У судзе партыю прадстаўляюць Анатоль Лябедзька, Антаніна Кавалёва і сьведка Мікалай Казлоў. Яны патрабуюць прызнаць папярэджаньне незаконным.
Судзьдзя — Мікалай Бабкоў. Прысутнічаюць дыпляматы, сярод якіх Моніка Блант з амбасады ЗША. Сьведкі — Мікалай Казлоў і Ягор Віняцкі.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька напачатку заявіў, што не давярае ні судзьдзю, ні пракурору, ні сакратару суду. Сказаў, што доўгае знаходжаньне ў палітыцы разбурыла давер да органаў дзяржаўнай улады. Летась у яго было каля 20 судовых працэсаў, і ўсе былі, паводле яго, «пашытыя на адзін узор, па адных лякалах».
«Судзьдзя Бабкоў нічым не адрозьніваецца ад судзьдзі Камісарава ці судзьдзі Шабуні. У 1996 годзе вы сталі аддзелам адміністрацыі. Рашэньне ўжо ёсьць у кампутары. Другая прычына недаверу зьвязаная з тым, што на сайце суду летась было галасаваньне пра давер судовай сыстэме. 96% грамадзянаў не давярае. Беларусь — сябра АБСЭ. У 10 рэзалюцыях запісана, што ў Беларусі няма сумленнай судовай сыстэмы», — заявіў Лябедзька.
Судзьдзя запярэчыў, што тут не палітычная трыбуна. Завязалася спрэчка.
«Мяркуючы па вашай рэакцыі, вам яшчэ ніхто не даваў „адлуп“», — заявіў судзьдзя Мікалай Бабкоў.
Намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва не давярае судзьдзі таксама.
Судзьдзя і пракурор пайшлі раіцца. Адвод судзьдзі і пракурора не задаволілі.
За акцыю на Дзень Волі былі вынесеныя папярэджаньні партыям БНФ і АГП, а таксама руху «За свабоду». Усе арганізацыі абскардзілі папярэджаньні ў Вярхоўны Суд.