Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗКЦ пра канкурэнтаў з КамАЗу: Усе намагаюцца разьвівацца, на нашых пастаўках гэта не адбілася


Ілюстрацыйнае фота. Высокадакладны апэратыўна-тактычны ракетны комплекс сухапутных войскаў "Іскандэр"
Ілюстрацыйнае фота. Высокадакладны апэратыўна-тактычны ракетны комплекс сухапутных войскаў "Іскандэр"

Як паведамляла Свабода, 9 траўня ў Набярэжных Чаўнах адбылася публічная дэманстрацыя цягачоў «Платформа-О» вытворчасьці заводу спэцыяльных аўтамабіляў «Ремдизель» — структурнага падразьдзяленьня КамАЗу.

Некаторыя аналітыкі зрабілі выснову, што фактычна прэзэнтаваная альтэрнатыва беларускім аналягам вытворчасьці Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ), якія выкарыстоўваліся ў якасьці шасі для шэрагу ракетных комплексаў.

На беларускіх плятформах перасоўваецца практычна ўся ўдарная сіла расейскіх Узброеных сілаў — сыстэмы «Искандер», «Смерч», «Торнадо», «Тополь», «Тополь-М», «Ярс», «Рубеж», С-300 і С-400.

Начальнік бюро па продажах прадукцыі для ваенна-прамысловых комплексаў Беларусі і Расеі МЗКЦ Андрэй Сьцепусь у камэнтары Свабодзе сказаў, што няма падставы гаварыць пра зьмену фармату адносінаў з Расеяй — тэхніка пастаўляецца, умовы кантрактаў выконваюцца:

«У нас гэтая тэма нават не абмяркоўвалася: у прадпрыемства ёсьць замовы, яны выконваюцца, так што ўсё добра. Тое, што расейскія вытворцы дэманструюць нейкія новыя ўзоры — гэта цалкам нармальна, усе ў сьвеце намагаюцца разьвівацца, рабіць нешта сваё. Да таго ж гэта не зусім навіна, яны даўно ўжо такімі распрацоўкамі займаюцца. Аб’ёмы нашых паставак гэта не закранула, кантрактныя абавязаньні выконваюцца».

Летась прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў пра паступовы перанос вытворчасьці аўтамабільнага шасі з МЗКЦ на КамАЗ. Асноўнай прычынай названа тое, што Беларусь адмаўляецца прадаваць завод:

«Тры гады прадавалі нам гэты МЗКЦ, але так ні пра што і не дамовіліся. Ня хочуць прадаваць — ня трэба, мы на КамАЗе наладзім аналягічную вытворчасьць», — сказаў тады кіраўнік расейскага ўраду.

У 2011 годзе Расея прапанавала інтэграваць МЗКЦ у свой вайскова-прамысловы комплекс праз набыцьцё кантрольнага пакету акцый. Але бакі так і не сышліся ў ацэнцы актываў і суме інвэстыцый. Неўзабаве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы за кошт расейскіх грошай мадэрнізаваць прадпрыемства, правесьці дадатковую эмісію акцый, але пры гэтым не перадаючы нічога ва ўласнасьць.

Пазалетась, наведваючы МЗКЦ, Лукашэнка сказаў, што ніхто нічога прадаваць ня будзе. «А калі ў расейцаў ёсьць мазгі і грошы, хай самі вынаходзяць», — падсумаваў ён.

Была яшчэ прапанова памяняць завод на нафтавае радовішча ў Расеі з аб’ёмам здабычы ня меней за 10 мільёнаў тон за год — фактычна палова ад таго, што трэба, каб загрузіць магутнасьці беларускіх НПЗ. Але ў Маскве падлічылі: беларусы ад такой зьдзелкі будуць мець 3 мільярды даляраў на год — нашмат больш, чым каштавала б прыватызацыя МЗКЦ.

Ніводзін варыянт, прапанаваны Беларусьсю, Расею не задаволіў. На некаторы час размовы вакол продажу стратэгічнага прадпрыемства змоўклі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG