Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы вырашыў стварыць Устаноўчы сход, апазыцыя гаворыць пра дзяржаўны пераварот


Пратэсты апазыцыі супраць Нікаласа Мадуры ў Каракасе
Пратэсты апазыцыі супраць Нікаласа Мадуры ў Каракасе

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура заявіў 1 траўня аб скліканьні Устаноўчага сходу «для рэфармаваньня дзяржавы і прававой сыстэмы», перадае вэнэсуэльскі тэлеканал El Nacional.

Сход «рабочай клясы, а не элітаў» мае атрымаць паўнамоцтвы ў зьмене Канстытуцыі, хоць зьмены ў Канстытуцыю можа ўносіць толькі парлямэнт краіны. У лік удзельнікаў сходу мае ўвайсьці да паловы дзейнага парлямэнту, але народ будзе выбіраць менш за палову складу сходу, удзел у сходзе палітычных партыяў забаронены. Верагодна, Устаноўчы сход можа склікацца на замену дзейнага парлямэнту, у якім большасьць мае апазыцыя.

Апазыцыя Вэнэсуэлы, як перадае BBC, ня згодная з такім фарматам рэформаў: лідэр апазыцыі Энрыке Капрылес назваў рашэньне пра Нацыянальную асамблею канстытуцыйным пераваротам. Дэпутат Нацыянальнай асамблеі Хуліё Борхес назваў скліканьне Ўстаноўчага сходу «чарговай спробай пазбавіць вэнэсуэльцаў права голасу».

Народ адрэагаваў на заяву Мадуры чарговай хваляй пратэстаў, перадае Reuters. Мірныя пратэстоўцы зноў выйшлі на вуліцы з нацыянальнымі сьцягамі і пустымі рондлямі, але шэраг дэманстрантаў увязаўся ў сутыкненьні з паліцыяй. Дэманстранты ўжывалі «кактэйлі Молатава» і кідалі камяні ў паліцыянтаў, паліцыя ўжыла супраць іх сьлезацечны газ і вадамёты.

Бунты ў Вэнэсуэле: Як краіна зь велічэзнымі запасамі нафты апынулася ў рэцэсіі

Пратэсты справакаваў эканамічны крызіс, дэфіцыт прадуктаў харчаваньня і гіпэрінфляцыя. З пачатку красавіка ў пратэстах загінула каля 30 чалавек, сотні пацярпелі, больш за паўтары тысячы затрыманыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG