Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне забаранілі «Яндекс», «ВКонтакте» і «Одноклассники»


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

У санкцыйны сьпіс трапілі і чацьвёра ўраджэнцаў Беларусі. Таксама ва Ўкраіне на год мусяць быць заблякаваныя актывы грамадзянкі Беларусі Дар’і Дземчанкі — заснавальніцы «Расейскага нацыянальнага камэрцыйнага банку», якая жыве ў Віцебску.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка працягнуў санкцыі ў дачыненьні да Расеі, пашырыўшы пры гэтым сьпіс асобаў і арганізацый, якія трапілі пад абмежаваньні. Указ апублікаваны на сайце кіраўніка дзяржавы.

Як вынікае з тэксту указу, на тэрыторыі Украіны, будуць заблякаваныя расейскія сацыяльныя сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама сэрвісы «Яндекс» і Mail.Ru Group.

У шэраг 467 прадпрыемстваў (расейскіх ды крымскіх, перарэгістраваных згодна з расейскімі законамі), супраць якіх прымяняюцца абмежаваньні ды забароны, трапілі ТАА «Цэнтар тэхнічнай падтрымкі «Доктар Вэб» ды ТАА «Лябараторыя Касьперскага».

Адразу пасьля публікацыі дакумэнту ўсе ўкраінскія інтэрнэт-правайдэры мусяць прыпыніць даваць паслугі для доступу карыстальнікаў да гэтых інтэнэт-рэсурсаў. На дадзены момант усе гэтыя рэсурсы адкрытыя для прагляду і карыстаньня, хаця ўказ прэзыдэнта набывае моц у дзень яго публікацыі.

На тры гады таксама падоўжаная забарона на трансьляцыю ва Ўкраіне расейскіх тэлеканалаў ды радыёстанцый — НТВ, «Наша радыё», РенТВ ды холдынгу «Россия сегодня».

Украіна таксама пашырыла пералік фізычных асоб, супраць якіх уводзяцца пэрсанальныя санкцыі. Сярод 1228 такіх асоб — журналісты ды палітыкі з Расеі, Гішпаніі, Італіі, Кіпру, а таксама жыхары Крыму і прадстаўнікі самаабвешчаных уладаў гэтак званых «ЛНР» ды «ДНР».

У санкцыйны сьпіс трапілі і чацьвёра ўраджэнцаў Беларусі — камандуючы Чарнаморскім флётам з 15 красавіка 2013 году і актыўны ўдзельнік крымскіх падзеяў Аляксандар Вітко, а таксама трое беларусаў, якія цяпер пражываюць на тэрыторыі анэксаванага Крыму — Алена Цімік, Уладзімер Іваноў ды Валянціна Івінская.

Згодна з рашэньнем Рады нацбясьпекі, ва Ўкраіне на год мусяць быць заблякаваныя актывы грамадзянкі Беларусі Дар’і Дземчанкі — заснавальніцы «Расейскага нацыянальнага камэрцыйнага банку», якая жыве ў Віцебску. Апроч таго, ёй забаронены ўдзел у прыватызацыі на тэрыторыі Ўкраіны, а таксама ўезд на ўкраінскую тэрыторыю.

Упершыню Ўкраіна ўвяла абмежаваньні ў дачыненьні да Расеі ў верасьні 2015 году. Гэта было зроблена ў адказ на анэксію Крыму і ўзброеную падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG