Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што хацеў давесьці Аляксандар Лукашэнка кітайскім мэдыям


Лідэры Беларусі і Кітаю Аляксандар Лукашэнка і Сі Дзіньпін у Пэкіне 29 верасьня 2016 году
Лідэры Беларусі і Кітаю Аляксандар Лукашэнка і Сі Дзіньпін у Пэкіне 29 верасьня 2016 году

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Сустрэча прайшла ў Палацы Незалежнасьці. У ёй узялі ўдзел 40 кітайскіх журналістаў. Выкарыстана тая ж схема, як з расейскімі журналістамі, якія ладзяць раз на год вялікі прэс-тур па Беларусі — і на заканчэньне, як вішанька на торце, адбываецца вялікая прэсавая канфэрэнцыя з Лукашэнкам.

Варта нагадаць, што ў гэтым месяцы кіраўнік Беларусі чарговым разам наведае Кітай. Але гэта не звычайны візыт, якіх было нямала. Лукашэнка паляціць у Пэкін на саміт «Адзін пояс і адзін шлях». Гэты саміт прысьвечаны праекту эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Афіцыйны Мінск зьвязвае вялікія надзеі з удзелам у ім. Таму гэты прэс-тур кітайскіх журналістаў не выпадковы, а, што называецца, з нагоды важнай падзеі.

Як звычайна, Лукашэнка вельмі патасна апавядаў пра пэрспэктывы беларуска-кітайскіх адносін. Аднак рэальнасьць увесь час разьбівае ўсе пляны. Беларусь прадае ў Кітай тавараў у чатыры разы менш, чым купляе. Фактычна экспартаваць у Кітай Беларусі няма чаго, акрамя калію.

Ні пра якія інавацыі, найноўшыя тэхналёгіі, пра якія любяць разважаць беларускія чыноўнікі, гаворка не ідзе.

Колькі ўжо гадоў ідзе размова пра індустрыяльны парк «Вялікі камень», які, па ўяўленьні Лукашэнкі, павінен стаць адной з «вузлавых пляцовак» на Шаўковым шляху. Чарговым разам Лукашэнка заявіў, што толькі ад экспарту прадукцыі з гэтага парку Беларусь разьлічвае атрымаць прыток валюты парадку 50 млрд даляраў. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганьні беларускіх уладаў, пакуль пад гэты камень не цячэ вада інвэстыцый. Рэалізуецца толькі адзін праект — будуецца лягістычны цэнтар. То бок вялікі склад. Ні пра якія інавацыі, найноўшыя тэхналёгіі, пра якія любяць разважаць беларускія чыноўнікі, гаворка не ідзе. Крэдытная лінія ў 15 мільярдаў даляраў ня выбраная, бо няма эфэктыўных праектаў. Так што надзея на чарговую халяву, у гэтым выпадку кітайскую, ня спраўджваецца.

Цыганкоў: Адносіны з Кітаем сапраўды ілюструюць спробы, якія робіць беларускае кіраўніцтва ў замежнай палітыцы, каб знайсьці сабе новае апірышча. Расчараваўшыся пэўны час у эўрапейскім кірунку і маючы ўвесь час праблемы на расейскім, афіцыйны Менск успрымае Пэкін як адну зь вялікіх дзяржаў, якія могуць аказваць Беларусі палітычную, маральную і іншую, у тым ліку эканамічную, падтрымку. Бадай, ні ў якія іншыя краіны сьвету, акрамя Расеі, Аляксандар Лукашэнка ня езьдзіў так часта, як у КНР. Сапраўды, калі б можна было знаходзіць нейкі прагрэс, перш за ўсё ён павінен быў бы вымярацца эканамічнымі стасункамі. А яго няма. Пэўны час таваразварот паміж краінамі рос, але менавіта апошнія гады назіраюцца вялікія праблемы. Перш за ўсё, з прычыны крызісу ў Беларусі таваразварот зьменшыўся з усімі краінамі. Але больш непакоіць нават іншае. Тое, што Кітай прапануе Беларусі і зьвязаныя крэдыты, як згадаў Валер Карбалевіч, і зьвязаныя праекты. Гэта азначае — калі прыяжджаюць кітайскія рабочыя і на кітайскія грошы будуюць нешта. Альбо пастаўляюць кітайскае абсталяваньне, якое не заўсёды аказваецца якасным, як на цэмэнтныя заводы. То бок Кітай перш за ўсё клапоціцца пра свае ўласныя інтарэсы.

Гэта называецца экспансія.

Міжнародныя назіральнікі апісваюць, як Кітай прыходзіць у Паўднёвую Амэрыку, у Афрыку. Гэта адбываецца менавіта вось такім чынам: аказваецца пэўная палітычная і эканамічная падтрымка, а потым мясцовы рынак запаўняюць спачатку кітайскія тавары, а за імі кітайскія інвэстыцыі, якія, аднак, не даюць працу мясцовым людзям, а прыяжджаюць самі кітайцы. Гэта называецца экспансія.

Ці становіцца Беларусь такім пунктам кітайскай экспансіі? На думку многіх аналітыкаў, менавіта так і адбываецца. Спрабуючы абмяняць палітычную падтрымку на вось такія эканамічныя саступкі, Аляксандар Лукашэнка, магчыма, стварае сур’ёзную праблему для будучага Беларусі.

Глод: Лукашэнка прадстаўляў Беларусь кітайскім журналістам як бы ў дзьвюх іпастасях. Першая — Беларусь як самастойная краіна, якая да таго ж самы надзейны сябар Кітая ва ўсёй Эўропе. Другая — Беларусь як выхад для кітайцаў на велізарны рынак Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Пачнём зь першага. Любую краіну Лукашэнка разглядае як патэнцыйнага гандлёвага партнэра Беларусі. І чым болей туды прадаецца беларускіх тавараў, тым лепш працуюць там беларускія дыпляматы. Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заяўляў ня раз. А што атрымліваецца з Кітаем? Як ужо казаў Валер Карбалевіч, гандлюем мы зь ім сабе на страту. Прадаём туды на паўмільярда даляраў (пераважна калій), купляем там аж на два мільярды. Купляем усё, нават тое, што можна пасьпяхова вырабляць у Беларусі: ад рыдлёўкі да часнаку.

Лукашэнка дагэтуль спадзяецца, нібыта Беларусь можа істотна павялічыць аб’ёмы экспарту ў Кітай.

Мне падаецца, што Лукашэнка дагэтуль спадзяецца, нібыта Беларусь можа істотна павялічыць аб’ёмы экспарту ў Кітай. Але гэта не атрымліваецца. І наўрад ці атрымаецца наагул. Хутчэй, трэба зьмяншаць (і істотна) кітайскі імпарт. Але ж прызнавацца ў гэтым ня хочацца. Адсюль і заклікі да кітайскіх журналістаў — маўляў, пішыце і расказвайце болей пра тое, якія якасныя і танныя беларускія вырабы. Можа, спадзяецца Лукашэнка, тады мы здолеем экспартаваць у Кітай больш беларускага.

Другі аспэкт, на які так напіраў Лукашэнка: Беларусь — дарога на рынак Эўразійскага эканамічнага саюзу. Але ж кітайцы ўсё добра разьлічваюць. Ну навошта ім дапамога Менску, каб, напрыклад, выйсьці на рынак Казахстану? Яны і без Лукашэнкі робяць гэта пасьпяхова. Таваразварот паміж Кітаем і Казахстанам пастаянна расьце, гандаль ідзе ў буйных памерах, і на гэта Беларусь уплываць проста ня можа.

І Валер Карбалевіч, і Віталь Цыганкоў слушна казалі, што кітайскія інвэстыцыі ў Беларусь амаль не ідуць, а тым больш інавацыі. Дый не такія дурні людзі з Паднябеснай, каб аддаваць найсучасьнейшыя тэхналёгіі за межы сваёй краіны. Здаецца б, ужо няўдалая спроба рэканструкцыі цэмэнтных прадпрыемстваў у Беларусі з удзелам кітайцаў павінна былі б навучыць чамусьці. Але ж выглядае, што разьвітвацца са спадзяваньнямі цяжка.

Супольныя з Кітаем праекты ў Беларусі анансаваліся дзясяткамі. Але ж кітайцы прагматыкі. І «падаіць» іх, як расейцаў, не атрымліваецца. Так, падпісаныя крэдытныя дамоўленасьці. Але ў іх існуе абавязковы пункт — грошы павінны ісьці на закуп пераважна кітайскіх тавараў. Так што, выглядае, і тут кітайцы фінансуюць не Беларусь, а найперш саміх сябе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG