Беларусь стала першай краінай Усходняй Эўропы, дзе сёлета праходзіць выстава World Press Photo. У прасторы ЦЭХ выстаўленыя працы 45 фатографаў-пераможцаў — першае, другое і трэцяя месца ў васьмі катэгорыях.
Пераможцы былі адабраныя сярод 80 408 фотаздымкаў, дасланых ад больш як 5 тысячы фатографаў са 126 краінаў. У конкурсе бралі ўдзел 19 фатографаў зь Беларусі. Праўда, у фінал сёлета ніхто зь беларусаў не патрапіў.
«Цягам двух тыдняў журы сядзіць у цёмным пакоі, — распавяла на адкрыцьці выставы І Вэнь Ся (Yi Wen Hsia), куратарка і выставачная мэнэджэрка выставы зь Нідэрляндаў. — Яны бачаць адно фота ў сэкунду. 80 тысяч фота літаральна мільгаюць перад імі».
Тытул «Сусьветнае прэс-фота года» атрымала праца Бурхана Эзбіліджы. Турэцкі фатограф зрабіў для агенцтва Associated Press сэрыю здымкаў забойства расейскага амбасадара Андрэя Карлава ў мастацкай галерэі ў Анкары.
Большасьць пераможцаў — гэта прафэсійныя фатографы сусьветных інфармацыйных агенцтваў і выданьняў, якія прыяжджаюць працаваць у іншыя краіны. Аднак І Вэнь Ся адзначае, што з кожным годам усё часьцей выстрэльваюць мясцовыя фатографы. Як напрыклад, фатограф Наэль Сэліс (Noel Celis) зь Філіпінаў, які зьняў гарадзкую турму Манілы, перапоўненую вязьнямі-наркаманамі.
«Гэта адбываецца дзякуючы глябалізацыі, — кажа І Вэнь Ся. — Доступ да лічбавых сродкаў узрастае».
Яшчэ адна новая тэндэнцыя — гэта вядомасьць многіх фотаздымкаў. Тым жа фота забойства расейскага амбасадара шмат хто дзяліўся ў сацыяльных сетках. Гэтаксама як і фотаздымкам Джонатана Бэкмэна, на якім паліцыянты затрымліваюць Аішу Эванз. 27-гадовая жанчына была на дэманстрацыі супраць паліцэйскага гвалту ў амэрыканскім горадзе Бэтан-Руж.
«Гэта паказвае нам, што сацыяльныя сеткі граюць вельмі вялікую ролю, — кажа І Вэнь. — Адначасова, гэта робіць складаным адбор. Мы жывем у эру пост-праўды, здараецца шмат фэйкавых навінаў. Таму яшчэ больш важна, што мы маем фота на выставе. Яны ўсе правераныя і сапраўдныя».
Выстава адкрылася 3 траўня — у дзень Свабоды прэсы. Гэта не зусім супадзеньне. Па словах Аляксея Талстова, арт-дырэктара прасторы ЦЭХ, арганізатары стараюцца плянаваць выставу менавіта на травень.
«Таму што дата знакавая, — сказаў Талстоў. — А ЦЭХ вельмі шчыльна зьвязаны з журналісцкай супольнасьцю. Свабода прэсы — пытаньне даволі востра ў нас стаіць. Мы мусім адкрываць такія выставы і тэматычныя імпрэзы ў гэты дзень».
Сёлетняя выстава World Press Photo — чацьвёртая па ліку. Першы раз яе прывёз у Менск Андрэй Лянкевіч у пачатку 2010-х. Другі год запар выстава праходзіць у прасторы ЦЭХ.
«Сапраўды важны праект, які дае нам магчымасьць даведацца пра тое, што адбываецца ў сьвеце, — кажа Талстоў. — Навіны забываюцца, а тут у адным месцы сканцэнтраваныя розныя падзеі і розныя зьявы літаральна з усяго сьвету».
Выстава праходзіць да 24 траўня. Экспазыцыя адкрытая для наведваньня з 12:00 да 21:00 у прасторы ЦЭХ, Менск, вуліца Кастрычніцкая 16.