Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бяздушная дзяржава», — асуджаны пікетовец з Горадні настойвае, каб пакаралі чыноўнікаў, празь якіх памёр ягоны дзед


Анатоль Мышкевіч
Анатоль Мышкевіч

Анатоль Мышкевіч выйшаў да Гарадзенскага аблвыканкаму з плякатам «Ня трэба вайны, каб зьнішчаць беларускі народ! Для гэтага існуе беларуская мэдыцына».

Падставай для гэтага стала сьмерць ягонага дзеда, якога «хуткая дапамога» даставіла ў шпіталь, а яго адмовіліся там прыняць. За несанкцыянаваны пікет Мышкевіч асуджаны на 30 базавых велічынь (690 рублёў). Зь ім пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Анатоль, распавядзіце, што здарылася з вашым дзедам і чаму яго адмовіліся прымаць у шпіталь?

— Майму дзеду было 88 гадоў, у яго амаль па ўсім целе былі вялікія ацёкі. Летась ён праляжаў некалькі дзён у шпіталі, яму рабілі кропельніцы, уколы, я ад яго амаль не адыходзіў, і праз пэўны час яму стала значна лепей. І вось гэтым разам усё паўтарылася, ён папросту курчыўся ад болю. Я выклікаў «хуткую дапамогу», і яго павезьлі ў чацьверты шпіталь Горадні. Але там лекар адмовіўся яго глядзець, нават не падышоў да майго дзеда, які стагнаў ад болю. У картцы дзеда было запісана, што ён зарэгістраваны ў Менскай вобласьці.

— Няўжо рэгістрацыі ў пашпарце дастаткова, каб не аказаць чалавеку мэдыцынскай дапамогі?

— Я казаў там тое самае, але мяне ніхто ня слухаў, сказалі везьці яго ў абласны шпіталь. А там, пабачыўшы зноў рэгістрацыю дзеда, пачалося тое самае. Лекары пачалі тэлефанаваць адзін аднаму, сварыліся праз тэлефон паміж сабою і спрачаліся, хто павінен прымаць дзеда ў шпіталь. А мне потым сказалі, каб я зноў вёз дзеда ў чацьвёрты шпіталь. Урэшце наагул параілі стаць на чаргу ў хоспіс і адвезьці яго туды. Я ўжо не вытрымліваў усяго, што адбывалася на маіх вачах. Побач была мама, дык яна ўвогуле плакала і не магла спыніцца, у яе ўжо пачалася істэрыка...

— І вы зноў павезьлі дзеда назад, у чацьвёрты шпіталь?

— Не, лекары зразумелі, што я нікуды больш яго не павязу. Але яны пачалі аглядаць дзеда аж праз 40 хвілін пасьля таго, як мы яго прывезьлі. Яго ўсё ж пакінулі ў шпіталі — гэта была ноч з суботы на нядзелю, а нам сказалі, што ў панядзелак яго будуць выпісваць. А ў ноч з панядзелка на аўторак ён памёр у шпіталі... Мама яшчэ казала, што ня трэба выклікаць «хуткай дапамогі», калі дзеду было дрэнна, бо як ведала, што яму не дапамогуць у шпіталі. Але я ня мог гэтага зрабіць, я верыў, што мэдыкі могуць яго ўратаваць... Нягледзячы на тое, што ў яго былі гэтыя ацёкі, стаяў сардэчны стымулятар, дзядуля вельмі акуратна сябе глядзеў, ведаў, чым і як лячыцца, шмат пра гэта чытаў. Ён мог бы яшчэ жыць...

— Вы некага канкрэтна вінаваціце ў сьмерці дзеда?

— Гэтую бяздушную дзяржаву. Лекары ў шпіталі паказвалі мне нейкі ўказ № 344 упраўленьня аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму, паводле якога яго не хацелі браць у шпіталь. Я, папраўдзе, быў тады ў такім стане, што ня мог нават толкам разабрацца ў гэтых паперках. Я толькі бачыў тады, што чалавек курчыцца ад болі на насілках, а да яго ніхто не падыходзіць, спасылаюцца на нейкія паперкі. Мне стала зразумела, што чалавек у гэтай дзяржаве нікому не патрэбен, калі ён ужо ляжыць на насілках... У мяне тады было вялікае жаданьне пайсьці ў той аблвыканкам і запытацца ў тых людзей, хто выдаў такі ўказ і што яны робяць.

— І вы пайшлі пад аблвыканкам з плякатам ужо пасьля таго, як пахавалі дзеда?

— Так, я напісаў зварот да старшыні аблвыканкаму і ва ўпраўленьне аховы здароўя з патрабаваньнем прымаць у шпіталі ўсіх хворых, дастаўленых «хуткай», незалежна ад рэгістрацыі. А яшчэ я патрабую, каб ад займанай пасады быў вызвалены чыноўнік, які выдаў указ № 344. А з плякатам я стаў побач з аблвыканкамам толькі з адной мэтай — прыцягнуць увагу прэсы і грамадзкасьці да гэтай сытуацыі, каб справа стала галоснай і ня зьнікла бясьсьледна ў чыноўніцкіх кабінэтах.

— Вам доўга ўдалося прастаяць з плякатам побач з аблвыканкамам?

— Я прастаяў больш за паўгадзіны, пакуль прыехалі міліцыянты. Да мяне падыходзілі мінакі, пыталіся, што здарылася. Я тлумачыў сытуацыю, людзі мне спачувалі. Нават многія з тых, хто тады выходзіў з аблвыканкаму на абед, пачуўшы маю гісторыю, раілі не здавацца і дамагацца праўды. Мяне заўважылі турысты і таксама падыходзілі, цікавіліся, спачувалі.

— Тым ня менш вас забралі ў пастарунак і адразу асудзілі...

— Так, але міліцыянты, калі я расказаў ім сваю гісторыю, таксама браліся за галаву і казалі, што я зрабіў слушна. Аднак у Ленінскім РАУСе на мяне склалі пратакол і адвезьлі ў суд.

— У судзе, зыходзячы з таго, што вы атрымалі штраф у 30 мінімалак, спачуваньня вам не было?

— Судзьдзя сапраўды шмат часу на мяне не патраціла. Запыталася, ці прызнаю я сваю віну. Я адказаў, што віну прызнаю, але іначай у гэтай сытуацыі паводзіць сябе ня мог. Яна выйшла, а потым празь нейкі час зачытала рашэньне.

— Крыўдна было ў той момант?

— Я ні пра якія крыўды тады і ня думаў. І ў судзе нават заявіў, што калі ня будзе ніякай рэакцыі на мае заявы з боку аблвыканкаму, то зноў пайду туды пратэставаць. А тое, што мне вынесьлі такі штраф, нягледзячы на маю чалавечую сытуацыю, то думаю, што ў нашых судах ім даўно ўжо на ўсіх напляваць. Калі б яны там маглі зразумець чалавека і ягоную бяду, то ніхто б зь іх там ужо не працаваў, усе пазвальняліся б, а так усе працуюць.

— Ну вы ўсё ж на нешта спадзеяцеся, калі даслалі зварот старшыні аблвыканкаму?

— У мяне ўсё ж цепліцца надзея, што там разьбяруцца з сытуацыяй, выправяць становішча і пакараюць начальніка ўпраўленьня аховы здароўя. Мне зразумела, што тыя лекары, якія паказвалі мне паперкі, па сутнасьці, ні ў чым не вінаватыя, іх замучылі чыноўнікі гэтымі ўказамі і рашэньнямі, паводле якіх яны ўжо ня могуць аказаць чалавеку першую мэдыцынскую дапамогу. Я лічу, што ва ўсім гэтым вінаватыя менавіта чыноўнікі і сыстэма, якая робіць усіх нас залежнымі ад паперак. Я пляную яшчэ запісацца на асабісты прыём да старшыні аблвыканкаму і пра ўсё распавесьці яму, каб выправіць сытуацыю. Я не хачу, каб празь нейкую паперку ў нашай краіне маглі адмовіць у мэдычнай дапамозе каму б там ні было. Бо на месцы майго дзеда можа апынуцца кожны грамадзянін Беларусі.

***

Анатоль Мышкевіч быў пакараны 2 траўня штрафам у трыццаць базавых велічынь (690 рублёў) за пікет на вуліцы Ажэшкі ў Горадні, перад будынкам аблвыканкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG