З аўтаркай пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Вольга, што сабой уяўляе ваш дапаможнік для навучаньня дзетак беларускай мове і ў чым яго адметнасьць?

— Кніга складаецца з 12 заняткаў, распрацаваных на цэлы год навучаньня пры ўмове, што заняткі будуць праводзіцца раз на тыдзень. І гэта толькі першая частка, бо ўжо гатова яшчэ столькі ж распрацаваных заняткаў па навучаньні дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове. Да гэтага яшчэ дадатак, які прадугледжвае разьвіцьцё мовы празь вершы, казкі ды іншыя заняткі. Урокі разьлічаныя на 30 хвілінаў. У іх уключаныя пераважна тыя тэмы, якім мы карыстаемся ў паўсядзённым жыцьці: жывёлы, птушкі, посуд, ежа, прывітаньні, звароты, колеры ды іншае. Асаблівасьць маёй кнігі ў тым, што выхавальнікам ужо ня трэба будзе распрацоўваць мэты ўроку, ход уроку, бо ўсё ўжо распрацавана. Уключаны плян уроку, замацаваньне хатняга заданьня, і заняткі адбываюцца ў выглядзе гульні. А яшчэ я сама зрабіла малюнкі для кнігі.

«Пісалася з галавы, выпрабоўвалася на практыцы»

— Даўно вы спрабуеце выдаць сваю кнігу?

— Дапаможнік быў падрыхтаваны яшчэ 14 гадоў таму, калі я была студэнткай 3 курса ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Я падрыхтавала яго пасьля практыкі ў дашкольных установах. Раздрукаваную кнігу прынесла на факультэт дашкольнага выхаваньня і прапанавала яе выдаць. А ў адказ пачула: «Дзе вы гэта сьпісалі?» Мяне, тады яшчэ студэнтку, вельмі гэта пакрыўдзіла...

— А сапраўды, як пісалася кніга?

— Усё пісалася з галавы, выпрабоўвалася на практыцы, падчас працы з дзецьмі. І я памятаю, калі першы раз прыйшла ў дзіцячы садак, мяне пазнаёмілі з маёй групай і сказалі дзеткам, што я буду выкладаць беларускую мову. Я запомніла гэты дзень вельмі добра: дзеці кідалі ў мяне каменьчыкамі — малыя дзеці! Маўляў, што за беларуская мова, адкуль, хто яна такая... Я ішла з гэтага дзіцячага садка і думала — за што я бяруся, калі на гэта так рэагуюць дзеці? А ўрэшце, калі мая практыка ўжо сканчалася, то мне дзякавалі і бацькі, і дзеці, і выхавальніцы. І нават плакалі дзеці, калі я ім сказала, што ў нас апошні занятак па беларускай мове.

— Чым жа вы так пераканалі дзетак у садку?

— Я найперш трымалася зь імі на адным узроўні, але яны зьвярталіся да мяне «спадарыня Вольга», ведалі, што ня трэба называць па бацьку, як іншых выхавальніц. А яшчэ сама мова іх нечым вабіла, падабалася, чаравала іх. І бацькі часта прыходзілі на заняткі, цікавіліся і выказвалі сваё задавальненьне. Больш за тое, пазьней, калі дзеці пачалі вучыцца ў школе і там было праведзена анкетаваньне, то мае выхаванцы ўсе мелі высокі ўзровень веданьня роднай мовы. Пра гэта мне потым расказвалі бацькі гэтых дзетак.

— Але кнігай, якую вы падрыхтавалі на падставе свайго досьведу, так ніхто і не зацікавіўся?

— На жаль, ніхто. Я зьвярталася ў некаторыя выдавецтвы ў Менску, але бяз выніку. І ў аддзелах адукацыі гэта нікога не зацікавіла. Цяпер мне прыватна абяцаюць нібыта дапамагчы з выданьнем кнігі. І калі яе ўдасца выдаць, то я раздам яе ва ўсе садкі, бо яна сапраўды можа паслужыць добрым дапаможнікам выхавальнікам і настаўнікам. І людзям раздам, якія ў мяне ўжо даўно пытаюцца пра кнігу.

— Вольга, а што ў студэнцтве вас прыцягнула да працы над кнігай?

— Наш выкладчык прапанаваў папрацаваць над гэтым падчас практыкі ў садку, дзе былі і ягоныя дзеці. Нас тады было пяць дзяўчат з факультэту, і мы ўзяліся за працу разам, але сяброўкі неяк хутка астылі да гэтага і ўсю працу да завяршэньня я давяла сама.

— А вы самі дзе вывучалі беларускую мову?

— З мовай я была зьвязаная зь дзяцінства ў Белавескай пушчы, і мова для мяне проста нешта натуральнае, штодзённае. Праўда, я хацела стаць журналісткай, але атрымалася так, што пайшла вучыцца на філялёгію. Я ўдзячная за беларускую мову сваёй першай настаўніцы. Яна знаёміла мяне зь беларускімі творамі, зь Якушоўкай, з Кастусём Каліноўскім...

«Туркмэнскія студэнты ня могуць уцяміць, навошта беларусы гавораць па-расейску, маючы такую прыгожую мову»

— Наколькі я ведаю, вы спрабавалі праводзіць заняткі па сваёй кнізе і з дарослымі людзьмі. Якая іх рэакцыя на ваш мэтад?

— Я праводзіла заняткі на курсах «Мова нанова», а таксама ва ўнівэрсытэце «Залатога веку». Ім гэта падабалася, паколькі форма падачы на маіх занятках простая і зразумелая. Гэта аказалася цікавым ня толькі для дзетак. У мяне ёсьць яшчэ адзін досьвед — праца з замежнымі студэнтамі ў мэдыцынскім каледжы. Студэнты з Туркмэністану казалі мне, што беларуская мова ім лягчэй даецца, чым расейская, добра запамінаецца. І хоць я прыходзіла весьці да іх заняткі па расейскай мове, яны самі прасілі мяне пераходзіць на беларускую, і сапраўды мы большасьць заняткаў праводзілі па-беларуску, нягледзячы на тое, што вучылі рознага кшталту мэдыцынскія тэрміны. Туркмэнскія студэнты за ўвесь час вучобы так і не маглі ўцяміць, навошта беларусы амаль паўсюль гавораць па-расейску, маючы такую прыгожую мову. Мне было вельмі складана ім нешта наконт гэтага патлумачыць.

— Вольга, у Беларусі ў гарадах цяпер практычна няма беларускіх школаў, але час зьмяняецца, і, магчыма, некалі навучаньне ў Беларусі перавядуць на родную мову. Як вам здаецца, гэта будзе складаны працэс?

— Калі дзеці зь першай клясы ўсе прадметы пачнуць вывучаць на беларускай мове, то ўжо выпускнікі пачатковай школы на добрым узроўні будуць валодаць роднай мовай. У гэтым няма праблемы. Нават калі ў іх у сем’ях ня будуць гаварыць па-беларуску, дзеці ўсё роўна здолеюць добра засвоіць мову.

— Тым ня менш вельмі часта нават цяпер даводзіцца чуць і ад дзяцей, і ад маладых людзей, і нават ад дарослых, што, маўляў, «мне гэта беларуская мова не падабаецца, навошта яна»...

— Ведаеце, у нас быў рамонт у школе, і я павесіла шыльдачкі, што парэнчы пафарбаваныя. Многія ў мяне пачалі пытацца — што такое парэнчы? Многім выкладчыкам гэта вельмі спадабалася, а некаторыя былі незадаволеныя. Але дзеці прасілі, каб я панаклейвала болей новых беларускіх словаў, каб яны маглі іх запомніць. Многія дзеці просяць, каб я выкладала ў іх беларускую мову, шмат каго мова цікавіць, яны хочуць яе ведаць і чуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG