Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін, які знаходзіцца з трохдзённым візытам у Вашынгтоне, 10 траўня правёў сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Майкам Пэнсам. У абедзьвюх сустрэчах таксама ўзяў удзел амбасадар Украіны ў ЗША Валер Чалы.
Пра гэта ноччу 11 мая паводле кіеўскага часу паведаміла амбасада Ўкраіны ў ЗША. Бакі «абмеркавалі далейшую падтрымку Украіны з боку Злучаных Штатаў», гаворыцца ў паведамленьні.
«Бакі падрабязна абмеркавалі разьвіцьцё сытуацыі на Данбасе. Павал Клімкін падзякаваў за нязьменную пазыцыю адміністрацыі ЗША ў падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і ў процідзеяньні расейскай агрэсіі», — адзначае амбасада Ўкраіны ў ЗША.
Сустрэчы Клімкіна з амэрыканскімі лідэрамі папярэднічалі сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і дзяржсакратара Рэкса Тылерсана зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. Паводле інфармацыі амэрыканскага боку, Трамп пацьвердзіў абавязаньні адміністрацыі ў вырашэньні канфлікту ва Ўкраіне і падкрэсьліў адказнасьць Расеі ў поўным выкананьні менскіх дамоўленасьцяў.
У Дзяржаўным дэпартамэнце паведамілі, што Тылерсан падчас перамоваў з Лаўровым заявіў, што санкцыі супраць Масквы будуць дзейнічаць, пакуль яна не адмовіцца ад дзеяньняў, што справакавалі тыя санкцыі. Лаўроў жа абвінаваціў у пагаршэньні стасункаў Расеі і ЗША адміністрацыю Абамы.