Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у ЗША, Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі і Ізраілі клапоцяцца пра вэтэранаў Другой сусьветнай вайны


Як у ЗША, Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі і Ізраілі клапоцяцца пра вэтэранаў Другой сусьветнай вайны

У Нямеччыне і Вялікабрытаніі вэтэраны Другой сусьветнай вайны могуць атрымліваць да 10 тысяч даляраў у месяц, а ў Ізраілі штомесячная дапамога вэтэранам вайны і вязьням лягераў складае каля 1500 даляраў.

Стаўленьне да вэтэранаў Другой сусьветнай вайны і ўдзельнікаў іншых баявых дзеяньняў — паказчык ня толькі эканамічнага стану дзяржавы, але і менш матэрыяльных рэчаў. У першую чаргу — таго, як краіна і яе ўлады ставяцца да сваіх грамадзянаў.

Беларусь

Паводле інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, у Беларусі, па дадзеных на 1 красавіка 2017 году, пражываюць 10,7 тысяч вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, у тым ліку 7 тысяч інвалідаў і ўдзельнікаў вайны. Паведамляецца, што са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня была выдзелена матэрыяльная дапамога 70 вэтэранам вайны на суму 7700 рублёў, са сродкаў мясцовых бюджэтаў — 2200 вэтэранам на суму 284 300 рублёў. У Беларусі сярэдні памер пэнсіі па ўзросту ў інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў 1,85 разы вышэйшы за сярэднія пэнсіі па ўзросту. Сёлета ў траўні сярэдні памер пэнсіі па ўзросту ў інвалідаў вайны складаў 568 рублёў (каля 285 даляраў).

У Беларусі вэтэранам прадастаўляюцца льготы па бясплатным забесьпячэньні лекавымі сродкамі, зубапратэзаваньню, забесьпячэньню тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортным лячэньні, праезду на ўсіх відах гарадзкога пасажырскага транспарту і іншыя.

Расея

У Расеі, паводле дадзеных Мінпрацы Расеі на красавік 2017 году, жывуць каля 1,8 мільёна інвалідаў і вэтэранаў Другой сусьветнай вайны. Таксама ў Расеі плацяцца пэнсіі і дапамога 1,28 мільёнам працаўнікоў тылу, 125,8 тысячам былых малалетніх вязьняў фашызму, 22,4 тысячам удоў інвалідаў і ўдзельнікаў Другой сусьветнай вайны. Яшчэ 113,5 тысячы чалавек — жыхары блякаднага Ленінграда.

Паводле зьвестак Мінпрацы Расеі, у 2016 годзе сярэдні памер пэнсіі вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны складаў ад 16,5 тысячы рублёў (крыху менш за 300 даляраў ЗША) у работнікаў тылу да 31,6 тысячы рублёў (550 даляраў ЗША) ва ўдзельнікаў баявых дзеяньняў, якія маюць інваліднасьць.

Як гэтыя выплаты суадносяцца з тымі, што атрымліваюць вэтэраны за мяжой?

Нямеччына

Вэтэранам вэрмахту нямецкая дзяржава забясьпечыла нябедную старасьць і высокі ўзровень сацыяльнай абароны. У залежнасьці ад званьня і заслугаў памер пэнсіі вэтэранам, якія ваявалі ў Другой сусьветнай вайне вагаецца ад 1600 да 9000 даляраў. Напрыклад, пэнсія малодшага афіцэра складае 2700 долараў. Каля 440 налічваецца ўдовам загінулых.

Выплаты гарантуюцца асобам нямецкага паходжаньня, якія служылі ў арміі Нямеччыны і «выконвалі статутную ваенную службу ў адпаведнасьці з правілам яе праходжаньня да 9 мая 1945 году».

Вэтэраны могуць разьлічваць на бясплатную двухразовую шпіталізацыю на працягу году, а, калі гаворка ідзе пра ваеннапалонных, — то колькасьць шпіталізацый неабмежаваная. Таксама дзяржава часткова аплачвае былым салдатам вэрмахту наведваньне месцаў, дзе яны ваявалі, у тым ліку і за мяжой.

Вэтэраны Чырвонай арміі, якія пражываюць у Нямеччыне, таксама маюць права на пэнсію ў памеры 440-550 даляраў у месяц. Таксама ім належыць сацыяльнае забесьпячэньне паводле ўзросту.

Вялікабрытанія

У Вялікабрытаніі дзяржаўнай падтрымкай вэтэранаў займаецца падразьдзяленьне Міністэрства абароны — Агенцтва па справах вайскоўцаў і вэтэранаў (Veterans UK). Вэтэраны Другой сусьветнай атрымліваюць такую ж сацыяльную дапамогу, як і тыя, што ваявалі ў іншых ваенных канфліктах, у якіх удзельнічала Вялікабрытанія. У прыватнасьці, усе інваліды баявых дзеяньняў і іх удовы падпадаюць пад дзеяньне так званай кампэнсацыйнай схемы ўзброеных сіл і рэзэрву (AFCS), якая ўступіла ў сілу ў красавіку 2005 году.

Права на атрыманьне пэнсіі мае любы брытанец, які пацярпеў падчас вайны. Памер пэнсіі вэтэрана ў Вялікабрытаніі наўпрост залежыць ад воінскага званьня і цяжару раненьняў. Штомесячныя выплаты вагаюцца ад 2200 да 10 000 долараў. Калі ёсьць неабходнасьць, то дзяржава дадаткова аплачвае вэтэрану сядзелку.

ЗША

У ЗША пытаньнямі сацыяльнага забесьпячэньня вэтэранаў займаецца спэцыяльны дэпартамэнт, створаны яшчэ ў 1930 годзе (у 1989 годзе ён атрымаў статус міністэрства). Гэта ўсёабдымная сыстэма дапамогі вэтэранам, якая налічвае 152 бальніцы, 800 паліклінік і 126 адзінак па догляду на даму. Мэдыцынскае абслугоўваньне амэрыканскім вэтэранам прадастаўляецца бясплатна. Усяго ў структуры ведамства працуюць каля 280 тысяч чалавек — больш шматлікі штат мае толькі Пэнтагон.

Льготы для вэтэранаў усіх ваенных канфліктаў, у якіх прымалі ўдзел ЗША, уключаюць кампэнсацыі па інваліднасьці, спэцыяльныя надбаўкі да пэнсіі, страхаваньне і выдаткі на пахаваньне.

Па дадзеных дэпартамэнта ў справах вэтэранаў, да 2016 году ў ЗША засталося ўсяго 697,8 тыс. вэтэранаў Другой сусьветнай вайны. Да пэнсіі, якая ў сярэднім складае 1500 ^$, вэтэранам належыць надбаўка ў 1200 ^$.

Усяго на кампэнсацыі сваякам вэтэранаў Другой сусьветнай, войнаў у Карэі, Віетнаме, Кувэйце, Іраку і Аўганістане штогод зь бюджэту ЗША траціцца каля 7 млрд даляраў.

Францыя

У францускіх вэтэранаў ёсьць сваё ведамства — іх праблемамі займаецца Міністэрства ў справах былых вайскоўцаў і ахвяр вайны. Сярэдняя пэнсія па лініі гэтага ведамства (без надбавак і дапамогі спэцыялізаваных асацыяцый) складае 1400 даляраў. Але акрамя гэтага вэтэраны Другой сусьветнай атрымліваюць штогадовую выплату 770 даляраў.

Прадмет асаблівага гонару Францыі, які мае даўнюю гісторыю, гэта Дом інвалідаў. Гэта адначасова заля вайсковай славы і шпіталь. Вэтэраны, якія маюць патрэбу ў даглядзе, могуць жыць тут пастаянна.

Ізраіль

Вэтэраны Другой сусьветнай у Ізраілі атрымліваюць штомесячную дапамогу — каля 1500 даляраў. Пры гэтым людзі, якія падчас вайны знаходзіліся ў канцлягерах і гета, у 2007 годзе таксама былі прыраўнаныя да вэтэранаў Другой сусьветнай і атрымалі такія ж ільготы. Акрамя пэнсіі, раз на год былым вязьням нацызму выплачваецца 300 даляраў на аздараўленьне. Вэтэраны гэтак жа атрымліваюць матэрыяльную дапамогу ад розных недзяржаўных фондаў.

Вэтэранам Войска абароны Ізраілю выплачваецца асобная пэнсія 1700 даляраў. Такая ж належыць грамадзянам, якія пацярпелі ў тэрарыстычных актах. Вэтэраны ўсіх войнаў у Ізраілі вызваляюцца ад аплаты муніцыпальнага падатку, яны атрымліваюць істотныя скідкі на аплату ЖКГ, штогадовую дапамогу 35% ад сярэдняй заработнай платы ў краіне ( у 2016 гэта было 875 даляраў), дзесяціпрацэнтную надбаўку да дапамогі на арэнду жыльля, зьніжку 75% на лекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG