Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раіса Баравікова: Заўзятар і брамнік — словы і для мяне нязвыклыя


Раіса Баравікова
Раіса Баравікова

Доўгатрывалая акцыя «Чытаем па-беларуску з Velcom» аб’яднала пісьменьнікаў і спартсмэнаў. Чым бяруць за сэрца беларускіх школьнікаў футбалісты магілёўскага «Дняпра» і аўтары часопісу «Буся»? Госьцяй перадачы — паэтка Раіса Баравікова.

— Спадарыня Раіса, як вы лічыце, ці магчыма тое катастрафічнае становішча, у якім апынулася беларуская мова, выправіць падобнымі акцыямі, без адчувальнай падтрымкі дзяржавы?

— З аднаго боку, кропля і камень точыць. З другога, безумоўна, падтрымка дзяржавы павінна быць. Прыемна, што да нашай акцыі ў многіх гарадах далучаюцца спартсмэны, скажам, у Магілёве і Салігорску літаральна месяц таму. У магілёўскай ратушы нас падтрымалі футбалісты каманды «Дняпро». Яны распавялі дзеткам пра футбол ды зладзілі невялічкую віктарыну — школьнікі павінны былі перакласьці на беларускую мову некаторыя футбольныя тэрміны. Заўзятар, брамнік — словы і для мяне нязвыклыя. А дзеці з захапленьнем гэта ўспрымаюць! Вы б пабачылі зь якой цікавасьцю яны слухаюць і Юрыя Жыгімонта — вядоўцу папулярнай тэлепраграмы «Падарожжы дылетанта», і рэдактара часопісу «Буся» Ўладзімера Ліпскага! Такія акцыі рыхтуюць глебу. Дзякуй вялікі кампаніі Velcom, каб жа і і другія, у тым ліку айчынныя, кампаніі не заставаліся ўбаку ад нашага болю, ад нашай трагедыі, каб ня зьнікла наша мова.

— Вы закончылі маскоўскі Літаратурны інстытут. Паколькі там вучыліся прадстаўнікі розных народаў, то яго выпускнікі, звычайна, мелі сяброў у многіх рэспубліках, што спрыяла міжнародным сувязям, перакладам і г.д. Ці засталіся ў вас нейкія літінстытуцкія кантакты і пазьней, ці з развалам СССР усё абарвалася?

Сёньня, па маіх адчуваньнях, беларуская літаратура існуе ў нейкай абмежаванай прасторы.

— З развалам СССР усё абарвалася. Ня ведаю, чаму так атрымалася, але сёньня, па маіх адчуваньнях, беларуская літаратура існуе ў нейкай абмежаванай прасторы. Вось я сябе бяру. Усе ранейшыя сяброўскія адносіны, у тым ліку літінстытуцкія, неяк аціхлі. Ёсьць у мяне ў Маскве аднакурсьніца паэтка Раіса Раманава, яна пераклала шмат маіх вершаў, мы зрэдку стэлефаноўваемся, але нагоды мне паехаць у Маскву, ці ёй у Менск — няма. Сябравалі мы зь Янам Кросам з Таліна, вельмі вядомым драматургам. А сёньня? Дзе той Талін, дзе той Менск, адпаведна і стасункаў няма.

— У Літінстытуце вы закончылі перакладчыцкае аддзяленьне. Чаму ж не перакладалі? Гэта ня ваш жанр?

— Відаць, ня мой. Хоць сёе-тое пераклала. Скажам, апавяданьні польскага пісьменьніка Станіслава Дыгата. Ёсьць у мяне пераклады і з Ганны Ахматавай. Яшчэ са студэнцкіх часоў у мяне заставаўся «Рэквіем» Ахматавай. Ён быў забаронены і ў Маскве распаўсюджваўся ў самвыдаце. Я яго пераклала, занесла ў «ЛіМ», дзе галоўным рэдактарам быў Анатоль Вярцінскі, і ён надрукаваў. Потым я падумала, што сама пішу любоўную лірыку, а ці не паспрабаваць мне перакласьці нешта падобнае з Ахматавай. Я пераклала невялічкую нізку вершаў, яна была надрукаваная ў кнізе «Люстэрка для самотнай».

— Эпіграфам да яе — словы Эклезіяста: «Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу. Бо як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра». А хто вас падтрымліваў на пачатку вашага шляху ў літаратуру?

— Найперш я павінна згадаць Аляксея Пысіна. Менавіта ён дапамог мне знайсьці свой шлях. Так атрымалася, што адразу пасьля школы я трапіла на працу ў быхаўскую раённую газэту. Аднойчы ў Быхаў прыехалі Аляксей Пысін і Васіль Матэвушаў з Магілёва і запрасілі мяне разам зь імі пачытаць вершы ў доме культуры. Гэта быў мой першы выступ перад публікай. Мяне ў рэдакцыі ўгаворвалі завочна паступаць на журфак, і калі б ня Пысін, я на тыя ўгаворы паддалася б. І вершы пісаць перастала б, працавала б журналісткай і жыла ў Быхаве... Пысін мяне і ў Літінстытут накіраваў. Я яго і як паэта вельмі цаню. «Ведайце, калі мяне ня стане, / я ў сваю дывізію пайшоў...». Калі ўзяць ваенную лірыку, то два паэты для мяне раўназначныя — Канстанцін Сіманаў і наш Аляксей Пысін.

— Крытыка любіла цытаваць вашыя радкі: «Тады ў народа ёсьць паэты, калі ў паэтаў ёсьць народ». А вы за сабою народ адчуваеце?

— Сапраўды, гэтыя радкі шмат хто цытаваў. Я літаральна некалькі дзён таму ў сваім архіве натрапіла на ліст ад Сяргея Грахоўскага, у якім ён якраз цытаваў гэты верш і запэўніваў: «Ёсьць, Раечка, народ у нас, ёсьць!». Бывае, прыяжджаеш на сустрэчу, а там транспарант вісіць з гэтымі радкамі. У мяне ёсьць чытачы, якія мяне любяць, чытаюць, — гэта мой народ. Паэт увогуле можа сам стварыць свой народ і сваю айчыну. У гісторыі нярэдка так і адбывалася. Асабліва, калі мова апыналася ў небясьпечнай сытуацыі. Я лічу, што толькі літаратура можа ўратаваць мову і пранесьці яе ў наступныя стагодзьдзі.

— Сёньня нікога ня зьдзівіш эротыкай у паэзіі, празьмерным інтымам у прозе. А як вам у 70-я ўдавалася друкаваць інтымную лірыку, абсалютна ігнаруючы грамадзянскія тэмы?

І я адважылася на містыфікацыю — вырашыла паслаць вершы ў рэдакцыю пад псэўданімам Зося Гоман.

— Даводзілася адстойваць сваё права. Памятаю, я тройчы прыносіла свае вершы ў «Маладосьць», дзе за паэзію адказваў Мікола Аўрамчык. Ён мае творы не адкідаў, але прасіў напісаць 2-3 грамадзянскія вершы, у тыя часы яны зваліся «паравозікі». Ставіліся наперадзе і — выцягвалі нізку ці нават кнігу. Але грамадзянскія вершы ў мяне не атрымліваліся! Што рабіць? І я адважылася на містыфікацыю — вырашыла паслаць вершы ў рэдакцыю пад псэўданімам Зося Гоман. Мы зь сяброўкай Аленай Паповай дамовіліся, што калі іх прымуць да друку, я пашлю яе фота. А потым прыйду ў рэдакцыю і прадстаўлюся: «Я аўтарка Зося Гоман». Паслала вершы. Празь некалькі дзён званок у дзьверы: «Адчыняйце, з рэдакцыі!». Я адчыняю — на парозе зьдзіўлены Мікола Якаўлевіч Аўрамчык: «А што ты тут робіш? Дык можа, ты і вершы нам прыслала?». Давялося прызнацца. А рэдактарам «Маладосьці» тады быў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін — ён адразу даў мае вершы ў нумар, усе дванаццаць! І тут жа па Менску чутка пра Зосю Гоман разьляцелася. Быў, памятаю, нейкі пленум Саюзу пісьменьнікаў, на якім Барыс Сачанка з трыбуны кінуў папрок: «На жаль, у беларускай літаратуры няма такіх твораў, як некалі ў Дастаеўскага, калі Бялінскі праз увесь Пецярбург ішоў ноччу да Фёдара Міхайлавіча, каб сказаць, якую аповесьць той напісаў!» А нехта з задніх шэрагаў выгукнуў: «Чаму ж няма? Вунь Аўрамчык езьдзіў да Баравіковай!» І неяк такім чынам я адстаяла права на сваю любоўную лірыку.

— Усё чалавецтва ўжо чатырыста гадоў зьдзіўляецца, як Шэксьпір змог не паўтарыцца ў сваіх лірычных 154 санэтах. А я дзіву даюся, як не паўтараецеся ў сваёй лірыцы вы. Гэта ж якая пачуцьцёвая палітра павінна быць...

Калі б гэта адбывалася сёньня, то сучасная моладзь сказала б — Баравікова запала на Дына Рыда.

— Думаю, у кожнай жанчыны багатая пачуцьцёвая палітра. Мне яшчэ вельмі дапамагае ўяўленьне. Памятаю, выйшаў альбом Напалеона Орды — фантастычна прыгожае ХІХ стагодзьдзе! Я прачытала яго біяграфію, паглядзела на яго партрэт — які прыгожы мужчына, шлюб з францужанкай.... Але на ягоных малюнках няма людзей — адны сядзібы, маёнткі. І я пачала засяляць іх людзьмі, іх пачуцьцямі, напісала цэлы лірычны цыкль. Ён узьнік з уяўленьня і майго пачуцьця да Напалеона Орды. Ці — другі выпадак. Неяк ансамбль «Верасы» пасябраваў з амэрыканскім сьпеваком Дынам Рыдам. І раптам ён прыяжджае ў Менск! Неверагодна прыгожы мужчына! Калі б гэта адбывалася сёньня, то сучасная моладзь сказала б — Баравікова запала на Дына Рыда. Мне так хацелася пабачыць яго жывога! Дастаткова было патэлефанаваць Васілю Раінчыку і папрасіцца на рэпэтыцыю. Але я не асьмелілася... Ад таго пачуцьця застаўся толькі верш «Купіць білет і слухаць Дына Рыда».

— Разам з вамі ў Літінстытуце вучыўся беларус Іван Ласкоў, які, жывучы ў Якуціі, адчуў патрэбу вярнуцца да беларускай мовы. Мяне калісьці ўразілі яго радкі: «Я не магу пра Беларусь / пісаць на іншай мове. / Нібы ня вершы я пляту, / а без гармат і танкаў / на мову родную вяду / шарэнгі акупантаў». Расейская мова для яго — акупант. Ці згодныя вы тут са сваім аднакурсьнікам?

Калі хтосьці прыяжджае ў Нямеччыну, Італію ці ЗША, ён жа не пачынае самасьцьвярджацца на сваёй мове.

— Я добра памятаю Івана Ласкова, у нашы літінстытуцкія часы ён ужо быў аўтарам вядомай паэмы пра Тамерлана «Хромец» (у беларускамоўным варыянце — «Кульга»). Не, я не магу сказаць, што расейская мова ў Беларусі — акупант. У нашай краіне жыве шмат людзей, для якіх расейская — родная. Гэтыя людзі ці прыехалі да нас працаваць, ці засталіся жыць пасьля вайны, адных вайскоўцаў колькі ў нас асела. У Савецкім Саюзе Беларусь лічылася адной з самых заможных і прыдатных для жыцьця рэспублік. І калі афіцэры выходзілі на пэнсію, яны выбіралі Беларусь. Іншая справа — павага некарэннага насельніцтва да беларускай нацыі. Цяпер у сьвеце вялікая міграцыя. Калі хтосьці прыяжджае ў Нямеччыну, Італію ці ЗША, ён жа не пачынае самасьцьвярджацца на сваёй мове. Ён вучыць мову — нямецкую, італьянскую, ангельскую, наймае рэпэтытараў, плаціць ім вялікія грошы, іначай ён ня ўпішацца ў новае грамадзтва. На жаль, гэтага няма ў Беларусі. Хоць бываюць, зразумела, выняткі. Гадоў пяць таму ў Менску мяне запрасілі выступіць у адной зь бібліятэк і папрасілі ўзяць з сабой кнігі — на продаж. Я ўзяла толькі адну, каб падпісаць самаму актыўнаму ўдзельніку сустрэчы. Ім аказаўся чарнявенькі хлопчык з грузінскай сям’і, якая пераехала жыць у Менск. Ён з такой радасьцю падбег па тую кнігу, прыціснуў яе да грудзей! Падлетак-грузін, які жыве ў Беларусі, разумее, што ён павінен паважаць і ведаць беларускую мову. Павінен! Каб жа такое разуменьне было ва ўсіх, для каго Беларусь стала роднай краінай.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG