Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Расея захоча захапіць Беларусь — Кітай ня будзе яе абараняць»


Ці сапраўды Кітай ужо стаў стратэгічным партнэрам для Беларусі? Ці не занадта шмат эканамічных саступак робіць афіцыйны Менск дзеля палітычнага партнэрства з Пэкінам? Ці варта асьцерагацца масавай прысутнасьці кітайцаў у Беларусі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітычныя аглядальнікі Андрэй Фёдараў і Паўлюк Быкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Аляксандр Лукашэнка 4 траўня ў Палацы Незалежнасьці сустрэўся з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь. «Сусьветная эканоміка і палітыка сталі, на жаль, непрадказальнымі. Але насуперак сусьветным выклікам Беларусь і Кітай стварылі моцныя, трывалыя і надзейныя міждзяржаўныя сувязі — адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнэрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Бадай што, не знойдзецца ў Эўропе больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь».

Ці сапраўды для Кітаю Беларусь настолькі важная, як гэта малюе Аляксандра Лукашэнка?

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Натуральна, што для Кітаю Беларусь ня мае такога вялікага значэньня. Для Беларусі ж Кітай пэўнае значэньне мае, — прынамсі, як тая краіна, у якой можна папрасіць грошы. Але Кітай дае нам пераважна зьвязаныя крэдыты, і як скардзіўся сам Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня, Беларусь нават не выкарыстоўвае ўсе гэтыя крэдыты. Бо не хапае добрых праектаў.

Кітай шмат у чым падтрымлівае Беларусь на замежнапалітычнай арэне, бо ён традыцыйна ня ўмешваецца ў справы іншых краінаў, і не галасуе па рэзалюцыях, у якіх асуджаюцца парушэньні правоў чалавека.

Цыганкоў: Сам Лукашэнка казаў, што Кітай такі ідэальны партнэр, які, у адрозьненьні ад Захаду, не гаворыць пра правы чалавека, і ў адрозьненьні ад Расеі, не патрабуе нейкіх геапалітычных саступак. А што ўзамен Беларусь дае Кітаю?

Фактычна ўсё, што мы бачым у крамах, зь вельмі вялікай верагоднасьцю мае пазнаку «Made in China»

Быкоўскі: Беларусь для Кітаю — гэта адзін з рынкаў, на якіх яны могуць працаваць. Гэта атрымальнік тых самых зьвязаных крэдытаў, у нас даволі шмат праектаў было рэалізавана за гэтыя крэдыты — набыцьцё электравозаў, мадэрнізацыя цэмэнтнай галіны эканомікі. Беларусь бярэ грошы, і набывае за іх тавары і паслугі ў Кітаі, то бок ствараем ім працоўныя месцы. Акрамя таго, гэтыя грошы Беларусь калі-небудзь будзе вяртаць з працэнтамі — хаця гэта працэнты невялікія.

У Беларусі з Кітаем ад 2006 году адмоўнае гандлёвае сальда. Мы прадаём у асноўным калійныя ўгнаеньні, а купляем фактычна ўсё, ад часнаку да тэкстылю, прамысловых вырабаў, электронікі. Фактычна ўсё, што мы бачым у крамах, зь вельмі вялікай верагоднасьцю мае пазнаку «Made in China».

Цыганкоў: Дык наколькі ўзаемавыгадныя гэтыя адносіны? Хто тут больш выйграе, хто мае больш перавагаў?

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Беларускае кіраўніцтва з гонарам кажа, што ў нас з Кітаем стратэгічнае партнэрства. Цікава было б даведацца, што тут маецца на ўвазе, і чым гэта адрозьніваецца ад звычайнага партнэрства. Кітай сапраўды салідарна галасуе зь Беларусьсю ў ААН. Але гэта фактычна адзіная сусьветная палітычная арганізацыя, дзе краіны знаходзяцца разам, нават у Руху недалучэньня Кітай толькі назіральнікам. А вартасьць ААН мы добра ведаем, яна ня вельмі значная.

Палітычная падтрымка і ёсьць, то яна вельмі ўмоўная.

Так што казаць пра нейкую стратэгічную палітычную падтрымку не выпадае. Давайце ўявім сабе, што, напрыклад, Расея захоча пакінуць у Беларусі свае войскі пасьля вучэньняў і анэксуе Беларусь. Кітай за гэта аб’явіць Расеі вайну? Не. Ці наадварот, уявіць зусім фантастычную карціну — NATO захоча захапіць Беларусь? Кітай аб’явіць вайну NATO? Вельмі малаверагодна. Так што калі палітычная падтрымка і ёсьць, то яна вельмі ўмоўная.

Пра эканамічныя аспэкты мой калега ўжо казаў. Летась у нас было 1600 мільёнаў адмоўнага сальда ў гандлі з Кітаем. Ёсьць два праекты, якія нібыта нешта абяцаюць — гэта індустрыяльны парк «Вялікі камень» і эканамічны пояс «Шаўковага шляху». Але і тут ёсьць вялікія сумневы наконт эфэктыўнасьці.

Цыганкоў: Ці ня можа Беларусь стаць занадта залежнай ад Кітаю ў выпадку рэалізацыі ўсіх кітайскіх праектаў? Калі ў выніку дзясяткі і сотні тысяч кітайцаў прыедуць у Беларусь?

Быкоўскі: Я б не перабольшваў такую пагрозу. Мне даводзіцца сутыкацца з кітайцамі, якія працуюць у Беларусі. Мая дачка вывучае кітайскую мову, і мы мусім наймаць рэпэтытараў, і мы кантактуем з кітайцамі. Раней быў час, калі ім здавалася, што тут было б добра жыць, але зараз яны кажуць, што пэрспэктывы ў Кітаі ў іх большыя чым у Беларусі. Гэта зьвязана ў тым ліку з магчымасьцямі, колькі можна зарабіць кітайцу ў Беларусі і кітайцу ў Кітаі.

Але сапраўды, гэтыя зьвязаныя крэдыты прыводзяць да таго, што ў Беларусі прысутнічаюць кітайскія будаўнікі, якія працуюць на аб’ектах, зьвязаных з гэтымі крэдытамі. І яны аказваюць нейкі ўплыў на беларускі рынак працы. Але я не ўпэўнены, што гэтыя людзі тут застануцца, калі гэтыя крэдыты перастануць рэалізоўвацца.

Я ня ўпэўнены, што трэба баяцца вялікай залежнасьці ад Кітаю ў крэдытным сэнсе, бо давайце паглядзім, хто самы вялікі даўжнік Кітая? ЗША. І нельга сказаць, што ў ЗША так моцна баяцца таго, што Кітай валодае амэрыканскімі даўгамі.

Цыганкоў: Гэтая тэма гучыць у ЗША, асабліва цяпер, калі прэзыдэнтам стаў Трамп, ён часта выказваецца пра несправядлівасьць у гандлёвых адносінах.

Быкоўскі: Кітай? сапраўды, прысутнічае шмат у якіх краінах. Жыхары Кітаю ня маюць пэнсійнага страхаваньне ад дзяржавы, кітайскія грамадзяне мусяць адкладаць сабе на пэнсію ў банку. І гэтыя грошы ўкладваюцца ў іншых краінах, гэта вядомая палітыка Кітаю. Важна тое, ці пераўзыходзіць Беларусь пэўную мяжу, ці робяцца гэтыя пазыкі небясьпечнымі для нацыянальнай эканомікі. Але гэта залежнасьць ня толькі ад аднаго Кітаю.

Цыганкоў: Ці можа Кітай у пэрспэктыве замяніць Менску Расею як галоўны эканамічны і геапалітычны партнэр? І як на гэта паглядзіць Масква?

Кітай ня стане панацэяй.

Фёдараў: У бліжэйшы час я ня бачу такой магчымасьці. Кітай рухаецца павольна, дзейнічае ў асноўным не палітычнымі, а эканамічнымі сродкамі. Залежнасьць ад Масквы непараўнальна большая. І зьмяніць гэта на Кітай — такога ў бліэжэйшы час не прадбачыцца.

Тое, што беларускае кіраўніцтва спрабуе зьменшыць залежнасьць ад Расеі — гэта можна толькі вітаць. Але баюся, Кітай ня стане панацэяй. Павялічыцца гандлёвы абарот, будзем атрымліваць больш грошай за транзыт, калі будзе пабудаваная гэтая чыгуначная магістраль у Эўропу. Там ёсьць свае праблемы, гэтая дарога разьлічаная на 30 гадоў, але ці будзе патрэба ў такіх перавозках праз 30 гадоў?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG