«Гэта ня значыць, што кампанія завершана, мы працягваем дапамагаць рэпрэсаваным падчас Вясны-2017. Аднак асноўная частка грашовых пералічэньняў скончылася, таму можна падсумаваць вынік збору сродкаў», — кажуць у сумеснай справаздачы Ляксей Лявончык, Юлія Дарашкевіч, Андрэй Стрыжак.
За два месяцы ад пачатку кампаніі салідарнасьці і падтрымкі сабрана ў эквіваленце амаль што 55 000 даляраў.
#BY_help дапамагла больш як 200 сутачнікам і адміністрацыйна пакараным (аплата ІЧУ, адвакаты, перадачы) на агульную суму 18 160 даляраў.
#BY_help дапамагла ў выплаце адміністрацыйных штрафаў на суму 11 590 даляраў.
#BY_help дапамагла арыштаваным па крымінальнай справе, 9 840 даляраў пайшло на адвакатаў.
#BY_help дапамагла сем’ям арыштаваных, на жыцьцё і перадачы, агулам на 10 550 даляраў.
#BY_help накіравала сем’ям наўпрост ня менш за 5000 даляраў, ня ўлічаных у справаздачы.
Агулам сума сабраных ахвяраваньняў склала 54 840 даляраў.
Паводле актывістаў, на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных бліжэйшым часам будзе перададзена яшчэ 2000 даляраў. Рэшта — блізу 2700 даляраў — стане апэратыўным рэзэрвам для экстранай дапамогі, каму трэба.
Актывісты дзякуюць неабыякавым людзям па ўсім сьвеце, якія падключыліся да збору сродкаў, прадэманстраваўшы, што і ў беларусаў ёсьць сапраўдная, паўнавартасная дыяспара. Асобная падзяка прыватным і карпаратыўным донарам, калегам з праваабарончага цэнтру «Вясна».
«Мы моцныя, калі мы разам!» — кажуць ініцыятары збору сродкаў для рэпрэсаваных і іх сем’яў.