Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэтны адпачынак для татаў як спроба дзяржавы эканоміць


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Беларускія таты вельмі рэдка карыстаюцца сваім законным правам пайсьці ў дэкрэтны адпачынак, але сацыялягічнае апытаньне, праведзенае Цэнтрам сацыялягічных дасьледаваньняў БДУ, нібыта паказала, што 61,2% мужчын жадаюць, каб дэкрэт стаў іх абавязкам, а не правам.

Увогуле, абавязковы дэкрэтны адпачынак для татаў — вядомая ў сьвеце практыка, і яна добра працуе: мужчыны больш часу праводзяць са сваімі маленькімі дзецьмі, больш уплываюць на іх разьвіцьцё і ўвогуле лепей уяўляюць, як дэкрэт выглядае ў рэальнасьці. Гэта ўсё добра ўплывае і на агульную атмасфэры ў сям’і, бо жанчынам не даводзіцца (альбо менш даводзіцца) выслухоўваць несправядлівых абвінавачваньняў у тым, што яна «проста сядзіць дома».

Калі маці сядзіць зь дзіцём тры гады, дык яна нічога не робіць; а калі тата застаўся з дзіцём на дзьве гадзіны, дык ён неверагодна стаміўся.

У Беларусі ж усё яшчэ актуальны сумны жарт «калі маці сядзіць зь дзіцём тры гады, дык яна нічога не робіць; а калі тата застаўся з дзіцём на дзьве гадзіны, дык ён неверагодна стаміўся». Жаночая праца па дагляданьні і гадаваньні дзіцяці, на жаль, моцна недаацэньваецца, і абавязковы дэкрэт для бацькі дакладна палепшыў бы гэтую сытуацыю: як мінімум, усе без выключэньня таты даведаліся б, што схадзіць у прыбіральню, калі дома няма іншых дарослых, але ёсьць маленькае дзіця — гэта ня дробны побытавы эпізод, а сапраўдны квэст.

Але нягледзячы на відавочныя пазытыўныя аспэкты абавязковага дэкрэтнага адпачынку для мужчын, гэтае рашэньне не зьяўляецца ні ідэальным, ні унівэрсальным. Адпаведны закон перад прыняцьцем трэба разглядаць не ізалявана, а як частку ўсёй заканадаўчай сыстэмы. І галоўнае пытаньне, на якое трэба шчыра адказаць, — гэта «ці пераважыць патэнцыйная карысьць ад гэтага закону патэнцыйную шкоду?». Трэба ўсьведамляць, якую праблему дзяржава насамрэч спрабуе вырашыць, прымаючы законапраект.

Я ня веру ў тое, што беларуская дзяржава лічыць сапраўды роўныя партнэрскія стасункі вялікай каштоўнасьцю.

Я ня веру ў тое, што беларуская дзяржава лічыць сапраўды роўныя партнэрскія стасункі вялікай каштоўнасьцю. Непераканаўча для мяне гучаць і перажываньні ўладаў пра шчасьце дзяцей. Бо пакуль правая рука распрацоўвае закон пра абавязковы дэкрэт для татаў, левая забірае дзяцей у прытулак за тое, што маці ня мае грошай для аплаты камунальных паслуг.

Калі беларускія ўлады заводзяць гаворку пра прыняцьце вельмі прагрэсіўнага для нашай краіны закона, зьвязанага са зьмяненьнем патрыярхальных сацыяльных нормаў, трэба шукаць, што з гэтым законам не так. Вельмі яскравы прыклад — Нацыянальны плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці, які ўключае ў сябе барацьбу з абортамі. Гендэрная роўнасць па-беларуску выглядае прыблізна так: калі мужчыны не могуць рабіць аборты, значыць, і жанчыны не павінны.

Закон аб абавязковым дэкрэтным адпачынку для татаў можа аказацца такім жа «пылам у вочы» і чарговай спробай Беларусі палепшыць свой імідж на міжнароднай арэне. Чыноўнікі будуць з гонарам рабіць справаздачы аб тым, што жанчыны ў Беларусі маюць усе магчымасьці для шчасьлівага мацярынства. Гэта будзе прыгожая акторская гульня, але, д’ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях. У краінах, дзе дзяржава на самой справе лічыць важнай ролю таты ў выхаваньні дзяцей, пакой на чыгуначным вакзале, дзе можна зьмяніць пампэрс немаўляці, не называецца «пакой маці і дзіцяці».

Паводле апошніх дадзеных, розьніца паміж сярэдняй зарплатай мужчын і жанчын у Беларусі складае 24%.

Але найбольш спрэчак у абмеркаваньнях патэнцыйнага закону выклікае фінансавае пытаньне. Паводле апошніх дадзеных, розьніца паміж сярэдняй зарплатай мужчын і жанчын у Беларусі складае 24%, і гэта таксама важны аргумэнт на карысьць таго, што ў дэкрэт мужчыны ідуць толькі ў 1% выпадкаў. Дзяржаўныя выплаты тым, хто знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, складаюць ад 261 да 336 рублёў на адно дзіця ў месяц.

На фоне гэтых бязрадасных лічбаў расповеды пра заклапочанасьць дэмаграфічнымі праблемамі гучаць крывадушна. Сёньня ў большасьці сем’яў, дзе ёсьць муж і жонка, больш грошай зарабляе муж, і прымусовае пазбаўленьне сям’і гэтага заробку нікому ня пойдзе на карысьць. Але ўладам прасьцей прымусіць мужчын ісьці ў дэкрэт, чым вырашаць праблему гендэрнага разрыву ў заробках і падвышаць памер дзяржаўнай дапамогі маці і бацькам, якія даглядаюць малых.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG