Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Ала Крапіўка пакінула ў сіле рашэньне суду Савецкага раёну Менска, які адмовіўся задаволіць пазоў рэжысэра Аляксей Туровіча да сябра праўленьня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Георгія Марчука.
На сцэнарыста і драматурга Туровіч падаў у суд пры канцы мінулага году. Ён патрабаваў ад літаратурнага функцыянэра вярнуць грошы, пазычаныя больш за восем гадоў таму — у эквіваленце блізу 1500 даляраў. Пра доўг сьведчыць расьпіска за подпісам Марчука.
Аднак у тым жа 2008-м Аляксей Туровіч быў асуджаны і наступныя 4 гады правёў за кратамі — пра гэту гісторыю Свабода пісала раней. Сваёй віны ён не прызнаў і дагэтуль аспрэчвае абвінавачаньне праз Вярхоўны суд і пракуратуру. За час вымушанай адсутнасьці быў завочна выключаны з шэрагаў СПБ, а па выхадзе на волю сутыкнуўся з тым, што разьлічвацца за даўгі былы калега адмаўляўся.
Суд Савецкага раёну адпачатку заняў пазыцыю Георгія Марчука, які спаслаўся на тэрмін даўніны — маўляў, падобныя спрэчкі актуальныя цягам трох гадоў. Аргумэнты Туровіча, што яго ў той час не было на волі фізычна, не паўзьдзейнічалі. У задавальненьні пазову было адмоўлена.
Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў правамоцнасьць папярэдняга рашэньня, абгрунтаваўшы гэта тым, што «абставіны і факты справы высьветленыя цалкам і ўсебакова».
«Насамрэч ніхто нічога не высьвятляў, — гаворыць Аляксей Туровіч. — Гэта сапраўдны судовы канвэер, ня болей за 5 хвілін на кожную справу. Хоць пры гэтым бяруць немалыя грошы за „паслугі“. Штосьці кшталту камэрцыйнай установы, якая спраўна папаўняе дзяржаўны бюджэт. Шараговыя грамадзяне ў Беларусі ня маюць ніякіх правоў — любы можа плюнуць табе ў твар і ты ня будзеш мець ніякай магчымасьці абараніцца».
Пазоўнік кажа, што на гэтым ня спыніцца і будзе рыхтаваць скаргу ў Вярхоўны суд.
Летась у лістападзе на зьезьдзе праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі быў аднагалосна пераабраны старшынём Мікалай Чаргінец, які ўзначальвае арганізацыю ад 2005 году. Толькі адзін чалавек выказаўся супраць — ужо былы сябра саюзу, кінарэжысэр Аляксей Туровіч. Тады ён сказаў Свабодзе, што перад галасаваньнем выказаўся пра тое, што Чаргінца нельга абіраць на старшыню, а Марчука — на сакратара, бо яны яго ашукалі.
Аляксей Туровіч, які адседзеў 4 гады па абвінавачаньні ў пэдафіліі, заяўляе, што справа супраць яго была сфабрыкаваная, але саюз яму не дапамог, хоць кіраўніцтва і абяцала спрыяньне ў «абмен на выкананьне працоўных даручэньняў».